Tribuna/Футбол/Блогі/Трансферны рэкорд белфутбола за 11 гадоў – у Расii даюць 1,6 мiльёна за Капленку. Колькi?! За каго?!

Трансферны рэкорд белфутбола за 11 гадоў – у Расii даюць 1,6 мiльёна за Капленку. Колькi?! За каго?!

Не дачакаўся выклiку ў няродную зборную, праз яго брата ў Багi сiвелi яйкi.

6 лютага, 06:00
Трансферны рэкорд белфутбола за 11 гадоў – у Расii даюць 1,6 мiльёна за Капленку. Колькi?! За каго?!

Каманда расiйскага Д1 «Балтыка» з Калінінграда мае нямала людзей з Беларусi. Кіраўнік прэс-службы клуба – Аляксандр Строк, якi нямала адпрацаваў у мінскiм «Дынама». Перакладчык – экс-генсак брэсцкага «Дынама» Уладзімір Мачульскі. Адзiн з трэнераў – былы коўч «Вiцебска» Арцём Булойчык. На правах арэнды ў цяперашняе міжсезонне ў «Балтыку» прыехаў гуляць Віталь Лісаковіч, а на праглядзе застаецца Юрый Кавалёў (iм пакуль незадаволеныя, але, здаецца, усё роўна гатовыя даць кантракт).

Чарговым навiчком клуба цяпер становiцца 24-гадовы апорнік Кірыл Капленка. Пераходзiць яму зусiм недалёка – «Арэнбург», за якi выступаў гулец зборнай Беларусi, цяпер жыве з «Балтыкай» у адным гатэлi на зборах у Турцыi. Як сказаў прэзідэнт «Арэнбурга» Васiль Ерамякiн, Капленка мог бы і далей гуляць за клуб, але «Балтыка» актывавала опцыю выкупу.

Афiцыйна сума не паведамляеца, але расiйскi журналіст Іван Карпаў назваў ашаламляльныя для белфутбола лiчбы – 1,6 мiльёна еўра! Па звестках Transfermarkt, за ўсю гiсторыю больш плацiлi толькi за сем гульцоў з нашай краiны, а яшчэ Капленка стане самым дарагiм белтрансферам за 11 гадоў – з таго часу, як у пачатку 2013-га натуралiзаваны бразiлец Рэнан Брэсан паехаў з БАТЭ ў расiйскую «Аланiю» за 3,5 млн еўра. Пасля больш за мiльён за беларускага футбалiста аддавалi тройчы – у выпадках Сяргея Крыўца (1 млн еўра БАТЭ ад французскага «Меца» летам 2014-га) i Віталя Лісаковіча (1,5 млн еўра расiйскi «Лакаматыў» пералічыў «Шахцёру» летам 2020-га, 1,2 млн еўра – расiйскi «Рубін» «Лакаматыву» зімой 2022-га).

Ды i для «Балтыкі» 1,6 мiльёна – гэта неверагодная сума: усе самыя дарагiя для сябе трансферы каманда правяла мiнулым летам, але рэкрордам сталi ўсяго 600 тысяч еўра за паўабаронцу Артура Галаяна з «Аланii» з Д2. Капленку Transfermarkt ацэньвае ў 900 тысяч еўра – у складзе «Балтыкi» даражэйшыя, па даных партала, абаронца з Балівіі Раберта Фернандэз (1 млн еўра) і харват Крысціян Бістравіч (2 млн еўра), але абодва ў Калiнiнградзе ў арэндзе.

Кiрыл Капленка нарадзіўся ў Маладзечне, у Беларусі выступаў за юнацкія каманды БАТЭ і мінскага «Дынама», у 16 зʼехаў у акадэмію «Краснадара», а свой шлях у дарослым футболе пачаў ужо ў структуры «Зеніта». У Піцеры Капленка гуляў у асноўным за другую каманду ў Д2 (32 матчы за два сезоны і 3 асісты) і Д3 (16 матчаў і 3 асісты). Але яшчэ ў сваім дэбютным сезоне за «Зеніт-2» атрымаў шанс у першай каманды – увосень 2017 года тагачасны трэнер клуба iтальянец Раберта Манчыні выпусціў Капленку на 8 хвілін у матчы РПЛ супраць «Уфы», а ўжо праз тры дні паставіў з першых хвілін на кубкавы паядынак супраць піцерскага «Дынама». Праўда, у той сустрэчы беларус прывёз два мячы, а «Зеніт» вылецеў з турніру. У канцы 2017 года Капленка яшчэ выйшаў у старце супраць «Ахмата», але ў марце 2018-га атрымаў траўму, а пасля яе выступаў толькі за фарм.

Яшчэ да дэбюту за першую каманду «Зеніта» на Капленку звярнуў увагу тагачасны трэнер беларускай «маладзёжкі» Людас Румбуціс. Але ж гулец некалькі месяцаў ігнараваў выклікi, а потым паведаміў АБФФ, што прыязджаць не збiраецца. Паўабаронца ўжо меў расійскі пашпарт – дапамагаў у карʼеры, бо тады беларусы ў Расіі лічыліся легіянерамі, – i чакаў выкліку ў моладзевые каманды гэтай краіны. У 2018 годзе дачакаўся – правёў адзін таварыскі матч за Расію U-20 супраць аднагодкаў з Харватыі. Летам 2019-га за тую ж каманду згуляў яшчэ тройчы ў не вельмi зразумелым турнiры з гульцамi расiйскага Д3 – i больш iнстытуту зборных суседняй краiны аказаўся нецiкавы.

У 2020-м Капленка на правах арэнды перайшоў у «Арэнбург», дзе правёў два нядрэнныя сезоны ў Д2 (55 матчаў, два забітыя мячы і чатыры асiсты). У абодвух выпадках клуб выходзiў у Д1 – першы раз яго не пусцiлi з-за неадпаведнасцi нормам рэгламенту хатняга стадыёна, а на другi ўсё ўзгаднiлi, i перад сезонам у элiце Капленку выкупілi ў «Зеніта». Сума кампенсацыі тады склала 200 тысяч еўра.

У канцы 2022-га Капленка адгукнуўся на выклiк у зборную Беларусi – спатрэбiўся Георгію Кандрацьеву на таварнякi супраць Сірыі i Амана. Тады спартыўны дырэктар «Арэнбурга» Вадзiм Андрэеў выказаўся па сiтуацыi празрыста: «Капленка ўсё ж не дачакаўся выкліку ў зборную Расіі, таму паедзе гуляць за Беларусь». Для чаго такi «патрыёт» зборнай, засталася загадкай.

У сезоне РПЛ-2022/23 Капленка найграў 20 матчаў, вызначыўся двума забітымі мячамі і галявой перадачай. Яго дэбютны мяч у расійскай эліце атрымаўся эфектным: з першага дотыку магутна прабіў па мячы з адскоку і трапіў у самую дзявятку.

Гульню Капленкi адзначаў тагачасны трэнер «Арэнбурга» Марцэл Лічка. Спецыяліст, які ўзначальваў чэмпіёнскае брэсцкае «Дынама», называў апорнiка адным з найлепшых беларускіх футбалістаў і сцвярджаў, што ён «як мінімум на галаву вышэй за тых, хто гуляе на яго пазіцыі ў Беларусі, нават Сяргея Кісляка». Мінулым летам Лiчка сышоў у маскоўскае «Дынама» – i iнсайды адпраўлялi Капленку ўслед. Але гэтага не здарылася, а гулец толькi распавёў, што цікавасць з боку масквічоў яму ліслівіць.

У бягучым розыгрышы РПЛ Капленка правёў за «Арэнбург» 12 матчаў і аддаў 2 галявыя перадачы. А таксама працягнуў выступленнi за зборную Беларусi, куды выклікае i Карлас Алос – на рахунку футбалiста цяпер 7 гульняў без выніковых дзеянняў.

На зімовую паўзу «Арэнбург» пайшоў з 15 ачкамі на 14-м месцы, якое па выніках чэмпіянату адпраўляе ў стыкі за месца ў эліце. «Балтыка» размясцілася на адну пазіцыю ніжэй (прамое паніжэнне), маючы ў актыве 13 ачкоў – то бок перахапiла гульца ў прамых канкурэнтаў. З іншага боку, кантракт з Капленкам у «Арэнбурга» дзейнічаў толькi да лета, i выплата адступных за такога гульца – нячастая ўдача. I ўвогуле клуб дагэтуль толькi аднойчы прадаваў гульца даражэй за азначаныя 1,6 млн еўра – летам 2019-га на 2 млн пацягнуў трансфер у «Рубін» расiянiна Аляксея Сутарміна.

Застаецца нагадаць, што ў Капленкi ёсць старэйшы брат – футбалiст. 28-гадовы Мiкiта Капленка – выхаванец мiнскага «Дынама», дзе правёў першыя гады дарослай кар’еры, узяў срэбра i дзве бронзы ЧБ, а таксама паўдзельнiчаў у незабывальных матчах з «Зенiтам» (4:0, 1:8). 2020-ы правёў у «Тарпеда-БелАЗ», з якiм узяў яшчэ адну бронзу «вышкi», а потым паехаў у расiйскi мiнор, дзе гуляў за «Чайку» i «Валгар».

Перад сезонам-2023 Капленка вярнуўся ў Беларусь – у «Шахцёр», за якi правёў 22 матчы ЧБ пры адным голе. Зборнай Беларусi пакуль не спатрэбiўся, а хайлайт мiнулага сезона – прэтэнзii ад Аляксея Багi за фол на пенальцi: трэнер запытваўся, куда Капленка «ляскае ўсё сваёй, ##### [блін], ялдой», i казаў, што з-за неахайнай гульнi падапечнага «сваё сэрца хацеў ужо ісці перасаджваць на свінячае», а яшчэ, маўляў, «яйкі пасівелі».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты