Tribuna/Футбол/Блогі/Скончылася дзіўная паездка беларускага гульца ў Боснію з БАТЭ – вярнуўся ў горад, дзе ім нібыта цікавіўся «Спартак»

Скончылася дзіўная паездка беларускага гульца ў Боснію з БАТЭ – вярнуўся ў горад, дзе ім нібыта цікавіўся «Спартак»

І зноў працуе побач з Васілюком.

4 студзеня, 09:00
Скончылася дзіўная паездка беларускага гульца ў Боснію з БАТЭ – вярнуўся ў горад, дзе ім нібыта цікавіўся «Спартак»

На сезон-2023 кіраўніцтва брэсцкага «Дынама» ставіла амбіцыйныя задачы патрапіць у топ-5 чэмпіянату Беларусі, але не так сталася, як гадалася. Каманда выдала жудасны старт, набраўшы першыя пункты толькі ў 6-м туры, а ўвогуле за першыя дзесяць тураў прайграла восем разоў. За сезон у адстаўку вылецелі два галоўных трэнера: у красавіку брэстчан пакінуў Ігар Крывушэнка, а ў верасні кантракт скасаваў Аляксандр Юрэвіч. У выніку чэмпіянат з прыстаўкай в.а. заканчваў Андрэй Чалмадзееў. Фінішаваць у выніку ўдалося на 10-м месцы.

Хто будзе ля руля «Дынама» ў новым сезоне, пакуль невядома. Аднак клуб ужо пакрысе пачынае фармаваць склад. Пасля заканчэння чэмпіянату каманду пакінулі абаронцы Яўген Юдчыц (8 матчаў, 1 забіты мяч ва ўсіх турнірах у 2023-м), Аляксандр Пазняк (11 матчаў), Арцём Япрынцаў (13 матчаў), Уладзімір Шчэрба (14 матчаў), паўабаронца Аляксандр Булычоў (4 матча), нападаючы Седрык Куадыё (19 матчаў, 1 гол).

Кантракты падоўжылі брамнік Міхаіл Казакевіч (24 матчы, 40 прапушчаных мячоў) і абаронца Жордж Мусінга (12 матчаў).

Паведамлялася, што ў «Дынама» вяртаецца трэнер Сяргей Кавальчук, але той сам заявіў, што гэта няпраўда. І першым сапраўдным падпісаннем «Дынама» звонку стала вяртанне выхаванца Яраслава Арашкевіча. 23-гадовы абаронца/паўабаронца выступаў за моладзевыя каманды і дубль з 2007-га па 2018-ы гады. Затым у яго ў кар'еры быў «Рух» (15 матчаў і 3 галы ў першай лізе і 11 матчаў і 1+1 у вышцы). Пасля – паўтара сезона ў арэндзе ў брэсцкім «Дынама» (32 матчы і 4+3) і дэбют у еўракубках супраць чэшскай «Вікторыі», дзе здолеў вызначыцца галявой перадачай (адзнака 6:40):

У той час партал паведамлялася, што Арашкевічам цікавіцца маскоўскі «Спартак». Тады ж мы сталі сведкамі вельмі рэдкай з'явы: легенда брэсцкага «Дынама» Раман Васілюк выступіў у прэсе. Справа ў тым, што былы футбаліст на той момант працаваў спартыўным дырэктарам «Руху», і гэта было якраз пытанне па ягоным профілю. Функцыянер тады лаканічна пацвердзіў, што цікавасць сапраўдная. Аднак ужо на наступны дзень кіраўнік прэс-службы «Спартака» зняпраўдзіў усе размовы, назваўшы інфармацыю «фантазіяй». І вось лёсы Арашкевіча і Васілюка зноў перасякліся ў Брэсце. Яшчэ не так даўно ветэран белфутболу працаваў у Польшчы кіроўцам, але ў «Дынама» яму прапанавалі пасаду скаўта. Можа, гэта Васілюк і нагледзеў маладога земляка?

Летам-2022 правы абаронца, які здольны згуляць на флангу і хаўбека, і вінгера, перайшоў у БАТЭ.

Першыя паўгода ў Барысаве часцей выходзіў на замену, а на пачатку сезона-2023 у стартавых сямі турах ЧБ зʼяўляўся ў асноўным складзе. У траўні Арашкевіч страціў месца ў топ-11 і пачаў выходзіць з запаса, а пасля і проста сядзець у рэзерве. За БАТЭ агулам правёў 31 сустрэчу ва ўсіх турнірах, забіў два мячы і аддаў 3 галявыя перадачы, а ў ліпені 2023-га перабраўся ў «Вележ» - каманду з Мастара, якая ў сезоне-2023/24 змагаецца за тройку ў чэмпіянаце Босніі, але не за золата. Кантракт з беларусам падпісалі да канца сезона-2024/25, аднак нешта пайшло не так. За паўгода ў клубе легіянер толькі двойчы патрапіў у заяўку і за «Вележ» так і не дэбютаваў. Бакі скасавалі дамову па ўзаемнай згодзе, футбаліст з'ехаў дадому.

Цяпер Арашкевіч зноўку ў «Дынама». Кантракт разлічаны да канца сезона-2024 і змяшчае опцыю падаўжэння яшчэ на год. Цікава, ці здолее гулец гэтым разам абудзіць чый-небудзь інтарэс.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты