Tribuna/Футбол/Блогі/Лепш, чым Брандт і Гаверц. Фларыян Вірц – лідар гэтага «Баера» і надзея нацыі на хатнім Еўра

Лепш, чым Брандт і Гаверц. Фларыян Вірц – лідар гэтага «Баера» і надзея нацыі на хатнім Еўра

У 20 гадоў яго ўжо ацэньваюць у 100 млн. еўра.

Аўтар — Jaŭhen Paŭlavič
17 сакавіка, 10:02
Лепш, чым Брандт і Гаверц. Фларыян Вірц – лідар гэтага «Баера» і надзея нацыі на хатнім Еўра

Нягледзячы на ​​сур'ёзныя цяжкасці ў абодвух матчах 1/8 фіналу Лігі Еўропы супраць «Карабаха», леверкузенскі «Баер» працягвае сваю фантастычную бяспройгрышную серыю ў бягучым сезоне, якая складае ўжо 37 паядынкаў ва ўсіх спаборніцтвах.

Пасля абодвух неверагодных камбэкаў супраць азербайджанскага клуба, шмат хто кажа пра Патрыка Шыка, які стаў сапраўдным героем гэтага супрацьстаяння. І хоць у камандзе Хабі Алонса ўвагі заслугоўвае амаль кожны футбаліст, пра аднаго з іх хочацца расказаць асобна.

І гэта – Фларыян Вірц.

Вірц атакуючы рухавік Баера . На яго рахунку 27 рэзультатыўных дзеянняў у 35 матчах сезону

Як і любая іншая каманда, якая пастаянна перамагае і забівае шмат галоў, «Баер» прыкоўвае да сябе ўвагу, перш за ўсё, атакуючай лініяй. Узгадайце толькі пра траўміраванага цяпер Віктара Баніфейса – пра яго больш за ўсё казалі заўзятары, журналісты і эксперты.

Зрэшты, і пры прысутнасці, і пры адсутнасці Баніфейса самая яркая зорачка леверкузенцаў на футбольным полі – Фларыян Вірц. Дзясятку «фармацэўтаў» называюць лепшым дамарослым талентам нямецкага футбола (на ўсялякі выпадак нагадаем, што Джамал Мусіяла атрымліваў футбольную адукацыю ў Англіі) і адной з галоўных надзей нацыі напярэдадні хатняга чэмпіянату Еўропы.

Вірц – выхаванец акадэміі «Кёльна» і перабраўся ў Леверкузен зімой 2020 года ўсяго за – ўвага! – 200 тысяч еўра. Цікава, што за асноўную каманду «казлоў» Фларыян так і не згуляў, а вось у профі-камандзе Баера дэбютаваў ужо праз некалькі месяцаў – ва ўзросце 17 гадоў і 15 дзён стаў самым маладым дэбютантам у гісторыі каманды ў Бундэсліге.

Спартыўным нахабствам, упэўненасцю ў сабе і тэхнічнымі навыкамі Вірц адразу ж даў зразумець – ён стане вялікім футбалістам. Гэты тэзіс Фларыян пацвердзіў ужо ў чацвёртым матчы за Баер, у якім адзначыўся прыгожым дэбютным голам у вароты мюнхенскай «Баварыі».

Здавалася, ён толькі вось-вось далучыўся да каманды U-19 леверкузенцаў, але імгненна стаў важнай зброяй асноўнай каманды – у агульнай складанасці згуляў 9 матчаў да завяршэння сезона і нават тройчы выходзіў у стартавым складзе. Цікава, як сябе адчувалі супрацоўнікі «Кёльна», адказныя за ягоны догляд за такія капейкі?

Вірц завяршаў першае паўгоддзе ў Леверкузене пераважна як флангавы футбаліст, але пераход Кая Хаверца ў Чэлсі ў летняе трансфернае акно адкрыў для Фларыяна шлях на пазіцыю атакуючага хаўбека. Тагачасны трэнер фармацэўтаў Петэр Бос даверыў 17-гадоваму юнаку месца ў стартавым складзе на адказнай пазіцыі – а той не падвёў.

У першым паўнавартасным сезоне за «Баер» Вірц здзейсніў 16 рэзультатыўных дзеянняў, а кампанію 2021/22 пачаў з чатырох галоў і шасці асістаў у стартавых сямі матчах Бундэслігі і заслужана атрымаў дэбютны выклік у нацыянальную зборную Нямеччыны. Па стане на сярэдзіну сакавіка 2022-га на рахунку Фларыяна было 10+14, яму ўжо прадказвалі месца ў старце Бундэстым на чэмпіянаце свету ў Катары, як раптам у матчы супраць роднага «Кёльна» ён разарваў крыжападобную звязку калена.

Пра паездку на Блізкі Усход прыйшлося забыцца, але траўма не зламала Фларыяна – ён вярнуўся на поле праз 10 месяцаў і дапамог камандзе Хабі Алонса рэабілітавацца перад уласнымі заўзятарамі за катастрафічны старт сезона ў Бундэсліге і дайсці да паўфіналу Лігі Еўропы. Фларыян паспеў вызначыцца 12 рэзультатыўнымі дзеяннямі ў 25 матчах.

