Tribuna/Футбол/Блогі/З караваем, мяшком бульбы і баянам – у Калінінградзе крынжова сустрэлі мінскае «Дынама»

З караваем, мяшком бульбы і баянам – у Калінінградзе крынжова сустрэлі мінскае «Дынама»

Але мінчан гэта, падобна, не збянтэжыла

Аўтар — Pam-pam
23 сакавіка, 13:41
З караваем, мяшком бульбы і баянам – у Калінінградзе крынжова сустрэлі мінскае «Дынама»

Пакуль у ЧБ утварылася паўза на гульні зборнай, мінскае «Дынама» вырашыла правесці таварыскую гульню з калінінградскай «Балтыкай».

Перад матчам галоўны трэнер мінскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка прыемна адгукаўся пра суперніка з Калінінграда.

«Спарынг з такім апанентам, на гэтым стадыёне і пры падобным антуражы – гэта важна і для нас, і для суперніка. Мы жадаем вырашыць свае задачы. Самае галоўнае – мы маем магчымасць згуляць з сур'ёзным супернікам», – казаў Скрыпчанка ў інтэрв'ю.

У выніку гульня скончылася ўпэўненай перамогай гаспадароў (3:1). «Балтыка» выйшла наперад на 30-ай хвіліне намаганнямі Казлова. Праз хвіліну мінчукам удалося аднавіць парытэт у матчы - дакладным стрэлам вызначыўся 19-гадовы паўабаронца «Дынама» Уладзіслаў Кролік. Але ў другім тайме калінінградцы паказалі, хто ў доме гаспадар, і забілі 2 мячы ў браму беларускай каманды. На 62-ай хвіліне вызначыўся Насімента, а яшчэ праз 15 хвілін фінальную кропку ў матчы паставіў экс-гулец «Дынама», але брэсцкага, Фамее.

Адзначым, што ў складзе расійскай каманды выступалі беларусы Віталь Лісаковіч і Юрый Кавалёў. Кірыл Капленка не патрапіў у заяўку.

Пасля гульні галоўны трэнер «Дынама» Вадзім Скрыпчанка расказаў, чаго не хапіла камандзе.

«Мне спадабалася, як дзейнічала мая каманда. Ні да каго няма сур'ёзных прэтэнзій. Адзінае, не хапіла нас сёння на 90 хвілін. Але гэта ўсё ж такі наш першы са студзеня выхад на натуральны газон, доўгі час мы працавалі на сінтэтыцы. Гэты пераход даў ведаць аб сабе. Крыху не хапіла нам сілы на канцоўку, з-за чаго і прапусцілі два галы ў другім тайме, а ў «Балтыкі» была вялікая перавага ў канцоўцы. Але важна, што мы цэласна выглядалі на пэўным адрэзку, які мне спадабаўся. Наша мэта зараз – выглядаць так на працягу ўсіх 90 хвілін», – сказаў Скрыпчанка.

Гульня гульнёй, але цікавым момантам вакол гэтага матча з'яўляецца тое, як калінінградцы сустракалі «Дынама» перад сустрэчай.

«Балтыка» на сваёй старонцы ў instagram выклала відэа з сустрэчай беларускай каманды на базе клуба. Прывітанне атрымалася сваеасаблівым - з караваем, бульбай і баянам з бубнам.

Выглядае крынжова, але мяркуючы па ўсмешках футбалістаў і трэнерскага штаба мінчан, такая сустрэча ім спадабалася.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты