Tribuna/Футбол/Блогі/Малады форвард БАТЭ здзейсніў мару, забіўшы ў класіка. Яго натхніў той самы гол Драгуна пасля смерці Капскага

Малады форвард БАТЭ здзейсніў мару, забіўшы ў класіка. Яго натхніў той самы гол Драгуна пасля смерці Капскага

Святкуючы, дэманстраваў эмблему барысаўцаў.

14 сакавіка, 18:00
Малады форвард БАТЭ здзейсніў мару, забіўшы ў класіка. Яго натхніў той самы гол Драгуна пасля смерці Капскага

Аляксандр Шведчыкаў – адзін з герояў гарачага кубкавага класіка. 20-гадовы нападнік дэбютаваў за першую каманду барысаўцаў якраз у гэтым супрацьстаянні з мінскім «Дынама», але на фоне перфомансу Алега Нікіфарэнкі застаўся крыху ў ценю.

У першым матчы з «Дынама» (0:1) Шведчыкаў з'явіўся на полі пасля перапынку, але нічым асаблівым не запомніўся. У гульні ў адказ (3:2) форвард паўдзельнічаў у першым голе барысаўцаў – менавіта ён падхапіў мяч на сваёй палове поля і ў стылі Гарэта Бэйла ўцёк ад Іллі Чарняка, пасля чаго адпасаваў на Нікіфарэнку, каб той мог забіць і парадавацца разам з Вадзімам Скрыпчанкам:

Да першага асісту за БАТЭ ў гэтай жа гульні Шведчыкаў дадаў і дэбютны мяч. На другой дадатковай хвіліне ў другім тайме пры ліку 2:2 прыбраў са свайго шляху Максіма Швяцова і ўдарам з пыра перавёў гульню ў экстратайм:

Падчас святкавання Шведчыкаў паказаў эмблему БАТЭ прыхільнікам «Дынама».

Да серыі пенальці форвард не дагуляў – Ігар Крывушэнка замяніў яго на 102-й хвіліне пад авацыі барысаўскіх заўзятараў, якія прыехалі падтрымаць каманду на «Дынама-Юні». Нагадаем толькі, пасляматчавыя адзінаццаціметровыя ўдары футбалісты «Дынама» білі больш дакладна (5:4).

Пасля матчу Шведчыкаў, адказваючы на пытанні барысаўскай прэс-службы, расказаў, што забіць у класіка – гэта была яго мара, якая ўзнікла пасля таго самага гола Станіслава Драгуна ў 2018-м праз некалькі дзён пасля смерці Анатоля Капскага.

– На самой справе гэта мая мара. На такім стадыёне, пры такіх заўзятарах, пры такім суперніку – «Дынама» Мінск. Калі быў маленькім, мне было 14 ці 15 гадоў, памятаю, тады памёр Анатоль Анатольевіч Капскі, і потым была гульня з «Дынама», калі забіў [Станіслаў] Драгун. Памятаю, сядзеў на трыбунах, і ў мяне проста сэрца калацілася. Падумаў: вось бы я калі-небудзь у такім матчы згуляў. І вось мара спраўдзілася, – распавёў Шведчыкаў.

Адзначым, што надыходзячы сезон стане дэбютным для форварда ў вышэйшай лізе. Мінулы год быў для яго першым на дарослым узроўні і правёў ён яго ў «Маладзечне» з Д2, дзе ў 30 матчах першай лігі здолеў вызначыцца сем разоў і яшчэ двойчы асіставаў партнёрам.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты