Tribuna/Футбол/Блогі/Экс-трэнер зборнай Беларусі знайшоў працу ў ААЭ. Яго клуб мае супрацу з Зіданам і серыял на 2 млн праглядаў пра сябе

Экс-трэнер зборнай Беларусі знайшоў працу ў ААЭ. Яго клуб мае супрацу з Зіданам і серыял на 2 млн праглядаў пра сябе

Цалкам верагодна, што лёсавызначальнай стала абʼява на Linkedin.

19 лютага, 06:38
Экс-трэнер зборнай Беларусі знайшоў працу ў ААЭ. Яго клуб мае супрацу з Зіданам і серыял на 2 млн праглядаў пра сябе

Дзмітрый Раўнейка пасля завяршэння прафесійнай кар'еры гульца ў 2015-м заставаўся ў футболе ў якасці трэнера. Спачатку быў асістэнтам Людаса Румбуціса ў моладзевай зборнай Беларусі (14 матчаў), а потым стаў дапамагаць у галоўнай камандзе. Прычым там паспеў папрацаваць пры трох розных галоўных трэнерах: Ігары Крывушэнке (8 матчаў), Міхаіле Мархелі (19) і Георгіі Кандрацьеве (22). Зборную Раўнейка пакінуў разам з апошнім, адзначыўшыся яркім візітам у праграму «На мяжы фолу», дзе прадʼявіў супрацоўнікам рэжымнага канала за адсутнасць падтрымкі з іх боку:

Кандыдатуру Раўнейкі цалкам маглі разглядаць у якасці аднаго з асістэнтаў у штаб Карласа Алоса, аднак вышэйзгаданы перфоманс у АБФФ расцанілі негатыўна. Цікава, што задачу бараніць зборную ў медыя Раўнейку паставіў старшыня федэрацыі Мікалай Шарснёў, але коўч перастараўся, і яго як патэнцыйнага асістэнта іспанца нават не разглядалі:

Пасля сыходу са зборнай Раўнейка скончыў трэнерскія курсы на катэгорыю PRO. А некалькі тыдняў таму галоўны трэнер ФК «Ураджайная» (Д3) Ілля Рахманаў апублікаваў відэа, у якім расказаў, што экс-трэнер зборнай працуе ў «Галф Юнайтэд» з Д2 Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Па звестках партала Transfermarkt, Раўнейка там займае пасаду асістэнта ад 1 студзеня 2024 года. Аднак калі меркаваць па гэтай фатаграфіі, беларус прыехаў працаваць у ААЭ раней:

На здымку Раўнейка дае ўстаноўку падчас дамашняга матча 12-га тура, 16 снежня 2023-га, у якім «Галф Юнайтэд» сустракаўся з «Аль-Уробай» (1:0).

«Галф Юнайтэд» – гэта праект, які базуецца ў Дубаі. Быў заснаваны ў 2019 годзе ў фармаце акадэміі, аднак на яе базе ў 2021-м была створаная прафесійная каманда, якая за два гады здолела падняцца ў эмірацкі Д2, стаўшы чэмпіёнам спярша ў Д4, а пасля ў Д3. «Галф Юнайтэд» – першым клубам ААЭ, якому ўдалося заваяваць два павышэнні ў класе запар. Пра першы прафесійны сезон калектыва зняты серыял «Мы «Галф Юнайтэд». Там 13 серый, іх можна паглядзець на YouTube. Апошні выпуск на сёння набраў 1,8 млн праглядаў.

Клуб нібыта быў заснаваны групай англійскіх трэнераў (так сцвярджае Wikipedia) – і сапраўды, галоўным трэнерам каманды з'яўляецца англічанін Стывен Тэйлар. У свой час ён адгуляў 196 матчаў у АПЛ за «Ньюкасл».

Асістуе яму не толькі Раўнейка, але і Ніл Тэйлар (не сваяк, а проста цёзка па прозвішчы), які таксама мае досвед у англійскім топ-дывізіёне за «Суонсі» і «Ньюкасл» (сумарна правёў за іх 146 матчаў). За зборную Уэльса Ніл Тэйлар адбегаў 43 матчы. На Еўра-2016 дапамог камандзе выйсці ў паўфінал, правёўшы ўсе матчы цалкам. Адзіны мяч за зборную забіў якраз на тым турніры ў вароты Расіі (3:0).

