Tribuna/Футбол/Блогі/Касячнага абаронцу БАТЭ пасля траўмы захацелі ў лізе з топ-5 – гучыць як фантастыка, але вось чым гэта можна растлумачыць

Касячнага абаронцу БАТЭ пасля траўмы захацелі ў лізе з топ-5 – гучыць як фантастыка, але вось чым гэта можна растлумачыць

У клуба ёсць досвед з ЧБ.

Аўтар — bytribuna com
18 сакавіка, 20:30
Касячнага абаронцу БАТЭ пасля траўмы захацелі ў лізе з топ-5 – гучыць як фантастыка, але вось чым гэта можна растлумачыць

Цэнтральны абаронца БАТЭ Сідзі Банэ блізкі да пераходу ў «Ланс». За 20-гадовага сенегальца, у якога кантракт з барысаўчанамі разлічаны да канца 2024-га, французскі клуб можа выкласці каля 300 тысяч еўра.

На першы погляд гэта навіна на мяжы немагчымай. Пры сваёй добрай антрапаметрыі, высокай хуткасці і ўменні гуляць двума нагамі Банэ мае слабую тактычную падрыхтоўку. Цэнтрдэф прывёз два галы ў першым класіка сезона-2023, а ў еўракубках з-пад яго супернікі не раз паражалі вароты Барысава. Пасля аднаго з галоў абаронца нават пасварыўся з варатаром Андрэем Кудраўцом.

Зрэшты, ужо ў верасні 2023-га, адразу пасля 16 прапушчаных БАТЭ мячоў у шасці еўракубкавых матчах, Бане павінен быў з’ехаць за мяжу. Афрыканец, які на той момант атрымліваў у БАТЭ аклад крыху больш за тысячу рублёў, пераходзіў у «Аль-Джазіру» з ААЭ, дзе гатовыя былі заплаціць 300-350 тысяч долараў. Перашкодзiў толькі медагляд, на якім выявілі траўму. Пазней аказалася, што ў Банэ быў пералом – як казаў экс-трэнер барысаўчан Кірыл Альшэўскі, хадзіць не перашкаджаў, але гуляць футбалісту з тых часоў не давалі. У 2023-м ён не вярнуўся на поле – толькі ў лістападзе пачаў трэніроўкі па індывідуальнай праграме.

Аднак чуткі пра продаж Банэ працягвалі хадзіць. У студзені 2024-га з’явілася інфармацыя, што набыць гульца, нягледзячы на аднаўленне, хоча турэцкі «Каньяспор». Але на справе сенегалец заставаўся ў БАТЭ і на пачатку лютага на зборы ў Гродне пачаў працаваць у агульнай групе. 15 лютага Бане ўпершыню за доўгі час паўдзельнічаў у матчы – выйшаў на 20 хвілін у спарынгу з «Нёманам» (2:0). Потым было яшчэ 72 хвіліны ў двух «таварняках», у адным Банэ забіў дублёрам «жоўта-сініх».

На першы афіцыйны матч сезона Банэ застаўся ў запасе – у старце на кубкавую гульню з мінскім «Дынама» выйшлі Руслан Хадаркевіч і Аляксандр Мартынаў. Пасля паражэння Ігар Крывушэнка змяніў схему і дадаў Банэ трэцім цэнтральным абаронцам на матч у адказ. У пачатку другога тайма сенегальцу не ўдалося прадухіліць скідку ад Арцёма Сакалоўскага, пасля якой Ігар Школік распячатаў вароты БАТЭ (адзнака 2:23).

На 77-й хвіліне Крывушэнка замяніў Банэ на калегу на амплуа Ягора Осіпава. Але ўжо ў першым туры «вышкі» з «Мінскам» (1:0) афрыканец правёў ужо ўсе 90 хвілін. Пачынаў у тройцы з Хадаркевічам і Мартынавым – зноў не без праблем: у канцы першага тайма пасля падачы са штрафнога ўпусціў Аляксея Туманава, які ледзь не адкрыў лiк (адзнака 1:30).

Пасля перапынку БАТЭ для больш якаснага кантролю мяча памяняў схему на 4-2-3-1, з-за чаго Банэ адправіўся ў апорную зону. Там у яго атрымлівалася лепш, плюс футбаліст меў дзве магчымасці забіць. На 66-й хвіліне мяч пасля ўдару галавой прайшоў побач са штангай (адзнака 2:51). А ў дададзены час Банэ зарадзіў з лініі штрафной, аднак яго ўдар заблакавалі (адзнака 4:03).

«Мне спадабалася, як ён згуляў. Мяч кантраляваў упэўнена, дырыжыраваў гульнёй. І аб’ём вытрымаў на дастаткова энергазатратнай пазіцыі [у апорнай зоне]», – даў ацэнку Крывушэнка.

Ці дастаткова такога пробліску для пераходу ў «Ланс» – пытанне рытарычнае, але ёсць два фактары, якія могуць гэтаму дапамагчы. Па-першае, у Банэ нядрэнны агент – француз Самуэль Хадад. Яго асноўныя актывы гуляюць у вядучых еўрапейскіх лігах, самы дарагі – буркініец Данго Уатара з «Борнмута» – ацэньваецца ў 20 мільёнаў еўра.

Па-другое, «Ланс» ужо ведае, як купляць з чэмпіянату Беларусі. У ліпені 2023-га «крывава-залатыя» за 100 тысяч долараў набылі ў «Энергетыка-БДУ» цэнтральнага абаронцу Абдукадзіра Хусанава. Узбек спачатку быў не так часта запатрабаваны, але ў апошні час усё больш гуляе ў першай камандзе. Цяпер на яго рахунку дзевяць матчаў Лігі 1, у сямі з якіх ён з’яўляўся з першых хвілін, і чатыры гульні ў еўракубках, у тым ліку поўны 120-хвілінны паядынак 1/16 ЛЕ з «Фрайбургам» (хоць «Ланс» прайграў 2:3 і вылецеў).

У чэмпіянаце Францыі «Ланс» ідзе на шостым месцы і прэтэндуе на трапленне ў еўракубкі і ў наступным сезоне.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты