Усе навіны

Павел Савіцкі: «Зубовіч – па-любому машына»

25 траўня, 23:06

Нападаючы «Нёмана» Павел Савіцкі падзяліўся меркаваннем аб фінале Кубка Беларусі супраць «Іслачы» (2:0).

– У «Нёмане», сярод тых, хто выходзіў сёння на поле, на вашым рахунку было больш за ўсіх фіналаў. Вы іх усё памятаеце?

– Так, вядома. Усе чатыры. З «Нёманам», на жаль, да гэтага былі толькі прайграныя. Таму, канешне, вельмі хацелася перамагчы. І было перад гульнёй прадчуванне, што ўсё атрымаецца на гэты раз – і спраўдзілася! Ранейшыя паразы ніяк не ўціскалі, бо колькі гадоў таму яны былі…

– У чэмпіянаце вы гэтай вясной «Іслачы» саступілі, але сёння атрымалася зусім іншая гульня. Што змянілася?

– Газон. Сёння быў добры натуральны газон. Канешне, гэта не самы вызначальны фактар, але таксама важны. Таму на штучнай траве гульня была такая – бум-бам. Прывезлі тады самі сабе пенальці, і яшчэ з аўта нам закінулі…

А тут можна было гуляць хутчэй і больш камбінацыйна. Плюс абсалютна топавая падтрымка трыбун!

– Колькі з гэтай групы падтрымкі было вашых сяброў-сваякоў?

– Ой, хапала! Скажу нават, што ўсе, хто тут быў з Гродна – усе мае!

– Наколькі быў важны фактар першага гола?

– Я нават не бачыў, як мы забівалі, таму што мяне збілі. Але Зубовіч – па-любому машына. Не ведаю, наколькі гэта было важна, што мы забілі першымі, але нават другі гол не зняў усе пытанні.

Зубовіч, дарэчы, зноў прыгажун, выдатную перадачу аддаў. Аднак гуляць трэба было да канца, што паказала і гульня, бо ў «Іслачы» яшчэ быў момант у канцоўцы, калі Бялоў выратаваў. Нездарма кажуць, што 2:0 – гэта самы слізкі лік, так што нервы былі да фінальнага свістка, – сказаў Савіцкі.