Tribuna/Футбол/Блогі/Адзіны найлепшы футбаліст СССР з Беларусі: «Бабуся» зрабіў кар’еру ў Данецку, змяняў прозвішчы, атрымліваў буцай за п’янку

Адзіны найлепшы футбаліст СССР з Беларусі: «Бабуся» зрабіў кар’еру ў Данецку, змяняў прозвішчы, атрымліваў буцай за п’янку

І памёр у 51.

Аўтар — bytribuna com
13 сакавіка, 15:46
Адзіны найлепшы футбаліст СССР з Беларусі: «Бабуся» зрабіў кар’еру ў Данецку, змяняў прозвішчы, атрымліваў буцай за п’янку

Віталь Старухін быў топавым форвардам у савецкім футболе 1970-х і лічыцца легендай данецкага «Шахцёра». А вось пра беларускае паходжанне гульца прыгадваюць далёка не заўсёды. Расказваем пра галоўныя факты з кар’еры Старухіна.

З дубля «Дынама» сышоў у войска

Старухін нарадзіўся ў Мінску 6 чэрвеня 1949 года. У час вайны яго бацька камандаваў партызанскім атрадам «Зорка», які дзейнічаў пад Мінскам. Пасля заканчэння вайны Уладзімір Старухін стаў палітработнікам. Памёр у 1970-х, сыну не ўдалося прыехаць на пахаванне са збораў. Мама футбаліста працавала на маргарынавым заводзе.

Старухiн рос у беларускай сталіцы і з дзяцінства захапляўся спортам – гуляў у футбол, валейбол і баскетбол. Старэйшыя хлопцы ў двары адзначылі хлопчыка і ў 1960 годзе прывялі яго ў школу мінскага «Дынама» да трэнера Яўгена Глямбоцкага. Першы час Старухін гуляў у варотах, потым перайшоў у абарону, следам падняўся ў сярэднюю лінію.

Пасля выпуску са школы гулец спадабаўся галоўнаму трэнеру «Дынама» Аляксандру Сявідаву. Старухіна сталі прыцягваць да трэніровак у дублі. Паралельна ён гуляў за каманду радыёзавода «Спадарожнік», з якім двойчы браў срэбра чэмпіянату БССР (1966, 1967). Аднак Сявідаў, які быў блізкі да сыходу з «Дынама», не здолеў дамовіцца наконт брані ад войска для Старухіна, і яго прызвалі ў 1967-м. Як салдат футбаліст выступаў за мiнскі «Гвардзеец», а ў ліпені 1968-го яго перавялі ў адэскі СКА.

Мог стаць чэмпіёнам яшчэ ў 23

Пасля дэмабілізацыі Старухін не вярнуўся ў Мінск. Футбаліст паспеў пазнаёміцца з трэнерам Юрыем Войнавым, які тады ўзначальваў «Будаўнік» (цяпер «Ворскла») і прапанаваў гуляць у савецкім Д3 за Палтаву з атрыманнем кватэры ва ўкраінскім аблцэнтры. У «Будаўніку» Старухін працягваў выходзіць у паўабароне, але калі асноўны форвард Аляксандр Васін сышоў у данецкі «Шахцёр», Войнаў перавёў беларускага гульца ў атаку. Старухін хутка адаптаваўся наперадзе і ў сезоне-1971 забіў у Д3 15 мячоў. Паралельна футбаліста пачалі прыцягваць да матчаў зборнай УССР на саюзных Спартакіядах.

На маладога нападаючага ўзнік попыт ад украінскіх клубаў. Сявідаў, які паспеў прыйсці ў кіеўскае «Дынама», клікаў Старухіна туды, але атрымаў адмову. Моцна хацелі займець форварда і ў «Зары». Аднак Старухін баяўся, што будзе сядзець у запасе, бо ў клуб з цяпер акупаванага Расіяй Луганска ў тым годзе сталі ўліваць грошы, на якія запрасілі шэраг вядомых футбалістаў. Таму беларускі гулец не пайшоў у «Зару», хаця яна прапаноўвала добры заробак і двухпакаёвую кватэру ў цэнтры горада. Так Старухін упусціў чэмпіёнскі тытул – «Зара» дзякуючы ўліванням выйграла трафей у 1972-м.

Уцёк з Палтавы

Старухін вырашыў перайсці ў «Шахцёр», які напрыканцы 1971-га вылецеў з савецкай эліты. У клубе пачалі перабудову, запрасіўшы маладога амбіцыйнага трэнера Алега Базілевіча, які даўно сачыў за Старухіным.

У Палтаве адпускаць проста так свайго найлепшага бамбардзіра не збіраліся – і «Шахцёр» вырашыў таемна вывезці гульца ў сваю вобласць. Аднойчы ў тры гадзіны ночы Старухін пачуў стук у акно свайго пакоя на базе клуба – на вуліцы стаяў капітан «Шахцёра» Аляксей Драздзенка, які ўжо паспеў угаварыць на хуткі ад’езд жонку беларускага гульца.

«Каб нікога не абудзіць, пакідаў у цемры навобмацак у сумку буцы, спартовы гарнітур – і драпаку! Ніколі не падазраваў, што «рафік» – такі хуткасны аўтамабіль, якім ён мне здаўся ў тую ноч. Галоўным было сысці за межы Палтаўскай вобласці, пакуль трывогу не паднялі і пагоню не арганізавалі. Абышлося», – успамінаў Старухін.

Гуляў пад чужымі прозвішчамі

Выявіўшы знікненне свайго футбаліста, «Будаўнік» падаў пратэст у саюзную федэрацыю футбола. Там Старухіна забанілі на сезон-1972. Тады «Шахцёр» заявіў форварда пад прозвішчам Чарных і пачалі найграваць у першынстве дублёраў. Там Старухін стаў шмат забіваць – і тут на прозвішча Чарных прыйшло запрашэнне ў маладзёжную зборную СССР. Вядома, ехаць туды было занадта рызыкоўна – у Маскву адправілі тэлеграму, што «Чарных» захварэў на менінгіт. А неўзабаве талент з-за «хваробы» і зусім «завяршыў кар’еру» – насамрэч Старухіна сталі заяўляць на матчы дублёраў пад рознымі новымі прозвішчамі.

Атрымаў мянушку Бабуся

Па выніках сезона-1972 «Шахцёр» вярнуўся ў элітны дывізіён – а Старухін, які як бы «адбыў» дыскваліфікацыю, пад сваім імем з’явіўся ў асноўным складзе, каб на дзевяць гадоў стаць лідарам «гарнякоў».

Старухін хутка адаптаваўся да савецкага Д1. У першым сезоне ён забіў 11 мячоў і атрымаў статуэтку найлепшага навічка-1973. У сезоне-1975 Старухін дзевяццю мячамі дапамог «Шахцёру» ўзяць срэбра, што дазволіла на наступны год дэбютаваць у еўракубках. У Кубку УЕФА Старухін аформіў па голе ў вароты берлінскага «Дынама» і «Гонведа». У 1/8 фіналу на шляху «Шахцёра» стаў будучы пераможца турніру «Ювентус» (0:3, 1:0).

У Данецку футбалісту далі ў элітным раёне цэнтра 4-пакаёвую кватэру, якая была абстаўленая югаслаўскай мэбляй і японскай тэхнікай. Таксама ў мiнчанiна мелася лецішча з гаражом, дзе стаяла «Волга». Была ў Старухіна і народнае любоў. Пасля ўдалых матчаў і галоў нападаючага ў яго двары збіраліся заўзятары, якія маглі да глыбокай ночы крычаць мянушку гульца – Бабуся.

Такую мянушку Старухін атрымаў у Данецку – і з-за свайго прозвішча, і з-за таго, што форвард з выгляду быў нашмат старэйшы за свае гады. Аднаклубнікі потым успаміналі, што нападаючы «выглядаў жудасна» з-за свайго нездаровага ладу жыцця.

Пападаў у алкагісторыі – часам вельмі непрыемныя

Старухiн любіў выпіць. Аднаклубнік па «Шахцёры» Віктар Звягінцаў успамінаў, што мінчанiн «легендарна закладваў». Аднойчы перад выязной гульнёй з «Араратам» Старухін на шэсць начных гадзін з’ехаў на гулянку з мясцовымі. Нягледзячы на гэта, трэнер Віктар Носаў выпусціў лідара на поле, але ў таго нічога не атрымлівалася – а ў адказ на прэтэнзіі Звягінцава Старухін паслаў аднаклубніка, за што ў перапынку атрымаў ад таго па галаве буцай з металічнымі шыпамі. З Ерэвана «Шахцёр» павёз нічыю, але на патрабаванне каманды прэміяльных за гэта Старухін не атрымаў.

У 1973-м данеччане паехалі на збор у Італію, дзе правялі серыю таварыскіх матчаў. У вёсцы Чынзана гулялі супраць аматараў, якім не хапала футбалістаў для поўнага складу. Старухін вырашыў успомніць дзяцінства і стаў у вароты супернікаў.

Пасля гульні мясцовыя шчодра надарылі футбалістаў дамашнім віном. Далей трэба было ехаць 250 км у Рым, і па дарозе ў аўтобусе некалькі гульцоў вырашылі выпіць – вядома, сярод іх быў і Старухін. Неўзабаве той заснуў, а брамніку Юрыю Дзегцярову захацелася пісаць – ён памачыўся ў бутэльку, а змесціва хацеў выліць у акно.

«Але – вецер. Ён, зараза, пагнаў брую назад – проста на Бабусю. А мамачкi! Бабуся, не расплюшчваючы вачэй, размазаў усё гэта па твары: «Гэй, акно зачыніце – дождж ідзе!» – расказваў Звягінцаў непрывабную гісторыю.

Акрамя прыхільнасці да алкаголю, Старухін любіў курыць цыгарэты, што хаваў ад сваіх дваіх дзяцей. Футбаліст аддаваў перавагу балгарскім маркам, у якіх адрываў фільтр.

Стаў найлепшым футбалістам СССР

У сезоне-1979 «Шахцёр» другі раз за сваю гісторыю фінішаваў другім, а Старухін стаў найлепшым бамбардзірам лігі, забіўшы 26 мячоў за 32 матчы. Больш за адзін розыгрыш чэмпіянату СССР забівалі толькі тры футбалісты – Алег Пратасаў («Днепр», 1985-ы, 35 галоў), Мікіта Сіманян («Спартак, 1950-ы, 34) і Алег Капаеў (СКА, 1963-ы, 27). У 1979-м бліжэйшыя канкурэнты Старухіна мелі па 17 галоў.

Мінчанiн адрозніваўся ўмелай гульнёй галавой, якой забіў нямала. Брамнікі распавядалі, што было цяжка прадбачыць, куды паляціць мяч пасля стрэлу форварда. Партнёры Старухіна выдатна ведалі, куды трэба навешваць, а форвард пісьменна выбіраў пазіцыю. Таксама з 26 галоў пяць выпалі на 11-метровыя ўдары.

Па выніках таго сезона Старухіна прызналі найлепшым футбалістам СССР. Так Віталь стаў адзіным у гісторыі беларускім футбалістам з такой узнагародай (у чэмпіёнскім для мiнскага «Дынама» 1982-м яе атрымаў брамнік «Спартака» Рынат Дасаеў). Таксама ўнікальным гэты выпадак аказаўся ў гісторыі «Шахцёра».

У 1980-м данеччане выйгралі Кубак СССР. У фінале «Шахцёр» абыграў тбіліскае «Дынама» 2:1, а Старухін на 24-й хвіліне адкрыў лік.

Быў цікавы «Порту»

У перыяд росквіту Бабусі савецкіх футбалістаў гуляць за мяжу не адпускалі. Аднак Старухін атрымаў прывабную прапанову ад «Порту», які набіраў моц. Партугальцы прапанавалі мінчаніну кантракт на любую разумную суму.

Пазней сын Старухіна расказваў, што тады выйшаў «вялiкi скандал» – данецкія супрацоўнікі КДБ нават зладзілі кругласутачнае дзяжурства ля кватэры форварда. Увогуле, з’ехаць футбалісту не далi.

Быў не патрэбны зборнай

Забіўнога нападаючага абмiналі ўвагай у зборнай СССР, тым больш у другой палове 1970-х камандай кіраваў Валерый Лабаноўскі з кіеўскага «Дынама». Нават пасля феерычнага сезона-1979 тады галоўны трэнер зборнай Канстанцін Бескаў лічыў, што форвард «Шахцёра» не ўпісваецца ў склад. Зрэшты, перад Алімпіядай-1980 Бескаў усё ж выклікаў «гарняка» ў каманду і выпусціў яго ў выязным спарынгу супраць ГДР (2:2). Старухiну не ўдалося праявіць сябе на полі, таму яго замянілі, а потым не ўключылі ў заяўку каманды на маскоўскія Гульні.

Стаў легендай «Шахцёра»

Прафесійную кар’еру Старухін скончыў неўзабаве. Перад стартам сезона-1981 у «Шахцёры» пачалі амаладжэнне, але пакінулі 31-гадовага форварда ў камандзе. Старухін паспеў забіць тры мячы ў 11 матчах, пасля чаго летам ад паслуг футбаліста ўсё ж адмовіліся. Па адной з версій, данецкія чыноўнікі западозрылі форварда ў несумленнай гульні. Па іншай, у клубе проста стаміліся ад таго, што форвард працягваў піць.

У гісторыі «Шахцёра» Віталь застаецца знакавай фігурай. Старухін забіў за клуб 110 мячоў – за 87-гадовую гісторыю «Шахцёра» больш толькі ў Луіса Адрыяна (128) і Андрэя Вараб’я (114). У 2014-м партал Football.ua назваў Старухіна найлепшым гульцом у гісторыі «Шахцёра».

Памёр у 51 год

Пасля раставання з «Шахцёрам» Старухіна актыўна запрашаў у Мiнск трэнер «Дынама» Эдуард Малафееў. Калі б форвард вярнуўся на Радзіму, то мог бы стаць чэмпіёнам СССР. Таксама прапаноўвалі Старухіну перайсці ў суддзі. Але ён ад усіх прапаноў адмовіўся – хацеў стаць трэнерам і пайшоў вучыцца, скончыўшы гульнявую кар’еру ў 32 гады.

Зрэшты, уся трэнерская дзейнасць Старухіна ў выніку прайшла ў дзіцячай школе «Шахцёра», дзе ён адпрацаваў больш за 15 гадоў. Самым вядомым выхаванцам мінчанiна стаў паўабаронца Валер Крывянцоў, які ў сярэдзіне 1990-х правёў 17 матчаў за зборную Украіны.

Пасля вяселля сына Старухін прадаў сваю 4-пакаёвую кватэру – купіў дзве паменш і дом за горадам, куды з’ехаў жыць. Там Віталь завёў невялікую гаспадарку і хадзіў на рыбалку. У 1999-м у гонар 50-гадовага юбілею форварда «Шахцёр» зладзіў ветэранскі матч, а самому Старухіну падарыў машыну.

Старухін памёр 9 жніўня 2000-га з-за пнеўманіі і ацёку лёгкіх – у бальніцы 51-гадовага мужчыну выратаваць не змаглі. Сваякі выбралі могілкі ў раёне Данецка, які падабаўся Старухіну.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты