Tribuna/Футбол/Блогі/Спец па моладзі ідзе ў каманду, якая летась ехала на ветэранах: Чухлей, Сарока, Лебедзеў – колькі каларытных фігур!

Спец па моладзі ідзе ў каманду, якая летась ехала на ветэранах: Чухлей, Сарока, Лебедзеў – колькі каларытных фігур!

Кардынальная змена абстаноўкі для Паўла Раднёнка.

9 студзеня, 17:16
Спец па моладзі ідзе ў каманду, якая летась ехала на ветэранах: Чухлей, Сарока, Лебедзеў – колькі каларытных фігур!

Футбольны клуб «Астравец» быў заснаваны ў сакавіку 2019 года. Правёўшы адзін сезон у першынстве вобласці, каманда заявілася ў другую лігу, якую з другога разу выйграла. Затым было 5-е месца ў першай лізе па выніках сезона-2022 і 12-е летась.

Нядаўна клуб аб“явіў, што пасаду галоўнага трэнера зойме Павел Раднёнак замест Сяргея Крата (пры гэтым пакуль няма інфармацыі пра ягонае звальненне). Сам Раднёнак сказаў, што кантракт будзе падпісаны 15 студзеня, перад выхадам каманды з адпачынку. Папярэднім месцам працы трэнера быў «Энергетык-БДУ». Раднёнак фармальна узначаліў «студэнтаў» у лютым 2022 года – на той момант з некаторымі перапынкамі ён працаваў у структуры клуба пяць гадоў. Каманда да апошняга прэтэндавала на чэмпіёнства ў сезоне-2022, але ў выніку ўзяла срэбныя медалі, якіх пазбавілася праз махінацыі свайго кіраўніка – Анатоля Юрэвіча, які курыраваў і трэнавальны працэс, і фінансаванне калектыву.

Пасаду галоўнага трэнера «студэнтаў» Раднёнак пакінуў у траўні-2023 праз пару тыдняў пасля разгляду справы «Шахцёра». Тады акрамя анулявання вынікаў чэмпіянату-2022 з клуба знялі 20 пунктаў на бягучы сезон. Што цікава, змена трэнера адбылася без нейкіх анонсаў. Проста ў пратакол аднаго з матчаў галоўным быў упісаны Аляксей Мяркулаў – ягоны статус быў афіцыйна пацверджаны толькі пазней, але сам Раднёнак застаўся ў штабе. Як і застаўся ў «Энергетыку-БДУ» перад сезонам-2023, хаця чуткі выпраўлялі яго ў «Дняпро». Дапрацаваўшы да канца мінулы чэмпіянат і не здолеўшы дапамагчы «студэнтам» захаваць прапіску ў эліце, Раднёнак напісаў заяву на сыход.

Новая праца для 59-гадовага трэнера выглядае выклікам і кардынальнай зменай. Усё таму, што ў «Астраўцы» касцяк каманды ў сезоне-2023 складалі дасведчаныя футбалісты, у той час як сам Раднёнак мае рэпутацыю спецыяліста па працы з моладдзю. Ёю ён займаўся ў БАТЭ і «Нёмане», у малодшых зборных Казахстана і Беларусі.

Найлепшаму асістэнту «Астраўца» ў чэмпіянаце-2023 Дзмітрыю Герману – 35 гадоў. У мінулым сезоне ў яго 31 гульня, 10 выніковых перадач і 2 забітых мяча. Герман большую частку кар'еры правёў у беларускім міноры, але ў сезоне-2020/21 засвяціўся ў Расійскай прэм'ер лізе, калі ў «Тамбове» быў прахадны двор.

Сярод ключавых выканаўцаў таксама былі:

- майстра удараў здалёк, паўабаронца, які стаў сваім у «Гараадзеі», Дзмітрый Лебедзеў (37 гадоў, 26 матчаў, 5+1 па гол+пас);

- абаронца Андрэй Чухлей (36 гадоў, 22 матчы, 1+1), які ў свой час нават гуляў за зборную Беларусі (хто сёння ўспомніць, як украінцы зарабілі на ім вырашальны пенальці ўва Львове?);

- паўабаронца Ягор Сямёнаў (36 гадоў, 18 матчаў 4+2 па гол+пас) - унікальны чалавек, які пасля выбараў-2020 прасіў спыніць гвалт, а пасля падпісаўся за беззаконне. У вышэйшую лігу калісьці даўно патрапіў разам з «Крумкачамі», а свой зорны час злавіў, калі каля Слуцка ад кавіда хаваўся расійскі блогер Яўген Красава Савін. З ягонай падачы «Слуцкам» зацікавіўся расійскі трэнер-чэмпіён Леанід Слуцкі. Неяк ён нават даў жартлівую ўстаноўку для каманды. І менавіта Сямёнава прасіў не ператрымліваць мяч.

Сем матчаў за астраўчан правёў абаронца Ігар Анцыпаў (36 гадоў, 2+1). Другую палову сезона на лаўцы правёў 35-гадовы варатар Вячаслаў Камінскі.

У складзе «Астраўца» засвяціліся і маладзейшыя футбалісты, але вельмі дасведчаныя: абаронцы Дзмітрый Алісейка (31 год, 28 матчаў, 5+3 па гол+пас) і Уладзіслаў Ясюкевіч (29 гадоў, 14 матчаў) нямала пагулялі ў эліце. Што казаць пра 31-гадовага Антона Сароку, які яшчэ не так даўно лічыўся зоркай беларускага футболу і вялікім спадзевам зборнай Беларусі? Праўда, у сезоне-2023 на ягоным рахунку ўсяго пяць матчаў і адна галявая. У весну мінулага года мы гадалі, ці можа футбаліст вярнуцца на былы ўзровень.

Яшчэ ў складзе былі дасведчаныя, калі казаць пра Д2, абаронца Аляксей Бялевіч (28 гадоў, 26 матчаў, 6+3 па гол+пас) і паўабаронца Уладзіслаў Знак (30 гадоў, 20 матчаў).

Пагадзіцеся, заўважны кантраст са «студэнтамі», якія ў мінулым сезоне сталі другой самай маладой камандай сярод 53 ліг свету, саступіўшы па гэтым паказніку толькі «Мінску». Для яшчэ большага разумення ў розніцы ўзросту гульцоў – самым «старым» футбалістам у складзе «Энергетыка-БДУ» быў 25-гадовы Яраслаў Макушынскі.

Пасля заканчэння сезона «Астравец» па дамове бакоў пакінулі Ясюкевіч, Белашэвіч, Лебедзеў, Сарока і Камінскі, плюс паўабаронца Дзмітрый Некрашэвіч Апошняму - усяго 22 гады (калісьці лічыўся ледзьве не самым перспектыўным выхаванцам «Іслачы», але не склалася), усім астатнім – 29 і больш.

Цікава, якую каманду Раднёнак збудуе пад сябе?

Што трэнера дакладна не мусіць бянтэжыць, дык гэта сціплая колькасць заўзятараў на хатніх матчах «Астраўца» - у сярэднім 277 чалавек. У «Энергетыка-БДУ» у папярэднім сезоне гэты паказнік складаў 330 чалавек і быў найгоршым у вышэйшай лізе.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты