Усе навіны

Ігар Слесарчук: «Шахцёр», на жаль, а, можа, і на радасць, ужо не той, які быў раней. Таму нічыёй мы незадаволеныя»

26 траўня, 21:35

Галоўны трэнер «Смаргоні» Ігар Слесарчук падвёў вынік нічыёй супраць салігорскага «Шахцёра» (2:2).

– Па-першае, хачу сказаць, як прыемна мне сюды прыязджаць. Тут я гуляў. Даўно ўжо гэта было, 22 гады таму сюды прыехаў, калі клуб яшчэ не быў прызёрам. Не набліжаўся нават, але стаў два разы трэцім, Кубак выйгралі з Юрыем Васільевічам (Вяргейчыкам). Кожны раз прыязджаю сюды і вельмі прыемна. Быў тут выконваючым абавязкаў галоўнага трэнера – прайграў. Ну, сёння, нарэшце, як галоўны трэнер, здабыў нічыю. Хоць зноў жа «Шахцёр», на жаль, а, можа, і на радасць, ужо не той, які быў раней. Таму нічыёй мы трохі незадаволеныя. Хоць як складваўся матч... трохі няўдалы графік у нас. Дзесяць дзён паўза выбівае з гульнявога рытму. Рабят папярэджваў што будзе цяжка, плюс сонца, дарога. Усё гэта вылілася ў невысокі тэмп у першым тайме. Мне вельмі не падабалася, як выглядала мая каманда.

У другім тайме страпянуліся, выйшлі з распранальні, страсянуліся, але хуткі гол з намі згуляў злы жарт. Футбалісты паверылі, што гэтая перамога сама прыйдзе, што не трэба прыкладаць звыш намаганняў. «Шахцёр» нам паказаў, што найменшая расслабленасць караецца. Няўважлівасць у двух гульнявых сітуацыях на стандартным становішчы прывяла адна да пенальці, другая да голу пасля дагулёўкі. Дзякуй хлопцам, якія выйшлі на замену. Малайцы, пераламалі ход паядынку. Лічу, што заслужаная баявая нічыя.

– Што здарылася з камандай пасля забітага мяча?

– Гэта, на жаль, узровень. Я ўжо казаў, што майстравіты футбаліст гэта той, які робіць простыя рэчы са стоадсоткавай дакладнасцю, а не той, хто адзін з дзесяці трапляе ў дзявятку. Гэты ўзровень майстэрства выяўляецца ва ўсім. У канцэнтрацыі, ва ўвазе, у дакладнасці, у выканаўчасці. Вось гэта маленькае варʼяцтва, якое магло прывесці да пройгрышу, але малайцы, зраўнялі. У мінулым матчы з «Іслаччу» дапусцілі шмат грубых памылак у абароне. Сёння іх не было. Малайцы, пачулі, патрэніравалі ледзь-ледзь. Хлопцы і да гэтага разумелі, як трэба дзейнічаць, але гэтая найменшая расканцэнтрацыя і няўважлівасць прыводзіць да банальных памылак, якія нядобра дапускаць у Вышэйшай лізе, – сказаў Слесарчук.