У складзе клуба хапае легіянераў. Ёсць некалькі англічан, валіец, немец, японец плюс прадстаўнікі афрыканскага кантыненту. Некаторыя значацца выпускнікамі брытанскіх акадэмій, у тым ліку «Манчэстэра Юнайтэд». Але каб хтосьці меў сур'ёзную кар'еру - дык такога няма.

Адной з галоўных мэт «Галф Юнайтэд» зʼяўляецца развіццё маладых футбалістаў. У акадэміі клуба існуюць моладзевыя каманды ва ўзросце ад 7 да 23 гадоў. На базе клуба створаная каманда «Галф Юнайтэд Б», куды, паводле інфармацыі на сайце, запрашаюцца футбалісты з усяго свету ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Таксама «Галф Юнайтэд» аказвае дапамогу ў атрыманні стыпендый ва ўніверсітэты Канады і ЗША для абітурыентаў з рэгіёну MЕNA (Блізкі Усход і Паўночная Афрыка).

Дырэктар каманды Махамед Джарад пасля перамогі ў эмірацкім Д3 таксама расказваў, што прыярытэтнай задачай клуба зʼяўляецца развіццё моладзі – маўляў, адмыслова для гэтага падбіраецца персанал.

«Мы хацелі пабудаваць клуб і супольнасць, арыентаваную на развіццё, ствараючы светлую будучыню для моладзі праз сілу спорту. Для нас усё пачынаецца з персанала: на кожнай ролі ў клубе ў нас дасведчаныя людзі, якія пабывалі там і ўсё гэта бачылі. Ад трэнераў да рады дырэктараў у нас ёсць людзі, якія валодаюць багатым досведам, але, што больш важна, падзяляюць бачанне і мэты нашага клуба», – распавёў Джарад.

Чатыры месяцы таму клуб шукаў персанал у каманду па абʼяве на Linkedin. Вакантнымі былі пасады аналітыка эфектыўнасці (сюды запрашалі стажора), фізіятэрапеўта і асістэнта галоўнага трэнера, на якой у цяперашні момант і працуе Раўнейка.

Адным са спосабаў працаўладкавання сваіх выхаванцаў для «Галф Юнайтэд» з'яўляецца правядзенне спарынгаў з рознымі клубамі з усяго свету, дзе часта шанцы даюцца гульцам другой каманды. Самым гучным супернікам быў «Ньюкасл». У сакавіку 2022-га «сарокі» дабіліся разгромнай перамогі над эміратцамі (5:0) дзякуючы дублям Алана Сэн-Максімэна і Дуайт Гейла, а таксама голу Жаэлінтана.

У верасні 2021-га «Галф Юнайтэд» стаў першым клубам з Блізкага Усходу, які заключыў партнёрскую дамову з Adidas. Віталі клуб у сямʼі нямецкага брэнда Поль Пагба і Міралем Пʼяніч. У лістападзе 2021 года Adidas і «Галф Юнайтэд» у Дубайскай гавані адкрылі першае ў рэгіёне плывучае футбольнае поле (насамрэч то была невялікая пляцоўка на вадзе, дзе ладзіўся 30-дзённы чэлендж, які пабуджаў людзей да здаровага ладу жыцця) :

А ў снежні таго ж года ў клуб прыязджаў Зінедзін Зідан, каб паўдзельнічаць у кампаніі «Немагчымае – гэта нішто»:

***

Паўтарыць дасягненне двух папярэдніх сезонаў і з першага разу заваяваць павышэнне ў Д1 каманда Раўнейкі наўрад ці здолее. Пасля 19 тураў «Галф Юнайтэд» займае 14-е з 17 месцаў, і гэта 10 пунктаў ад зоны вылету. Да другой пазіцыі, якая дае права згуляць у эліце, – 18 пунктаў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты