Tribuna/Футбол/Блогі/Парадоксы «Нёмана»: паслухалі лютых лукашыстаў пра «выбары» – выклалі відэа пра родную мову з беларускай і ўкраінскай

Парадоксы «Нёмана»: паслухалі лютых лукашыстаў пра «выбары» – выклалі відэа пра родную мову з беларускай і ўкраінскай

Як гэта ўсё суіснуе ў адным клубе.

22 лютага, 15:38
2
Парадоксы «Нёмана»: паслухалі лютых лукашыстаў пра «выбары» – выклалі відэа пра родную мову з беларускай і ўкраінскай

21 лютага ў многіх краінах адзначаецца Міжнародны дзень Роднай мовы. Свята было абвешчанае Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА і ладзіцца з 2000 года. Дата была абраная ў памяць аб падзеях, якія адбыліся ў Даке (Бангладэш) 21 лютага 1952 года, калі ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты – яны выйшлі на дэманстрацыю ў абарону сваёй роднай мовы бэнгалі і патрабавалі прызнаць яе адной з дзяржаўных у краіне. Па звестках ААН, у свеце налічваецца каля сямі тысяч моў, з іх 45% знаходзяцца пад пагрозай знікнення, у тым ліку і беларуская мова.

Прычынай, па якой беларуская мова аказалася пад пагрозай, – працяглая прымусовая русіфікацыя ў царска-савецкі перыяд і палітыка Аляксандра Лукашэнкі пасля таго, як Беларусь стала суверэннай дзяржавай. Калі Лукашэнка ў 1994-м прыйшоў да ўлады, беларуская мова была адзінай дзяржаўнай. Але праз год па ініцыятыве палітыка быў праведзены рэферэндум, на якім руская мова атрымала статус дзяржаўнай нароўні з беларускай. З таго часу беларускай у Беларусі станавілася ўсё менш і ў школах, і на тэлебачанні, і паўсюль, а пасля мірных пратэстаў 2020-га і рэпрэсій з боку дыктатарскага рэжыму за размову на тытульнай мове ў грамадскім месцы можна адправіцца ў турму.

Дык вось, у сераду з нагоды дня Роднай мовы чатыры футбалісты «Нёмана» розных нацыянальнасцяў – беларус Ягор Пархоменка, расіянін Андрэй Васільеў, кыргыз Гулжыгіт Алыкулаў і ўкраінец Юрый Панця – запісалі зварот. Кожны прамаўляў на сваёй роднай мове, а ролік апублікавала прэс-служба клуба:

Ураджэнец Чарнаўцоў Панця нічога не кажа пра вайну ў сябе на Радзіме ва Украіне, але выступіў менавіта па-ўкраінску. Нетыповы крок для чалавека, які знаходзіцца на тэрыторыі, што падкантрольная рэжыму – саюзніку Расіі ў вайне. Паводле расійскага наратыву, такой нацыянальнасці, як украінцы, увогуле не існуе.

Затое ў прапагандыстаў дакладна не ўзнікне пытанняў да паста, які зʼявіўся ў сацсетках «Нёмана» напярэдадні Дня роднай мовы. Там расказваецца, як гульцы першай каманды, дублёры і трэнерскі штаб «Нёмана» наведалі лекцыю так званага інспектара Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева. Спіч былога носьбіта формы, які кіраваў так званым міністэрствам унутраных спраў у самыя гарачыя дні мірных пратэстаў 2020-га, быў прысвечаны будучым псеўдавыбарам у так званы парламент.

Здаецца, асаблівага энтузіязму сустрэча ў гульцоў не выклікала, а галоўны трэнер Ігар Кавалевіч увогуле адшукаў нешта больш цікавае ў сваім планшэце:

Разам з Караевым у госці да спартсменаў прыйшла Святлана Вараніца – заўважная ў Гродне лукашыстка, намесніца кіраўніка абласной арганізацыі «Белай Русі». Яна вядомая не толькі лаяльнасцю да дыктатуры і беззаконня, але і тым, што канфліктавала з іншымі лукашыстамі. Напрыклад, выступала супраць цкавання інтэлігенцыі з боку прапагандыста Грыгорыя Азаронка і ўвогуле супраць «азаронкаўшчыны». Спрабавала абараніць навагодні спектакль ад нападкаў прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай. Але, калі казаць агулам, гэта адна кампанія персанажаў, якія ўхваляюць рэпрэсіі да суайчыннікаў.

А ўжо сёння футбалісты і трэнерскі штаб «Нёмана», відаць, уразіўшыся выступленнем рэжымнікаў, і па прыкладзе брэсцкіх калег пайшлі на датэрміновае галасаванне.

Увогуле, падобна, што Караеў у «Нёмане» лічыцца сваім. У 2021 годзе разам Кавалевіча і іншымі прадстаўнікамі гродзенцаў ён гуляў у футбол у клубнай экіпіроўцы, а ў 2022-м даваў матывацыю перад матчам другога круга з «Шахцёрам». А ўжо калі вы жывяце ў Гродне і любіце наведваць матчы на стадыёне, то не забудзьцеся ўстаць падчас гімна, інакш вас могуць па асабістым распараджэнні Караева адправіць на суткі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты