Tribuna/Футбол/Блогі/Шкурын прынёс перамогу ў вар'яцкім матчы. Там было шэсць галоў, але залічылі толькі той, што забіў беларус

Шкурын прынёс перамогу ў вар'яцкім матчы. Там было шэсць галоў, але залічылі толькі той, што забіў беларус

Матка Боска!

29 лютага, 12:17
Шкурын прынёс перамогу ў вар'яцкім матчы. Там было шэсць галоў, але залічылі толькі той, што забіў беларус

Ілля Шкурын працягвае радаваць як прыхільнікаў «Сталі», так і беларускіх заўзятараў. У сераду яго каманда прымала «Лодзь» у перанесеным матчы 17-га тура чэмпіянату Польшчы. Аўтарам адзінага і пераможнага мяча стаў якраз Шкурын. Гэта трэці гол легіянера ў чатырох гульнях у 2024-м. На 27-й хвіліне Матэуш Думаньскі падаў у штрафную на свайго цёзку Матраса, той зрабіў скідку на Шкурына, які першым дотыкам увагнаў мяч у сетку.(адзнака 1:38):

Характэрна, што да таго мяч ужо двойчы пабываў у варотах «Лодзі», але галы былі адмененыя суддзямі праз становішча па-за гульнёй. У атаках, якія маглі стаць выніковымі, але не сталі, Шкурын браў актыўны ўдзел. На 8-й хвіліне ён класна прыняў не самую простую перадачу і другім дотыкам праз сябе адпасаваў на партнёра, далей адкрыўся на далёкай штанзе і з пяці метраў паразіў вароты. Але ў момант перадачы Шкурына яго партнёр апынуўся ў афсайдзе.(адзнака 0:22):

На 22-й хвіліне «Сталь» разыграла кутні, пасля чаго была падача, на якую зноў адгукнуўся Шкурын. Беларус прабіў, брамнік даў рады, але на дабіванні першым быў гулец «Сталі», які не прамахнуўся, але ў момант удару Шкурына партнёр знаходзіўся ў становішчы па-за гульнёй (адзнака 1:17):

Пасля перапынку «Лодзь» спрабавала адгуляцца і ажно тры (!) разы адпраўляла мяч у браму «Сталі», але ў першых двух эпізодах суддзі фіксавалі фол у атацы (у другім спатрэбіўся ВАР), а трэці мяч быў адменены праз афсайд (адзнака 2:33):

Матч завяршыўся мінімальнай перамогай «Сталі». Шкурын у другім тайме атрымаў жоўтую картку за размову з суддзём - чацвёртую ў сезоне, і таму прапусціць наступны тур. На 75-й хвіліне легіянера знялі з гульні. У бягучым сезоне Экстракласы на рахунку Шкурына 11 мячоў, 5 галявых перадач і другое месца ў спісе бамбардзіраў на сёння (у лідара гонкі нападаючага «Шленска» Эрыка Экспазіта – 14). Поўны спіс снайпераў чэмпіянату Польшчы можна паглядзець тут.

«Сталь» замацавалася на 8-й пазіцыі. Ад зоны вылету каманду аддзяляюць 10 пунктаў, да лідараў «Ягелоні» і «Шленска» таксама 10 пунктаў. Поўную табліцу Экстракласы можна паглядзець тут.

Ну і ўжо па традыцыі за гульнёй Шкурына з трыбун назіралі беларусы, сярод якіх былі бізнесмен Аляксандр Кныровіч і журналіст Аляксандр Івулін.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты