Tribuna/Футбол/Блогі/Брамнік «Нёмана» адмовіў клубу Серыі А. Гэта ён сам так жартуе, але насамрэч выдаў якасны сезон, няхай і з балючымі касякамі

Брамнік «Нёмана» адмовіў клубу Серыі А. Гэта ён сам так жартуе, але насамрэч выдаў якасны сезон, няхай і з балючымі касякамі

Марыць пра мірнае неба над галавой.

Аўтар — bytribuna com
7 снежня, 12:47
Брамнік «Нёмана» адмовіў клубу Серыі А. Гэта ён сам так жартуе, але насамрэч выдаў якасны сезон, няхай і з балючымі касякамі

Медалі – для «Нёмана» дасягненне рэдкае, а таму каштоўнае. Гульцы каманды пасля срэбра-2023 любяць казаць, што іхная моц – у калектыве, але не ў апошнюю чаргу здарыліся медалі дзякуючы гульні кіпера Канстанціна Рудзянка. У 22 матчах ён прапусціў усяго 12 мячоў (у шасці сустрэчах без яго вароты «Нёмана» паразілі 10 разоў), 12 матчаў правёў на «нуль» (больш у ЧБ-2023 няма ні ў каго), а таксама вызначыўся па прасунутай статыстыцы – паводле матэматычнай мадэлі, умоўны брамнік, узровень «дзіравасці» якога дакладна адпавядае ўзроўню небяспекі ўдараў па варотах «Нёмана», прапусціў бы больш, чым Рудзянок, з верагоднасцю ў 88%. Крыху круцейшымі па гэтым своеасаблівым паказніку ў ЧБ аказаліся толькі Сяргей Ігнатовіч з «Шахцёра» і Аляксандр Свірскі з «Іслачы».

Рудзянок вось-вось сустрэне 33-і дзень нараджэння – для ягонай пазіцыі гэта не так і шмат, але пры гэтым «Нёман» для брамніка стаў ужо дзявятым клубам у ЧБ (а быў яшчэ расійскі «Армавір»). Сезон-2023 смела можна называць найлепшым у карʼеры кіпера: асноўным у «вышцы» ён да гэтага быў толькі ў брэсцкім «Дынама» ў 2014-м (ажно 60 прапушчаных мячоў за 28 матчаў, 11-е з 12 месцаў каманды), у мінскім «Тарпеда» ў 2018-м (19 галоў за 15 матчаў, сышоў у «Армавір», пакінуўшы мінчукоў у двух пунктах ад апошняга радка) і ў «Спадарожніку» ў 2021-м (24 галы ў 11 матчах, пасля чаго клуб разваліўся пасярод сезона). Цяпер жа – паўнавартасна зароблены медаль у камандзе Ігара Кавалевіча, пад кіраўніцтвам якога ў 2012-м Рудзянок згуляў свой першы матч у Д1. Праўда, тая гульня засталася ў брамніка адзінай у «Нафтане» – у астатнім трэнеру ён быў патрэбен толькі для наладкі кампʼютара.

Затое ў сярэдзіне 2022-га Рудзянок перайшоў ужо ў «Нёман» Кавалевіча пасля паўгода ў «Іслачы», дзе адгуляў тры матчы і атрымаў траўму. Праўда, трэнер далёка не адразу даверыўся старому знаёмаму – у 2022-м канкурэнцыю выйграў Уладзіслаў Васілючак, а 2023-і першым нумарам пачаў Максім Бялоў. Аднак пасля трох галоў ад «Гомеля» ў 3-м туры вароты заняў Рудзянок – стартаваў з «сухара» супраць «Энергетыка-БДУ», а потым не прапусціў ні ад «Мінска», ні ад мінскага «Дынама», якое гродзенцы абгулялі 1:0. Праўда, у наступнай сустрэчы, з брэсцкім «Дынама», Рудзянок выпадкова аформіў аўтагол ужо на 189-й секундзе, што стала варатарскім антырэкордам за ўсю гісторыю ЧБ. Зрэшты, і гэты матч «Нёман» выйграў (3:1).

У наступных пяці сустрэчах ЧБ Рудзянок ізноў не прапускаў – серыю змог перапыніць толькі БАТЭ. Следам у гульні з «Нафтанам» кіпер адбіў пенальці, а потым паехаў гуляць у еўракубкі – і там упэўненымі дзеяннямі дапамог «Нёману» дайсці да трэцяга раўнда адбору Лігі канферэнцый, за першыя пяць матчаў прапусціўшы ўсяго двойчы. Праўда, у матчы ў адказ з «Цэле» нешта зламалася – Рудзянок праваліўся, а гродзенцы прайгралі 1:4 і вылецелі.

Пасля гэтага Рудзянок прапусціў матч ЧБ з «Гомелем», але Бялоў прапусціў ад супернікаў яшчэ два – і канкурэнт вярнуўся ў вароты. Праўда, 17 верасня ў, мабыць, галоўным матчы гэтага ЧБ супраць мінскага «Дынама» зноў наварыў – і сталічны клуб выйграў. Інакш, хутчэй за ўсё, мы б убачылі барацьбу за золата да самага апошняга тура.

Зрэшты, Кавалевіч на прэс-канферэнцыі падтрымаў галкіпера, і наступныя чатыры матчы «Нёман» з Рудзянком выйграў (праўда, без «сухароў»). Ну а іспанскі галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос вырашыў, што брамнік варты выкліку ў каманду – растлумачыў гэта высокім месцам гродзенцаў і «досведам гульні ў еўракубках». Зрэшты, усе чатыры матчы адбору Еўра-2024, на якія выклікаўся, Рудзянок прасядзеў на лаўцы – а напрыканцы яшчэ і падхапіў прастуду, праз якую прапусціў матч з БАТЭ (зрэшты, ён ужо нічога не вырашаў). Паміж двума адʼездамі ў зборную брамнік паспеў запомніцца выдаленнем у матчы супраць «Іслачы» – выбег далёка з варот і не паспеў выбіць мяч у Дзяніса Мітрафанава, пасля чаго знёс суперніка.

Нягледзячы на некаторыя няўдалыя моманты, Рудзянок, безумоўна, моцна дапамог «Нёману» – ягоныя выратаванні некалькі разоў траплялі ў топы найлепшых у турах. Асабліва крутым выдаўся сэйв пры ўдары Цімафея Шаркоўскага з «Тарпеда-БелАЗ» у 25-м туры.

Рудзянок у канцы сезону казаў, што перажывае «найлепшыя моманты сваёй карʼеры», а ў інтэрвʼю пасля заключнага тура сказаў, што для яго сезон-2023 – самы ўдалы, Кавалевіча назваў «генералісімус або адмірал, бо кажуць, што мы ў адной лодцы», заявіў, што быў шчаслівы ад выкліку ў зборную, а на пытанне аб прапановах пажартаваў: «Была прапанова з Серыі А, але гэта мне не вельмі даспадобы, чакаю АПЛ». І выдаў не самы чаканы адказ на просьбу сфармуляваць сваю футбольную мару: «Сотні дзяцей у кожным двары да заходу сонца гуляюць у футбол і смяюцца пад мірным небам над галавой».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты