Tribuna/Футбол/Блогі/Трансферны вынiк студзеня: топ-чэмпіянаты выдаткавалі менш, чым «Чэлсі» год таму, аўтсайдар з Францыi – галоўны закупшчык

Трансферны вынiк студзеня: топ-чэмпіянаты выдаткавалі менш, чым «Чэлсі» год таму, аўтсайдар з Францыi – галоўны закупшчык

Вельмi цiхае акно.

Аўтар — bytribuna com
3 лютага, 12:00
Трансферны вынiк студзеня: топ-чэмпіянаты выдаткавалі менш, чым «Чэлсі» год таму, аўтсайдар з Францыi – галоўны закупшчык

Трансферы ў беларускім футболе працягваюцца, а вось акно для пераходаў у большасці ліг Еўропы, у тым ліку і ў топ-5, афіцыйна зачынілася 2 лютага. Але пасля летняга шалёнства, калі саудаўскія клубы раскідваліся грашыма, а некаторыя англійскія гранды гатовы былі біць мясцовыя трансферныя рэкорды, аддаючы за гульцоў без вопыту ў ЛЧ больш за сто мільёнаў, студзень 2024 года на трансферным рынку прайшоў вельмі спакойна.

Нечакана чэмпiянатам з найбольшымi выдаткамi зімовага акна стала французская Лiга 1 – з вялікім адрывам першая, абагнала нават АПЛ больш чым на 70 млн. А вось менш за ўсё ў топ-5 траціла Ла Ліга. Ды і тое самы дарагі трансфер быў аформлены яшчэ мінулым летам, калі «Барселона» дамовілася пра пераходз Вітора Роке за 40 млн еўра.

Дарэчы, цяпер у тэгах на «Трыбуне» можна зручна пабачыць усе зiмнiя трансферы у топ-лiгах – паспрабуйце па спасылках нiжэй.

Гэтай зімой усе клубы топ-ліг Еўропы сумарна выдаткавалі менш, чым адзiн толькі «Чэлсі» у студзені 2023-га. Тады лонданцы аддалі за сваiх гульцоў ажно 611 млн еўра. На «Трыбуне» зручна ўспомнiць i пра тое трансфернае бязмежжа – проста скарыстайцеся фiльтрам у раздзеле тэгу «Чэлсi» па спасылцы.

А так выглядае дзясятка клубаў топ-5 ліг, якія найбольш патраціліся ў цяперашняе трансфернае акно.

Падрбязнасцi трансфераў па асобных клубах таксама ёсць у iх тэгах на «Трыбуне».

Самым актыўным стаў аўтсайдар французскай Лігі 1 «Ліён». Клубу сапраўды трэба нешта рабіць, каб пазбегнуць сенсацыйнага вылету. Таксама ў топ заскочыў «Крыстал Пэлас» – клуб не выглядае кандыдатам на вылет з АПЛ, але, падобна, вырашыў перастрахавацца праз кропкавыя ўзмацненнi.

Нягледзячы на свой спакой, трансферная зіма-2024 – не самая ціхая ў спісе. Яшчэ больш сумна было ў студзені 2021-га. Але тады клубы толькі адыходзілі ад кавiднага шоку – залiшнiх грошай на пераходы дакладна не было.

На гэты раз галоўнай вінаватай у зацішшы была АПЛ, бо астатнія чатыры лігі выдаткавалі больш, чым у студзені мінулага года. Калі не ўлічваць кавiдны 2021-ы, то так мала клубы АПЛ не марнавалі з зімы 2012-га (89 млн еўра). Гэта было прадказальна – нядаўна ліга ўзялася за выкананне Правілаў прыбытку і ўстойлівага развіцця (PSR). Гісторыі з вылiкам ачкоў у «Эвертана» і пагрозай гэтага ж для «Ноцiнгемама» спалохалі нават клубы з багатымі ўладальнікамі. Так і атрымалася, што больш за палову прадстаўнікоў лігі не выдаткавалі ў студзені анiчога.

У нейкай ступені адыграла ролю і тое, што ў гэтым сезоне АПЛ мала трэнерскіх адставак – адсюль і меншае жаданне перакроіць склад пад сваё бачанне. Ну і клубы, якія цяпер знаходзяцца ў зоне вылету, баяліся здзейсніць лішнія рухі, у адрозненне ад зімы-2023, калі «Лестэр», «Саўтгемптан» і «Лідс» на траіх выдаткавалі 136 млн еўра (але ўсё роўна вылецелі).

Дарэчы, саудаўская ліга таксама захоўвае бюджэт на летнія здзяйсненні. На гэты раз яны сумарна закупіліся толькі на сціплыя 23 млн еўра, але ўлетку гразяцца выдаткаваць больш за 2 мiльярды.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты