Усе навіны

Паўлаў аб 2:0 з «Нафтанам»: «Прапусцілі б гол, то было б хваляванне. А так, быццам, давялі пачатае да лагічнага завяршэння».

25 траўня, 13:12

Галоўны трэнер «Віцебска» Аляксандр Паўлаў пракаментаваў перамогу над «Нафтанам» (2:0) у 10-м туры вышэйшай лігі.

- Добрая, і вельмі эмацыйная гульня. Адзінае, што бянтэжыла, як кажуць вопытныя таварышы, то лік 2:0, які з'яўляецца вельмі слізкім. Прапусцілі б гол, то было б хваляванне. А так, здаецца, давялі пачатае да лагічнага завяршэння. Трэба быць крыху не такімі марнатраўнымі ў завяршальнай стадыі. А так, вельмі добрая гульня. Я думаю, што заўзятарам спадабалася.

- Аляксандр Валерʼевіч, 10-ы тур, а гэта значыць, што траціна чэмпіянату згуляная. Падвядзіце калі ласка прамежкавыя вынікі.

- Калі так аналізаваць, то не задаецца ў нас пачатак чэмпіянату. Гэта ўжо пры мне другі год. Неяк трэба мне на гэта рэагаваць у далейшым. А тое, што мы забраліся бліжэй і вышэй да нашых лідэраў, я думаю, што будзе толькі ўсяляць упэўненасць у рабят, ім будзе лягчэй набіраць ачкі ў наступных матчах, чым караскацца і бадацца ў зоне вылету ці ў сярэдзіне. У той жа час, гэтае месца прымушае спрабаваць лезці яшчэ вышэй. Я разумею, што гледачам хацелася б больш яскравых гульняў, але пакуль набіраем ачкі, а гэта самае галоўнае. Пасля таго, як мы правялі год у першай лізе, то нашае месца і колькасць ачкоў на дадзены момант выдатны вынік.

- Якія гульні на самым старце сезона вам запомніліся, а якія расчаравалі?

- Кожная гульня па-свойму нечым запамінаецца. Можна ўспомніць паражэнне 2:3 ад «Славіі», ці 1:4 ад «Іслачы», усё запомнілася, і, як заўсёды, усё адмоўнае.

- Што па складзе ў нашай каманды і калі прыйдзем у аптымальную форму?

- Думаю, што да канца першага круга мы ўсіх на ногі падымем, вернем тых, хто траўміраваны, хто ў войскі. Прынамсі тая колькасць людзей, якая можа ўзмацніць гульню ў другім тайме – прыбавіцца.

- Чым абумоўлена зваротная замена Вадзіма Ткачэнка?

- Яна была зроблена ў выхаваўчых мерах, – сказаў Паўлаў.