Далей – вельмі ўдалы сезон як індывідуальна для Вірца, так і камандна для «Баера». Па стане на сярэдзіну сакавіка Фларыян здзейсніў 27 рэзультатыўных дзеянняў ва ўсіх спаборніцтвах (10+17), а леверкузенцы ўсё яшчэ прэтэндуюць на трэбл і як мінімум маюць вельмі добрыя шанцы на перамогу ў чэмпіянаце (адрыў ад «Баварыі» складае 10 ачкоў) і Кубка Германіі («фармацэўты» – адзіная каманда Бундэслігі, якая засталася ў турніры па стане на паўфінал).

Фларыяна называюць апгрэйднутай версіяй Брандта і Хаверца – яго футбольныя якасці выключныя.

Леверкузенцы падарылі еўрапейскаму футболу нямала таленавітых футбалістаў за гады, таму нядзіўна, што пасля з'яўлення Вірца ў «Баеры» яго адразу ж сталі параўноўваць з некаторымі з іх. Па стылі гульні і пазіцыі на полі кандыдатаў было няшмат – Юльян Брандт і Кай Хаверц.

Вось так пра Фларыяна пісалі яшчэ ў снежні 2020-га: «Фларыян Вірц – фантастычны, можа стаць большым талентам, чым Брандт і Гаверц».

Брандта ў свой час лічылі самым таленавітым нямецкім юнаком, які да свайго пераходу ў дортмундскую «Барусію» ўсяго за 25 млн еўра здзейсніў амаль 100 рэзультатыўных дзеянняў у 215 матчах за «Баер». Хоць зараз Юльян з'яўляецца лідэрам чорна-жоўтых, свой неабмежаваны патэнцыял у Дортмундзе ён усё ж не рэалізаваў.

Пры Хаверцы «фармацэўты» зарабілі значна больш (80 млн еўра), Кай нават забіваў пераможны гол за «Чэлсі» ў фінале Лігі чэмпіёнаў, але на індывідуальным узроўні сапраўды хацеў бы большага – таму і адправіўся ў «Арсенал» да Мікеля Артэты.

У іх абодвух выдатныя футбольныя якасці, якія дэманструюць і зараз у сваіх клубах, але Вірц здаецца яшчэ больш прасунутым футбалістам.

Па-першае, у адрозненне ад Томаса Мюлера ці таго ж Гаверца, якіх лічаць атакуючымі хаўбэкамі з якасцямі тыповага нямецкага «роўмдайтэра» (футбаліста, які мае ўменне пастаянна знаходзіць свабодную прастору), Вірц больш тэхнічны гулец, які аддае перавагу працы з мячом – як і Брандт.

Галоўная перавага Фларыяна – высакаякасны дрыблінг. Вірц бярэ на сябе ініцыятыву і пастаянна пагражае браме супернікаў, у прыватнасці, дзякуючы індывідуальным дзеянням.

Чаго варты толькі яго неверагодны гол у вароты «Фрайбурга» у гэтым сезоне:

Яшчэ адна адметная рыса Фларыяна – яго дзеянні вельмі цяжка прадказаць. Часам ён прымае на футбольным полі рашэнні, да якіх сапернікі зусім не гатовы.

Вось, напрыклад, яго нядаўні гол «Карабаху»:

Настолькі ж ён таленавіты!

Фларыянам цікавяцца «Баварыя», «Сіці» і «Ліверпуль». Чаго чакаць улетку

Канешне, Вірц ужо даўно знаходзіцца на алоўку многіх еўрапейскіх грандаў.

«Баварыя», напрыклад, яшчэ даўно звярнула ўвагу на зорнага юнака і быццам бы паспрабуе падпісаць яго ў летняе трансфернае акно. Таксама, паводле інфармацыі брытанскіх медыяў, на 20-гадовага хаўбэка прэтэндуюць «Ман Сіці» (там яго бачаць у якасці замены Кевіну Дэ Бруйнэ) і «Ліверпуль».

Зрэшты, бацька і агент футбаліста Ганс Вірц выразна расставіў усе кропкі над «i» наконт будучыні свайго сына: «У Фларыяна кантракт з «Баерам» да 2027 года. Грубіянска кажучы, гэты перыяд ён правядзе ў Леверкузэне. Яму трэба яшчэ крыху часу, каб дамагчыся ўзроўню, на якім ён зможа дэманстраваць такія выступы на сталай аснове. Толькі ў такім выпадку мы зможам казаць пра падвышэнне».

Што ж, партал Transfermarkt ужо сёння ацэньвае Вірца ў 100 млн еўра. Цікава, ці зможа «Баер» пабіць трансферны рэкорд, калі на працягу гэтага часу Вірц зробіць яшчэ некалькі крокаў наперад у сваім развіцці?

Фота: Jörg Schüler/Bayer 04 Leverkusen, INA FASSBENDER/AFP/Global Look Press, Sebastian Widmann/Bongarts, Alexander Hassenstein/REUTERS

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты