Tribuna/Футбол/Блогі/Ведалі, што рэкорд Глеба ў «Штутгарце» дагэтуль ніхто не пабіў? Хаця і сам ён яго змог толькі паўтарыць

Ведалі, што рэкорд Глеба ў «Штутгарце» дагэтуль ніхто не пабіў? Хаця і сам ён яго змог толькі паўтарыць

Але ў межах Бундэслігі нічога выбітнага.

Аўтар — bytribuna com
20 лютага, 23:59
1
Ведалі, што рэкорд Глеба ў «Штутгарце» дагэтуль ніхто не пабіў? Хаця і сам ён яго змог толькі паўтарыць

У суботу нападнік «Штутгарта» Серу Гірасі абнавіў клубны рэкорд. Мяч у вароты «Дармштадта» (2:1) стаў для 27-гадовага гвінейца 18-м у Бундэслізе-2023/24. Яшчэ ніводны футбаліст у гісторыі «Штутгарта» не забіваў столькі па выніках 22 тураў. Цяпер у гонцы бамбардзіраў Гірасі саступае толькі Хары Кейну з «Баварыі», у якога 24 галы.

А вось дасягненне Аляксандра Глеба амаль 20-гадовай даўніны па-ранейшаму застаецца непераўзыдзеным. У сезоне-2004/05 хаўбек з Беларусі стаў лепшым распасоўшчыкам Бундэслігі, зрабіўшы 14 галявых перадач і паўтарыўшы клубны рэкорд «Штутгарта» (падлік асістаў у Германіі вядуць з 60-х). У чэмпіянаце-1997/98 Красімір Балакаў таксама аформіў 14 галявых. Пры гэтым балгарын забіў 11 мячоў, а ў беларуса ў рэкордны сезон іх было толькі два.

У пачатку «нулявых» футбалісты паспелі нават пагуляць разам. Балакаў разам з харватам Званімірам Сольда, абодва беспярэчныя аўтарытэты ў камандзе, узялі пад апеку маладога паўабаронцы, які летам 2000-га прыйшоў з БАТЭ. Не без дапамогі дасведчаных таварышаў Глеб стаў гульцом стартавага складу. Перад матчам 4-га тура чэмпіянату-2001/02 з «Нюрнбергам» (4:2) Балакаў і Сольда пераканалі галоўнага трэнера Фелікса Магата выпусціць беларуса з першых хвілін – і той за 90 хвілін аддаў тры галявыя перадачы. Пасля такога перфомансу трэнер зрабіў Глеба жалезным гульцом асновы, і легіянер неўзабаве стаў адным з лідараў «Штутгарта».

Балакаў гуляў з Глебам да лета 2003-га, пасля чаго перайшоў на трэнерскую працу ў клубе. Тады балгарын называў беларуса сваім спадчыннікам.

«Ён свайго роду мой спадчыннік, дзейнічае на той пазіцыі, на якой некалі гуляў я. Аляксандр сёння, безумоўна, адзін з самых вялікіх талентаў Еўропы. Не выпадкова ім цікавяцца шматлікія масцітыя клубы. Глеб ужо цяпер гулец экстракласа», – казаў Балакаў пасля сезона, калі беларус паўтарыў яго рэкорд.

Глеб быў спакойны на фоне такіх кампліментаў. «Выходжу на поле, каб паказаць, на што здольны, парадаваць людзей, якія за мяне заўзеюць, – перш за ўсё брата Вячаслава і менеджара Мікалая Шпілеўскага. Я стараюся для такіх, як яны, для сябе і не імкнуся патрапіць у спадчыннікі Балакава. Я – Аляксандр Глеб і хачу ім заставацца», – распавядаў пра самаадчуванне Глеб.

З 14 рэкордных перадач пяць Глеб зрабіў на Сільвіа Майснера, дзякуючы чаму форвард за чэмпіянат-2004/05 забіў рэкордныя для сябе дзевяць мячоў. Адзін асіст удалося атрымаць у статыстыку за кошт заробленага пенальці. Пасля трох перадач беларуса забіў вінгер Какау. А вось на ўзыходзячую зорку нямецкага футбола Кевіна Куранні паўабаронца аддаў толькі адзін асіст. Усяго ў тым сезоне нямецкі нападаючы адзначыўся 13 разоў.

Яшчэ па разе Глеб асіставаў Сольда, Маркусу Бабелю і Фернанду Мейрэ, які не так даўно назваў экс-партнёра «выдатным сябрам» (яны перасекліся ў Маскве на так званым Кубку легенд, а тое, што Расія вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны, былых футбалістаў не бянтэжыла).

Яшчэ дзве галявыя перадачы Глеб атрымаў дзякуючы аўтаголам суперніка. Беларускі хаўбек вылучаўся хуткасцю і нестандартным дрыблінгам, і выглядала гэта прыкладна так.

З таго сезона максімальна да дасягнення Глеба набліжаўся Аляксандру Максім, які дзейнічаў на пазіцыі пад нападаючым. У сезоне-2013/14 румынаў аформіў 12 галявых. Яшчэ двое гульцоў «Штутгарта» набіралі па дзесяць асістаў – венгр Тамаш Хайнал (2011/12) і харват Борна Соса (2020/21). Ніхто не здолеў абысці Глеба нават у сезоне-2016/17, які каманда правяла ў другой Бундэслізе.

14 галявых Глеба – далёка не ўнікальнае дасягненне для нямецкага футбола. З таго часу 26 футбалістаў за сезон аддала асістаў болей, чым прадстаўнік Беларусі. Рэкордныя 22 перадачы за чэмпіянат належаць шведу Эмілю Форсбергу, які ў чэмпіянаце-2016/17 набраў іх у складзе «РБ Лейпцыга».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты