Tribuna/Футбол/Блогі/«Дынама» Мінск узяла маладога экс-гульца «Шахцёра», які ездзіў у Заграб і «Ахмат», але там амаль не гуляў. Вось чым ён можа дапамагчы

«Дынама» Мінск узяла маладога экс-гульца «Шахцёра», які ездзіў у Заграб і «Ахмат», але там амаль не гуляў. Вось чым ён можа дапамагчы

Першы навічок для Вадзіма Скрыпчанкі.

Аўтар — bytribuna com
16 студзеня, 13:34
«Дынама» Мінск узяла маладога экс-гульца «Шахцёра», які ездзіў у Заграб і «Ахмат», але там амаль не гуляў. Вось чым ён можа дапамагчы

Ілля Чарняк стаў першым навічком мінскага «Дынама» у гэтае міжсезонне. У панядзелак клуб прадставіў 21-гадовага нападаючага, не раскрываючы дэталяў кантракта. У непрацяглай карʼеры Чарняка «Дынама» ўжо шосты клуб.

Ён нарадзіўся ў аграгарадку Яроміна, які размяшчаецца адразу на выездзе з Гомеля. У абласным цэнтры займаўся ў СДзЮШАР №8. Чарняк спрабаваў патрапіць у акадэмію АБФФ, але не прайшоў прагляд у братоў Мархеляў, якія трэнавалі яго ўзрост.

У 2019-м трапіў у дубль «Гомеля», за які ў тым сезоне забіў два мячы ў 12 матчах. Пасля аднаго сезона 17-гадовага форварда забралі ў структуру «Шахцёра», і ў чэрвені 2020-га ён упершыню апынуўся ў заяўцы «гарнякоў» на матч вышэйшай лігі, аднак Юрый Вернідуб не выпусціў яго супраць «Мінска» (1:1). Паралельна футбаліст выступаў за дубль, дзе забіў 13 галоў у 28 гульнях.

Так і не дэбютаваўшы за першую каманду, Чарняк у пачатку 2021-га зʼехаў у арэнду да заграбскага «Дынама». Аднак і там не згуляў за асноўны склад: цягам года выступаў за рэзерв у Д2 – агулам нагуляў дзевяць матчаў.

У пачатку 2022-га Чарняк вярнуўся ў «Шахцёр», дзе адразу патрапіў у абойму Сяргея Ташуева і да траўня стаў гульцом старту. Ён стабільна выходзіў на поле, нягледзячы на сурʼёзную канкурэнцыю. З групы атакі трэнеры тады маглі разлічваць на легіянераў Дэмба Дарба, Меме Фесу Плаку, Ігара Іванавіча, Валона Ахмедзі, а таксама найлепшых футбалістаў Беларусі ў розныя гады Андрэя Салаўя і Максіма Скавыша.

Быў запатрабаваны Чарняк і ў Міліча Чурчыча, які змяніў расіяніна на трэнерскай пасадзе. У чэмпіянаце-2022 малады гулец стаў найлепшым у камандзе па «гол+пас», выбіўшы за 26 матчаў 7+8.

У кастрычніцкім матчы таго сезона супраць «Мінска» Чарняка замянілі на 85-й хвіліне – пасля таго, як абаронца «Шахцёра» Сяргей Паліцевіч зрабіў лік 1:1. Пакінуўшы поле, малады футбаліст праігнараваў сваю лаўку запасных і адправіўся ў распранальню, па шляху стукнуўшы нагой рэкламны шчыт, а пазней – рукой дзверы ў падтрыбуннае памяшканне.

«Гэта яшчэ хлопчык, які гуляе ў футбол. Ён добры футбаліст. Ён мусіць разумець, што гэта прафесіяналізм. Ён не крыўдзіўся [на замену], толькі з лаўкі потым крычаў задаволены і радасны перамозе, а гэта важна», – сказаў Чурчыч пасля матчу, які Салігорск пакінуў за сабой 2:1. У АБФФ форварду за паводзіны выпісалі дыскваліфікацыю на адну гульню.

З «Шахцёра» Ташуеў перабраўся ў «Ахмат» і там не забыўся на маладога беларуса – і той у лютым-2023 адправіўся ў арэнду ў Грозны. Праявіць сябе ў РПЛ нападаючы не здолеў: за другую палову сезона-2022/23 правёў усяго пяць хвілін за два матчы і яшчэ 21 хвіліну ў гульні Кубка Расіі. Пад канец чэмпіянату Чарняк трапіў у рэйтынг ад CIES Football Observatory па найлепшых дрыблерах ва ўзросце 23 гадоў, якія згулялі не менш за 1500 хвілін у сваіх чэмпіянатах за апошнія 365 дзён. Заняў 99-е месца.

Улетку 2023-га кантракт з «Шахцёрам» скончыўся, і Чарняк на правах свабоднага агента падпісаўся з «Каспіем». Па выніках сезона каманда з горада Актаў вылецела ў Д2 Казахстана. Форвард набраў за новы клуб 1+2 у васьмі матчах (на сем з іх выйшаў у старце, адзін раз на замену).

У снежні 2023-га Чарняк ізноў стаў свабодным агентам.

Бацька пачаў гуляць у ЧБ у 40

Бацька футбаліста Ігар Чарняк таксама мае дачыненне да футбола. У дзяцінстве ўраджэнец Буда-Кашалёўскага раёна займаўся ў гомельскай СДзЮШАР. У адной групе з ім быў сённяшні галоўны трэнер «Гомеля» Андрэй Гараўцоў – чэмпіён Беларусі-2003.

Там жа Чарняк перасякаўся з Юрыем Жаўновым. Аднак на прафесійны ўзровень не выйшаў і працягваў гуляць толькі на аматарскім узроўні. Паралельна скончыў вучылішча МНС, але па прафесіі прапрацаваў нядоўга, уладкаваўшыся ў Гомельскі вопытны лясгас інжынерам па ахове і абароне лесу.

У апошнія гады яго бачылі не толькі на паркеце Гомельскай лігі міні-футбола ў складзе розных каманд. У 2021-м федэрацыя ў разы пашырыла колькасць удзельнікаў другой лігі за кошт клубаў з чэмпіянатаў абласцей. Чарняк-старэйшы, якому на той момант было ўжо 40, аказаўся ў заяўцы ўсё таго ж Гомельскага вопытнага лясгаса – ГОЛХУ. Там значыўся не толькі менеджарам, але і футбалістам. У сезоне-2021 паўабаронца правёў чатыры матчы ў Д3 (у суме 40 хвілін) і нават забіў адзін мяч, паразіўшы вароты МНПЗ (2:0) проста ў дзявятку.

У тым сезоне ГОЛХУ фінішаваў на трэцім месцы ў сваёй гомельскай групе пасля «Макслайна» і «Бумпрама».

Засвяціўся Ігар Чарняк і ў Кубку Беларусі, дзе яго каманда прайшла два раўнды і саступіла «Уздзе» (Д3) толькі ў серыі пенальці. Чарняк выходзіў на замену ў кожным з матчаў.

Бацька футбаліста збіраўся працягваць карʼеру і ў 2022-м, аднак праз траўму пахвіны на полі так і не зʼявіўся. Чарняк яшчэ некаторы час пабыў менеджарам ГОЛХУ, а затым знік з заявак каманды на матчы.

Чым Ілля Чарняк можа дапамагчы «Дынама»

Пасля расстання з Душанам Бакічам у Вадзіма Скрыпчанкі заставалася два форварды – Уладзіслаў Марозаў і Уладзімір Хвашчынскі. Чарняк можа прынесці карысць новай камандзе як у хуткіх атаках, так і ў пазіцыйным нападзе. Ён валодае нядрэннай хуткасцю і дрыблінгам, не баіцца ісці з мячом на суперніка. Хуткасныя якасці дапамагаюць і ўцякаць у контратакі, і адкрывацца за спіну абаронцам.

У часы «Шахцёра» Чарняк у сярэднім за 90 хвілін рабіў каля сямі спроб абвесці суперніка, паспяховым аказваліся 40% з іх. Прыкладна такія ж лічбы футбаліст дэманстраваў у КПЛ

Пры пазіцыйных атаках дынамаўцам спатрэбіцца ўменне нападаючага трапна біць па кутах з сярэдняй дыстанцыі. За «Шахцёр» Чарняк забіў не адзін мяч падобным чынам, прычым рознымі нагамі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты