Усе навіны

Дэ Дзербі, Франк, Мараска і Макена ў фінальным спісе кандыдатаў на пасаду трэнера «Чэлсі»

26 траўня, 16:10

У фінальны спіс кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера «Чэлсі» ўвайшлі Раберта Дэ Дзербі, Томас Франк, Энцо Мареска і Кіран Макена, паведамляе журналіст Sky Sport Каве Солкехол.

У гэтым спісе прысутнічаюць імёны адмыслоўцаў, якія працавалі ці працуюць з ангельскімі камандамі і дасягнулі адчувальнага поспеху ў працы з імі. Клуб хоча прызначыць дынамічнага, прагрэсіўнага трэнера, які адказвае ідэалогіі каманды і мае досвед працы ў Англіі.

У спісе таксама адсутнічае былы трэнер «Барселоны» Хаві, які нядаўна быў звольнены з каталонскага клуба.

З пералічаных журналістам імёнаў, толькі ў Раберта Дэ Дзербі няма дамовы з камандай на наступны год. «Брайтан» раней абвясціў, што спецыяліст пакіне каманду пасля заканчэння сезона.

Кантракт Томаса Франка з «Брэнтфардам» разлічаны да лета 2027 года.

Раней журналіст Джанлука Ды Марцыо паведамляў, што трэнер «Лестэру» Энцо Мареска з'яўляецца асноўным кандыдатам на працу ў «Чэлсі».

Акрамя «Чэлсі», цікавасць да трэнера «Іпсвіча» Кірана Макены праяўляе «Манчэстэр Юнайтэд». Паведамлялася, што трэнер чакае канчатковае рашэнне клуба ў дачыненні да Эрыка Тэн Хага.