Tribuna/Футбол/Блогі/Каламутны экс-менеджар «Шахцёра» зноў усплыў побач з белфутболам – на яго канале насмяшылі ўдзельнікаў «дагаварнякоў»

Каламутны экс-менеджар «Шахцёра» зноў усплыў побач з белфутболам – на яго канале насмяшылі ўдзельнікаў «дагаварнякоў»

І распавялі пра прапанову голаму Эбонгу.

Аўтар — bytribuna com
1 снежня, 08:00
5
Каламутны экс-менеджар «Шахцёра» зноў усплыў побач з белфутболам – на яго канале насмяшылі ўдзельнікаў «дагаварнякоў»

У 2018-м «Шахцёр» даў працу чарговым замежнікам – пасля слабога старту сезона галоўным трэнерам клуба стаў расiянiн Сяргей Ташуеў, а спартыўным дырэктарам быў прызначаны агент коўча, расiянiн, які асеў у Латвіі, Міхаiл Лебедзеў. Найбольш вядомай дэталлю яго біяграфіі была ўзнагарода ў 840 тысяч еўра за трансфер коштам 50 тысяч (справа была ў 2012-м у расійскай «Аланіі»). Пры гэтым асоба новага менеджара была ахутана тайнай – ён не фігураваў у спісе кіраўнікоў на сайце клуба, а, пагадзіўшыся на інтэрв“ю з Аляксандрам Івуліным, пры сустрэчы заявіў, што гутарку нельга запісваць і публікаваць нібыта з-за жадання кіраўніка «Беларуськалія», цяпер падсанкцыйнага Івана Галаватага.

Яшчэ да прызначэння на пасаду ў «Шахцёры» Лебедзеў як агент прывёў туды дваіх гульцоў – руандзiйца Патрыка Сібаману, які ў выніку згуляў за клуб лічаныя хвіліны, і калумбійца Рохера Каньяса, які выступаў нядрэнна, але ў жніўні без папярэджання з“ехаў з клуба і не вярнуўся. А вясной 2019-га пазбавіўся пасады і Лебедзеў – гэтак жа ціха, як і атрымаў. За ўвесь тэрмін працы ў «Шахцёры» агент-функцыянер так ні разу ні пра што і не выказаўся.

Ужо пазней аказалася, што Каньяс і Сібамана значыліся і сярод кліентаў аднаго агенцтва з каранямі ў Латвіі. А прызначэнне Лебедзева ў «Шахцёр» стала выглядаць звяном аднаго вялікага ланцуга вакол салігорскага клуба (з невялікім зачэпам «Тарпеда-БелАЗ»), галоўным у якім аказваўся яшчэ адзiн расійскі агент з Латвii Яўген Култаеў. Расследаванне аўтарства Івуліна яшчэ ў 2020-м паказала, што Култаеў фактычна кіруе ўсімі працэсамі ў стане «гарнякоў», пры гэтым не маючы ніякай афіцыйнай пасады.

У 2023-м роўна такія ж фармулёўкі сталі ўжываць «сілавікі» Лукашэнкі, якія праз шмат гадоў раптам усё ж такі пачалі «раскручваць» каламутныя «схемы» вакол клуба, які быў абвінавачаны ў дамоўным характары найважнейшых матчаў у чэмпіёнскім сезоне-2022 (тытул па выніку адабралі). Як стала вядома «Трыбуне», Култаева хацелі кiнуць за краты, але не змаглі з-за таго, што агент знаходзіўся ў Латвіі і ў Беларусь не прыехаў (напрыклад, спартдыра клуба Уладзіміра Нідэргауса змаглі выбавіць з Казахстана). Тады «сілавікі» пасадзілі ў СІЗА сына Култаева – Яўген Култаеў-малодшы рабіў для «Шахцёра» медыякантэнт і быў «кур“ерам» наяўных грошай, якія «шэрымі» спосабамі выводзіў бацька. З таго часу пра лёс сына нічога не вядома.

Лебедзева ўсё гэта нібыта ніяк не тычылася – ён працягваў займацца агенцкай дзейнасцю, пра што перыядычна нагадваў у сваім Instagram. А летам 2022-га ўспомніў пра «Шахцёр» – павіншаваў з нічыёй у адборы ЛЧ з «Марыбарам» даўняга сябра Ташуева. А самым дарагім, паводле Transfermarkt, кліентам Лебедзева заставаўся гулец зборнай Беларусі і «Астаны» Макс Эбонг, якога агент падпісаў якраз у «Шахцёры». У чэрвені 2023-га «Трыбуна» паспрабавала атрымаць у Лебедзева каментарый пра будучыню гульца, які забуксаваў у Казахстане, але Міхаіл не адказаў на званкі і паведамленні, прачытаўшы апошнія.

Аднак увосень 2023-га Лебедзеў зноў усплыў побач з беларускім футболам – абвясціў пра запуск YouTube-канала, дзе паабяцаў апавяданні пра побыт футбалістаў і іншыя аспекты «ўнутранай кухні». Першы выпуск з Эбонгам можна было растлумачыць менавіта сувяззю гульца і агента, але ў другім галоўным героем аказаўся яшчэ адзін беларускі футбаліст Захар Волкаў, а ў трэцім кампанію гэтых дваіх дапоўніў яшчэ адзін іх зямляк Кірыл Пячэнін. Так, усе гэтыя ігракі нарадзіліся і да пэўнага моманту раслі ў Віцебску.

Вядучы канала, падпісаны ў сацсетках як Філіп Філіповіч, мяркуючы па ўсім, калісьці таксама займаўся ў адной школе з пералічанымі гульцамі. Філіпа Лебедзеў называе сваім сябрам – як і ўсіх герояў канала. А назвалі яго «Игрочишка» – па тлумачэнні агента, таму што «футбалісты адзін аднаго часта так падцкоўваюць і называюць». І, трэба сказаць, герояў канала «падцкоўваць» ёсць за што – добра Эбонг, які проста відавочна перасядзеў у «Астане», але Волкаў і Пячэнін былі замяшаныя ў дамоўных матчах: Захара ў гэтым абвінавацілі афіцыйна і далi бан на два гады, а Кірыла «адмазаў» Уладзімір Базанаў. Цяпер Пячэнін патрапіў у новы скандал – быў выведзены са складу расійскага «Арэнбурга» па абвінавачванні ў «непрыстойных паводзінах».

За восень на канале выйшла тры відэа. У першым Філіповіч лятаў у Казахстан пагаварыць з Эбонгам – а каля чвэрці з двухгадзіннага відэа было прысвечана Лебедзеву. Спачатку Макс распавёў, як пазнаёміўся з агентам – аказалася, у «Шахцёры» тагачасны спартдыр нагнаў гульца з прапановай падпісаць кантракт у момант, калі Эбонг «выйшаў з душа голы, у ручніку». Таксама гулец (на пару з вядучым) расхваліў агента і назваў яго сваім сябрам і «топавым мужыком», з якім «кожны матч разбіраецца, ну, так, павярхоўна, насамрэч». А потым разгаварыўся на камеру і сам Лебедзеў – заявіў пра «прадметную цікавасць» да Эбонга ад некалькіх клубаў з Турцыі і Расіі, а сваю працу назваў блізкай да настаўніцтва, заявіўшы, што складаецца яна «больш у тым, каб кансультаваць, дапамагаць развівацца гульцу», у тым ліку пакупкай буцаў. Самі вырашайце, наколькі гэта сімвалічна, але большую частку інтэрв“ю вакол Лебедзева і Філіповіча лётала назойлівая муха.

У назве выпуску з Волкавым гульца з чагосьці называлі «новым беларускім Банучы» (прадстаўце чэмпіёна Еўропы-2020 у «Хімках» з расійскага Д2). Сярод іншага пагаварылі і пра «дагаварняк» – Волкаў, які ў свой час валяў дурня на «судзе», зараз у чарговы раз заявіў, што сам вінаваты, і мае «чорную пляму на ўсё жыццё», але верыць, што «сваімі ўчынкамі і дзеяннямі можна па плямцы белай дадаваць і крышку адбельваць» (тут час нагадаць, што самае гучнае дзеянне Волкава пасля вынясення бана – подпіс за рэжым). А яшчэ гулец чамусьці некалькі разоў паўтарыў, што ад гульні быў адлучаны на паўтара гады – хоць па факце дыскваліфікацыя працягнулася з 6 жніўня 2020 па 23 верасня 2021 года. А рэшта двухгадовага бана наогул як быццам згарэла – першапачаткова казалі пра адтэрміноўку на два гады, але вось яны мінулі, а Волкаў усё яшчэ без праблем гуляе.

Ну а ў трэцім, зборным відэа прыкметней за ўсё выявiлася слабая падрыхтаванасць Філіповіча, якая прасочвалася і да таго. Суразмоўцы засмяялі вядучага і за слова «Зумер» (так быў названы кіпер зборнай Швейцарыі Ян Зомер), і за няведанне таго, што Пячэнін у матчы супраць швейцарцаў аддаў два асісты, і за прыдуманых «3-4 новых для зборнай гульцоў» у тым жа матчы, і за характарыстыку «лёгкі супернік» у адрас зборнай Расіі. У нейкі момант вядучы пераблытаў прозвішчы Карповіч і Карпіцкі, пасля чаго Пячэнін прапанаваў «заканчваць гэта» – але яго не паслухалі, пасля чаго Філіповіч са здзіўленнем даведаўся, што Карпіцкі таксама родам з Віцебска, як і Сяргей Карніленка. А потым яшчэ і памылкова запісаў Пячэніна ў чэмпіёны Беларусі – увогуле, поўны набор, які пастаянна выклікаў смех у тройцы футбалістаў.

Наступны выпуск на канале анансавалі з расіянінам Андрэем Панюковым, які сёлета нямала забіў у ЧБ. А пакуль будзе розыгрыш трох футболак ад кожнага героя відэа – ён павінен прайсці сярод падпісчыкаў канала ў Telegram, дзе зараз 14 чалавек, так што шанцы выйграць у кожнага з іх зусім не дрэнныя.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты