Tribuna/Футбол/Блогі/«А я хачу, каб вы былі першыя». «Дынама» выканала загад Лукашэнкі, хай і са спазненнем

«А я хачу, каб вы былі першыя». «Дынама» выканала загад Лукашэнкі, хай і са спазненнем

Начальнік будзе задаволены?

26 лістапада, 15:11
15
«А я хачу, каб вы былі першыя». «Дынама» выканала загад Лукашэнкі, хай і са спазненнем

3 верасня 2021 года беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка ў суправаджэнне цэлай світы розных беларускіх спартыўных чыноўнікаў прыехаў урачыста адкрываць шматпакутны стадыён «Дынама-Юні». Арэну ў свой час збудаваў бос «Дарыды» Уладзімір Дзялендзік, пасля яе выкупіў бос «Дынама» Юры Чыж і пачаў рэканструкцыю, але скончылася яна ўжо без ягонага ўдзелу і ўвогуле без яго ў футболе. Працэс расцягнуўся на дзевяць гадоў.

Як звычайна бывае на такіх мерапрыемствах, Лукашэнка выступіў з прамовай, і, як звычайна, шмат чаго ў ёй наплёў. Напрыклад, «мудра» заўважыў, што дзеля поспеху на полі футбалісты мусяць «спаць з мячом». А яшчэ адзначыў: «Калі ў вас перад вачыма зялёны колер (я маю на ўвазе долар; можа быць, ружовы – еўра), вы ніколі не станеце футбалістамі і спартсменамі». Ну так, з грашыма ў беларускім футболе ў апошнія гады не надта добра.

Але куды больш важнымі былі іншыя словы. Чалавек, чые хацелкі з усіх сіл імкнуцца выконваць больш дробныя чыноўнікі, раптам даў наказ гульцам «Дынама»:

«У гэтым годзе трэцяе месца прымальна, ніжэй – нельга. А ў будучым годзе вы павінны быць чэмпіёнамі. Вы павінны ўзварухнуць увесь футбол – вось на што я разлічваю», – сказаў тады Лукашэнка.

Таксама палітык выказаў спадзеў, што «Дынама» (не вельмі зразумела, чаму менавіта яно) стане «паравозам» усяго беларускага футбола.

«І БАТЭ, і «Гомель» і «Шахцёр» будуць іншыя. Яны не дазволяць «Дынама» быць першымі. Так яны думаюць. А я хачу, каб вы былі першыя. Для таго каб вы, як паравоз, пацягнулі за сабой гэтыя футбольныя вагоны», – дадаў дыктатар.

У сезоне-2021 «Дынама» выканала «задачу-мінімум» і завяршыла чэмпіянат на трэцім, адстаўшы на 13 пунктаў ад чэмпіёна таго года «Шахцёра» і на тры ад БАТЭ, які фінішаваў другім.

Аднак у наступным сезоне выйграць чэмпіянат і парадаваць Лукашэнку не атрымалася. Хоць падапечныя на той момант Арцёма Чалядзінскага практычна ўвесь сезон прэтэндавалі на чэмпіёнства, у канцоўцы яны аказаліся ніжэй за «Шахцёр», «Энергетык-БДУ» і БАТЭ. З гэтай нагоды Лукашэнка зладзіў разнос рэжымнаму міністру спорту Сяргею Кавальчуку, які, уласна, і апякуецца над дынамаўскім праектам.

Пасля гэтага беларускі футбол сапраўды ўзварухнуўся, праўда, спачатку не «Дынама» было таму прычынай. «Шахцёр» і «Энергетык-БДУ» патрапілі пад раздачу за свае каламутныя схемы і забыліся на медалі. БАТЭ больш за ўсіх пацярпеў праз чорныя спісы, якія былі створаныя з ініцыятывы Кавальчука. І іншыя клубы вышэйшай лігі адчулі на сябе гэты дыскрымінацыйны падыход, але толькі не «Дынама» – там са складам быў поўны парадак, як і з фінансамі. А вось Барысаву план развіцця, які дазваляе атрымліваць грошы ад дзяржаўных прадпрыемстваў, дагэтуль не падпісалі (так, і тут усё залежыць ад волі Кавальчука).

Сёння чыноўнікі могуць пачувацца задаволенымі. Іх жаданне споўнілася, няхай і з невялікім спазненнем.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты