Tribuna/Футбол/Блогі/Буфону – 45! Усё яшчэ выдае топ-матчы і не пакідае надзей згуляць у Серыі А (а «Парма» мае шанцы)

Буфону – 45! Усё яшчэ выдае топ-матчы і не пакідае надзей згуляць у Серыі А (а «Парма» мае шанцы)

Чым жыве легенда.

28 студзеня 2023, 20:20
Буфону – 45! Усё яшчэ выдае топ-матчы і не пакідае надзей згуляць у Серыі А (а «Парма» мае шанцы)

Джанлуіджы Буфон дэбютаваў у Серыі А больш за 27 гадоў таму (19 лістапада 1995), калі італьянскі чэмпіянат быў наймацнейшым на планеце. У гэта складана паверыць, але легендарны варатар працягвае гуляць. Летам 2021 года чэмпіён свету вярнуўся ў родную «Парму», якая вылецела з Серыі А, каб дапамагчы клубу вярнуцца ў эліту. Пакуль яму гэта не ўдалося, але Джыджы працягвае час ад часу здзіўляць Італію крутымі сэйвамі.

28 студзеня ў Буфона дзень нараджэння. Віншуем легенду і расказваем пра тое, у якой ён зараз форме і ці плануе спыняцца.

Выдаў фенаменальны матч на «Сан-Сіра», не пакідае надзей вярнуцца ў Серыю А

У мінулым сезоне «Парма» заняла 12-е месца ў Серыі Б, а летам на месца галоўнага трэнера замест Джузэпэ Якіні прыйшоў Фабіа Пек'я. Коуч усяго на чатыры гады старэйшы за Буфона, але яны разам перамагалі на маладзёжным Еўра-1996. Цудоўная каманда Чэзарэ Мальдзіні з Нестай, Канавара, Тоці, Дэль Пʼера і Вʼеры перамагла ў фінале Іспанію. 18-гадовы Буфон прасядзеў увесь турнір на лаўцы (асноўным быў Анджэла Пагота), а Пекʼя выходзіў на замены ў трох матчах.

Амерыканскі бізнесмен Кайл Карузэ будуе ў «Парме» амбіцыйны праект. Джыджы верыць у яго, таму летась падоўжыў кантракт да 2024-га. У гэтым сезоне Буфон прапусціў шмат матчаў з-за траўмы падкаленнага сухажылля, атрыманай у пачатку сезона. У восеньскай частцы ён згуляў усяго ў трох паядынках. Галоўныя канкурэнты – Леандра Чычысола (11 прапушчаных у 13 матчах) і Эдаарда Корві (4 у 5).

У 2023 годзе Джыджы згуляў пакуль толькі адзін матч у чэмпіянаце, у якім прапусціў чатыры разы ад «Бары», праўда, два з іх з пенальці (ад Валіда Чэдзіры, якога вы маглі бачыць на ЧС у складзе Марока).

Вельмі важным паядынкам у новым годзе для «Пармы» быў матч Кубка Італіі супраць «Інтэра». Для Буфона гэта была 50 гульня на «Сан-Сіра», пры тым што ён ніколі не выступаў за міланскія каманды. 44-гадовы галкіпер паказаў, што ўсё яшчэ можа выдаваць топавыя паядынкі. Ён некалькі разоў ратаваў сваю каманду, у тым ліку і ў моманце з ударам Эдзіна Джэка на 90-й хвіліне, тады здалося, што Джыджы імгненна скінуў гадоў 20 – неверагодна склаўся, каб злавіць мяч. Але «Парма» усё ж саступіла ў дадатковы час.

Цікава, што пасля паядынку з'явілася інфармацыя, маўляў, Паола Мальдзіні асабіста звяртаўся да галкіпера, каб абмеркаваць магчымасць паўгадавой арэнды ў стан «Мiлана», калі стала ясна, што асноўны брамнiк Майк Меньян выбыў надоўга. Але, здаецца, гэта ўсё ж быў фейк.

Цяпер «Парма» ідзе на 7-м месцы ў Серыі Б, да другога, якое дае аўтаматычны пропуск у вышэйшы дывізіён, дзевяць ачкоў. Але каманды, якія занялі па выніках сезона месцы з 3-га па 8-е, будуць гуляць у плэй-оф за яшчэ адно месца ў Серыі А. Такім чынам, ёсць спадзяванні, што мы яшчэ ўбачым легендарнага кіпера ў эліце італьянскага футбола.

Перад пачаткам сезона Буфон казаў журналістам: «Апошнія 10 гадоў я думаю скончыць кар'еру, але пачынаю новы сезон. Магчыма, я буду гуляць да 55 гадоў. Вопыт падказвае мне, што я магу не застацца ў футболе пасля заканчэння кар'еры, таму хачу атрымліваць асалоду».

Агент галкіпера Сільвіяна Марціна нядаўна заявіў аб тым, што, нягледзячы на кантракт да 2024 года, яго кліент летам зможа сам вырашаць: працягваць свае выступленнi або завяршыць карʼеру. Аднак ён упэўнены – калі «Парма» зможа атрымаць пуцёўку ў Серыю А, то яго кліент сапраўды застанецца яшчэ на сезон.

Збірае калекцыю футболак бацькоў і сыноў, больш за трэць аднаклубнікаў не нарадзіліся, калі Джыджы дэбютаваў у Серыі А

Буфон не ўнікальны ў сваім жаданні гуляць, пакуль ёсць сілы. Галкіпер Марка Балота выступаў за «Лацыа» ў Серыі А, калі яму было 44 гады і 58 дзён. Гэты рэкорд да гэтага часу нікім не пабіты, але кар'еры Джыджы і Марка не ідуць ні ў якое параўнанне. Але калі пармезанцы выйдуць у Серыю А, то і вечны рэкорд Марка ўпадзе.

Варта згадаць, што Буфону ўдалося згуляць супраць сына свайго партнёра па «Парме» 90-х Энрыка Кьезы. «Калі ўпершыню выйшаў супраць каманды Федэрыка, то быў збіты з панталыку. Падумаў, што час ужо канчаць», – успамінаў дасведчаны галкіпер. Той матч супраць «Фіярэнціны» адбыўся яшчэ ў 2016-м, а Джыджы не толькі працягвае гуляць, але і згуляў з Федэрыка разам за «Юве». У «ПСЖ» італьянец быў у камандзе з сынам Джорджа Веа Цiмацi, а ў 2020 годзе згуляў супраць Даніэле Мальдзіні – і нават абмяняўся з ім футболкамі. «У маёй калекцыі ёсць футболка Энрыка Кьезы і яго сына, Джорджа Веа і яго сына, а зараз Мальдзіні і яго сына. Я чакаю іх унукаў», – іранізаваў Джыджы.

Каб зразумець вялікасць Буфона, дастаткова ўспомніць, што самы малады чэмпіён свету 2006 года Даніэле дэ Росі завяршыў кар'еру ў 2020 годзе. Даўжэй за ўсё сярод калегаў па зорнай «Парме» пратрымаўся Хуан Себасцьян Верон, які завязаў у 2017 годзе.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты