Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Кавальчук перастаў лезці да гульцоў і трэнераў «Дынама» – і мінчане ідуць да чэмпіёнства, а яшчэ чакаюць рашэння з зарплатным збоем

Кавальчук перастаў лезці да гульцоў і трэнераў «Дынама» – і мінчане ідуць да чэмпіёнства, а яшчэ чакаюць рашэння з зарплатным збоем

«Міністр» лаяў за «Смаргонь», але не за «Жалезнічар».

Аўтар — bytribuna com
31 кастрычніка, 08:00
Кавальчук перастаў лезці да гульцоў і трэнераў «Дынама» – і мінчане ідуць да чэмпіёнства, а яшчэ чакаюць рашэння з зарплатным збоем

Мінскае «Дынама» рыхтуецца стаць чэмпіёнам Беларусі – упершыню з 2004 года. Пяціачковы адрыў ад «Нёмана» пры матчы ў запасе (дома з непікавым БАТЭ) – выдатны расклад для таго, каб забіраць золата і, хоць і са спазненнем на год, выконваць запаветнае жаданне Аляксандра Лукашэнкі.

Пры гэтым у 2023-м у «Дынама» ціха і спакойна – нават дзіўна наколькі. У адрозненне ад мінулага, цяперашні сезон праходзіць без якіх-небудзь скандалаў або навін пра разносы з боку «куратара» клуба, рэжымнага «міністра спорту» Сяргея Кавальчука.

«Трыбуна» расказвае, што змянілася ва ўнутранай кухні мінскага клуба.

Кавальчук у 2022-м увесь час лез на базу і ў раздзявальню, зараз – дзве сустрэчы за сезон

Уплыў Кавальчука на жыццё ў «Дынама», якое «міністр» хацеў убачыць чэмпіёнам, у мінулым сезоне быў вельмі вялікі. Так, паводле нашых даных, чыноўнік Лукашэнкi актыўна ўмешваўся ў працу трэнерскага штаба – яго кіраўнік Арцём Чалядзінскі практычна пасля кожнага тура ездзіў на сустрэчу з Кавальчуком і тлумачыў таму свае гульнявыя рашэнні, узамен атрымліваючы ўказанні, як трэба працаваць. Улетку, пасля вылету каманды з еўракубкаў, «міністр» мог адправіць Чалядзінскага ў адстаўку – выратавалі толькі правалы астатніх удзельнікаў ЕК з Беларусі і яшчэ жывая чэмпіёнская гонка.

Акрамя таго, Кавальчук неаднаразова бываў на базе ў Стайках, дзе ладзіў разносы камандзе за страты ачкоў. Напрыклад, у жніўні пасля нулявой нічыёй са «Славіяй» Кавальчук прыехаў з патрабаваннем, каб каманда абавязкова абыграла ў наступным матчы «Белшыну» (аднак зноў здарыліся 0:0). Чыноўнік мог зайсці і ў раздзявальню пасля паядынкаў. З часам з'яўленне Кавальчука ў калектыве на трэніроўцы ці пасля матча ўвогуле перастала кагосьці здзіўляць.

Улетку 2022-га Кавальчук не дазволіў «Дынама» падпісаць Ігара Стасевіча – запатрабаваў «пакаяльнага відэа», а гулец, пагадзіўшыся, падчас здымак адхіліўся ад сцэнарыя, пасля чаго «міністр» і забараніў пераход. А вось Аляксандр Сачыўка перад пачаткам мінулага сезона «літасцівае прабачэнне» тым жа спосабам здолеў атрымаць – але гэтага для поспеху каманды не хапіла.

Перад сезонам-2023 Кавальчук праводзіў сустрэчу з кіраўніцтвам «Дынама», дзе пазначаліся планы і задачы на гульнявы год. Па словах нашых крыніц, звыкла гучалі словы «трэба», «абавязаны» і таму падобнае – а гаворка ішла ў першую чаргу пра чэмпіёнства.

Аднак, на здзіўленне нашых суразмоўцаў, якія не бяруцца гадаць наконт прычын, рыторыка рэзка памякчэла на працягу сезона. А Кавальчук перастаў ездзіць на базу «Дынама» – па нашых даных, з пачатку чэмпіянату «міністр» наведваўся туды ўсяго два разы. Першы – 10 ліпеня: напярэдадні вылету на стартавы матч з «Жалезнічарам» у Лізе канферэнцый Кавальчук зладзіў камандны сход, дзе даваў наказы і распавядаў, як важна перамагчы «для краіны» і гэтак далей. Заадно Кавальчук адзіны раз за сезон выказаў сваю незадаволенасць вынікам – узгадаў пройгрыш «Смаргоні» (1:3). Праўда, без жорсткіх разносаў – проста сказаў, што ў барацьбе за чэмпіёнства так гуляць нельга.

Нягледзячы на пажаданні «міністра», з баснійцамі «Дынама» не справілася (2:2, 1:2) і бясслаўна вярнулася на Радзіму, пасля чаго Кавальчук зноў наведаў каманду. Але на гэтай сустрэчы не было нейкіх наездаў за вылет і асабістых абвінавачанняў у бок гульцоў і трэнераў. Кавальчук нечакана заявіў, што «Дынама», маўляў, старалася, змагалася, але не пашанцавала – і пра гэта трэба проста забыцца і вяртацца ў барацьбу за чэмпіёнства ў Беларусі.

У раздзявальню «Дынама» ў гэтым сезоне Кавальчук, хаця пару разоў парываўся, не заходзіў зусiм. Не было і выклікаў на «дыван» Вадзіма Скрыпчанкі – і наогул давер да яго вялікі, таму чыноўнік у справы трэнерскага штаба не лезе. Больш за тое, як удалося даведацца, і кіраўніцтва «Дынама» сёлета атрымлівае куды больш свабоды ў сваіх дзеяннях, чым у сезоне-2022. Увогуле, Кавальчук, застаючыся «куратарам» ФК, значна прыслабіў хватку і ціск.

Прэміі будуць толькі пры чэмпіёнстве

Па інфармацыі «Трыбуны», апублікаванай падчас сезона-2022, гульцы «Дынама» атрымлівалі заробкі своечасова – але без прэміяльных. Тады клубныя босы абяцалі выплаціць іх у поўным памеры да канца года – і, па нашых даных, стрымалі слова.

У сезоне-2023 гульцы і трэнеры звычайна таксама атрымліваюць прапісаныя ў кантрактах грошы своечасова. Праўда, як удалося даведацца, нядаўна на працягу пары месяцаў у належны тэрмін на карткі прыходзіла толькі частка патрэбных сум. Аднак кіраўніцтва клуба мае намер закрыць усе «хвасты» у бліжэйшы час.

Што да памераў заробкаў, то, паводле нашых даных, некалькі чалавек у «Дынама» атрымліваюць на ўзроўні ліміту для «зборнікаў» (складае 18 тысяч рублёў з невялікім). Напрыклад, капітан каманды абаронца Сяргей Паліцевіч, яго калега па амплуа Максім Швяцоў і форвард Уладзімір Хвашчынскі ў месяц маюць па 16200 рублёў (крыху больш за 5 тысяч долараў). Чарнагорскі легіянер Душан Бакіч (па 9 галоў і асістаў у цяперашнім сезоне) мае каля васьмі тысяч долараў, што вышэй за ўсе ліміты – але ў «Дынама» сіламі Кавальчука бываюць асаблівыя гульцы. Аднак у большасці сваёй зарплата ў гульцоў не перавышае стандартнага ліміту (ён зараз складае 6,8 тысячы рублёў).

А вось прэміяльных за канкрэтныя матчы ў «Дынама» ў гэтым сезоне няма. Ёсць толькі абяцанні па выплаце пэўных бонусаў за дасягненне задачы на сезон – гэта значыць узяцця залатых медалёў. Пры гэтым невядома, пра якую суму ідзе размова.

Фота: dinamo-minsk.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты