Tribuna/Футбол/Блогі/Туміловіч распавёў, як браў удзел у здачы матча. Дэталi запікалі, але, здаецца, у справе быў Байдачны і яшчэ два беларусы

Туміловіч распавёў, як браў удзел у здачы матча. Дэталi запікалі, але, здаецца, у справе быў Байдачны і яшчэ два беларусы

Для экс-брамнiка не кожны «дагаварняк» аднолькава агiдны.

15 сакавіка, 06:00
Туміловіч распавёў, як браў удзел у здачы матча. Дэталi запікалі, але, здаецца, у справе быў Байдачны і яшчэ два беларусы

Пра ўменне былога брамніка зборнай Беларусі Генадзя Туміловіча прыгожа і эмацыйна расказваць гісторыі ведаюць у белфутболе, бадай, усе. Цяпер гэтае ўменне разгледзелі ў Расіі, дзе Тумiловiч трэнiруе пецярбуржскi «Крыстал» з пляжнага футбола.

Апошнім часам Тумiловiч неаднаразова з“яўляўся на расійскіх футбольных YouTube-каналах. У ліпені Туміловіч прыйшоў у піцерскае «СБГ шоу», дзе цэнтральнай тэмай паўтарагадзіннага відэа стала тое, што Тумiловiч тварыў у пʼяным стане, як кадзіраваўся і зрываўся. Цяпер відэа з экс-брамнiкам з адрывам зʼяўляецца лiдарам па праглядам на канале (118 тысяч, блiжэйшы канкурэнт – 46 тысяч).

Таксама ў 2023-м Туміловіч схадзіў на падкаст да расійскiх экс-футбаліста мінскага «Дынама» Дзмітрыя Сычова і каментатара Дзяніса Казанскага, затым паўдзельнічаў у навагоднім стрыме «СБГ шоу».

А ў 2024-м адзiн з найпапулярнейшых расійскіх спартыўных YouTube-каналаў «Коммент Шоу» стварыў пад экс-кiпера асобны праект у фармаце late night show – «Вечерний Тумилович». Вядучыя – Казанцаў ды расійскі комік Філіп Варонін, а адзiны госць – сам Туміловіч.

Пакуль выйшла два выпускі. У іх зноў хапае гісторый пра пʼяныя прыгоды Тумiловiча, якi распавядае з вялiкай колькасцю шчырага мата. Але ў другiм выпуску, акрамя складання рэйтынгу катэгорый выдаткаў Тумiловiча за жыццё (першыя два месцы занялi тусоўкi i казiно), Казанскi запытаўся, як экс-брамнiк гуляў у дагаварных матчах. Той адказаў, што гэта «палева», але i тут выдаў яскравы расповед.

Больш за тое, Туміловіч нават расказаў пра канкрэтны дагаварны матч, у якiм трэба было згуляць унiчыю, але да самай канцоўкi гэтага не атрымлiвалася. Экс-брамнiк наўпрост называў нейкiя iмёны ды клубы, але ж расiяне на мантажы ўсё гэта заглушылi бязлiкiм голасам – вось гiсторыя, у якiх моманты цэнзуры вылучаныя тлустым:

«Унічыю згуляць – самая складаная ##### [задача]. Сука. Iмя імя па бацьку, брат, прабач, ну было, ##### [блін]. Карацей. Клуб 1 да прыходу прозвішча... Ну ўсе ведаюць – знакамiтае «тры ў тры». Было, ### [фіг] з ім, было, усё, закрылі тэму. Тут мы першы круг вельмі добра «вазілі» ўсіх. Нешта я траўму атрымаў, дайшоў ужо на мора першы раз – ну і прозвішча, карацей, «зачахліў» мяне.

Я не гуляў. Я накруціў, ##### [блін], мне ##### [усё роўна] гэты футбол ужо. Але ведаю, што павінны нічыйку згуляць. А «прэмкі», сказалі, як за перамогу. Ну і ####### [выдатна].

2:0 клуб 2 на 15-й хвіліне вядзе. Ну як бы ##### [шмат] часу – да 90-й зраўняць. І тут, ##### [блін], 90-я, можа, 100-я [хвiлiна] – лік 2:1. Брамнiк [супернiкаў] у зборнай тура потым [быў], можам паглядзець. Цi зраўнялi? На 132-й [хвiлiне] недзе, ##### [блін]. Усе выдыхнулі, ##### [блін]».

Але ж, нягледзячы на рэдагаванне гука, па ўскосных дэталях усё ж можна здагадацца, пра які матч шла гаворка.

1. Туміловіч пачынае сваё апавяданне з таго, што ў нейкую каманду прыходзіць пэўны чалавек, да якога карысталiся сістэмай «тры ў тры» – гэта значыць дамову паміж камандамі на абмен перамогамі дома ў адным чэмпіянаце, у выніку чаго кожная атрымлівае па тры ачкі ў табліцы. Такую ж гісторыю Туміловіч расказваў у «СБГ шоу» – пра этап працы з Анатолем Байдачным у расiйскай «Жамчужыне» з Сочы ў 1998 годзе.

«Байдачнаму не пашанцавала ў Расіі, таму што ён працаваў у клубах, якія… «Жамчужына» Сочы – што гэта такое? Да сезона 15 ачкоў заўсёды ў кішэні, ##### [блін]. Тры ў тры – як здрасце, ##### [блін]. Трэба аддаць – аддалі», – расказваў Туміловіч.

2. У «СБГ шоу» Туміловіч, успамінаючы сезон 1998 года ў «Жамчужыне», распавядаў, што першую палову сезона яны ўсіх «вазілі рылам». У «Коммент шоу» ён расказвае тое ж самае пра «нейкую» сваю каманду. Згодна з таблiцай расiйскага Д1-1998, «Жамчужына» пасля 14 з 30 тураў ішла на трэцiм месцы з 22 ачкамі ў актыве – потым пайшоў спад.

3. Туміловіч расказвае, што ў першым крузе ён за сваю каманду гуляў, потым атрымаў траўму, а далей штосьцi зрабiў – i яго прыбралi з варот. У сезоне 1998 у «Жамчужыне» Тумiловiч у першым крузе адыграў усе туры з другога па 12-ы, у якiм быў заменены на 78-й хвiлiне – пасля знік з заяўкі на дзве гульні, потым вярнуўся, але наступныя 12 матчаў правёў у запасе. Карацей, сходзiцца.

4. Таксама ў «Коммент шоу» Туміловіч апiсвае тое, за што яго «зачахлiлi», як «дайшоў на мора» – а Сочы якраз стаiць на ўзбярэжжы Чорнага мора.

5. «Жамчужына» ў ЧР-1998 згуляла 2:2 толькi адзiн матч – у 23-м туры дома з «Шыннiкам». I менавiта пра хатнюю дагаворную гульню «Жамчужыны», якая павiнная была скончыцца мiрам, Туміловіч згадваў у «СБГ шоу», казаўшы пра ўплыў трэнера.

«Пры Байдачным была катэгарычная забарона [на дагаворныя матчы]. Але калі ад яго пайшла ініцыятыва… Да нас прыехала адна камандзёха: селі яны, пасядзелі – і дамовіліся нічыйку згуляць. Да каманды гэта дайшло. Зразумела, што не без Байдачнага», – заяўляў Туміловіч.

6. Тумiловiч кажа пра 2:0 на карысць гасцей на 15-й хвiлiне i апошнi гол глыбока ў дададзеным – але часавыя паказнiкi (тым больш зусiм нерэалiстычная 132-я хвiлiна) могуць быць мастацкiм прыёмам ад экс-брамнiка. А ў агульным ход матча быў такi, як апiсана: госцi павялi 2:0 на 31-й, адзiн гол гаспадары адыгралi тут жа, а другi – толькi на 87-й.

7. Тумiловiч запэўнiў, што брамнiк супернiкаў пасля 2:2 аказаўся ў зборнай тура, прапанаваўшы «паглядзець» iнфармацыю. Мы паглядзелi – i сапраўды: пасля матча з «Жамчужынай» кiпер «Шыннiка» Яўген Карнюхiн трапiў у зборную 23-га тура ЧР-1998 па версii газеты «Спорт-Экспресс». Не дзiўна – згодна з пратаколам, «Жамчужына» нанесла 28 удараў па варотах, з якiх у створ трапiлi 13! Частка сэйваў Карнюхiна пайшла ў сюжэт на ТБ, якi нам удалося знайсцi – поўнае адчуванне, што брамнiку нiхто не сказаў пра план на нiчыю. Затое бачна, як адзiн з абаронцаў «Шыннiка» пры апошнiм голе як быццам «завiс», зламаўшы заадно афсайдную лiнiю.

Увогуле, назiраем поўнае супадзенне апiсанага Тумiловiчам матча з сустрэчай «Жамчужына» – «Шыннік». I трэба сказаць, што тады Байдачны, пакiнуўшы брамнiка ў запасе, выпусцiў у старце двух iншых беларускiх гульцоў. Мы не можам сцвярждаць, што яны «здавалi» матч – нават не можам сцвярджаць, што яны ведалi пра здачу. Але ўдзел у такой гульнi выглядае нядобра.

Форвард Канстанцiн Каваленка дайграў тады да 55-й хвiлiны. Ён нарадзіўся ў Рагачове, гуляў у сiстэме «Гомеля», але перад 17-годдзем паехаў у Расiю, дзе (у асноўным у Д2) правёў практычна ўсю кар’еру. Правёў два матчы за зборную Беларусі – «таварнякi» з Літвой у 1995-м і Расіяй у 1999-м.

У Каваленкi ў Расii была проста жахлівая рэпутацыя з-за яго нястрыманых паводзін на полі і пастаянных парушэнняў спартыўнага рэжыму. У газетах яго называлi «анфан тэрыбл» (нязноснае дзiця) і «самы скандальны футбаліст Расii». Апошнім клубам Каваленкі стаў «Сочы-04», у складзе якога ў кастрычнiку 2008-га ў матчы Д3 гулец ўдарыў арбітра Сяргея Цімафеева кулаком у твар, што прывяло да страсення мозгу суддзі. КДК РФС дыскваліфікаваў Каваленку на год, на чым ён i скончыў карʼеру. Пазней некаторы час Каваленка працаваў у акадэміі «Краснадара», але ў 2017-м годзе быў звольнены з-за прагулаў. Чым займаецца цяпер – невядома.

Цалкам сустрэчу «Жамчужыны» супраць «Шынніка» правёў абаронца Уладзімір Журавель, якi быў вядомай i паважанай фiгурай у белфутболе на працягу гульнявой i трэнерскай кар’еры. У лістападзе 2018 года Журавель памёр пасля працяглай хваробы.

Туміловіч жа пасля гiсторыi пра нічыю паразважаў пра дагаварныя матчы ў агульным. Як высветлiлася, для экс-кiпера дамова каманд на абмен перамогамi дома – гэта як быццам «не здача, ну, ##### [блін], парадавалі гледачоў тых i гэтых, ####### [афігенна]». Ды i ад дагаварной перамогi ў Тумiловiча няма дрэнных адчуванняў, бо прэмiяльныя за вынiк перавешваюць, так што «у бухгалтэрыю зайшоў – і ### [фіг] з ім». Але ўсё ж ад некаторых дагаворных матчаў экс-брамнiку было няўтульна.

«Калі ты здаеш гульню… ##### [блін], шчыра – ну, бывала. Так, здавалі. Кагосьці ратавалі, кагосьці наверх выводзілі. ##### [блін], адчуванне паскуднае, сука. Я не ўхваляю, гэта ###### [трындзец]. Гэта агідна. Усё перайшло з Савецкага Саюза», – сказаў Тумiловiч.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты