Tribuna/Футбол/Блогі/У Брэсце «нармалiзавалi» маскота – яго ў «Дынама» ўвялi пры «гаманцы Лукашэнкі», якi меў жывёльную калекцыю па прозвiшчы

У Брэсце «нармалiзавалi» маскота – яго ў «Дынама» ўвялi пры «гаманцы Лукашэнкі», якi меў жывёльную калекцыю па прозвiшчы

Зайцаў і яго зайцы.

30 сакавіка, 13:00
У Брэсце «нармалiзавалi» маскота – яго ў «Дынама» ўвялi пры «гаманцы Лукашэнкі», якi меў жывёльную калекцыю па прозвiшчы

29 сакавiка брэсцкае «Дынама» правяло першы хатні матч у 2024 годзе. У супернiках была нетопавая «Смаргонь», якую гаспадары разграмiлi 4:1. А на стадыёне налiчылi ажно 7588 гледачоў. Вядома, у Брэсце i так традыцыйна добра ходзяць на футбол, тым больш мясцовая каманда сабрала цiкавы склад на сезон.

Але ж прыцягваюць гледачоў i матчдэямi, якiя засталiся ў клубе з «сытых» часоў. А перад першай брэсцкай сустрэчай у 2024-м «Дынама» абвясцiла яшчэ i пра вяртанне маскота. У клубе адрадзiлi зайца па імені Брэстаман, прадставіўшы яго ролікам з адсылкай да культавага галівудскага фільма «Тэрмінатар».

Брэстаман арыгiнальнай версii з’явіўся на матчах «Дынама» ў 2016-м. Увесну таго года ў горадзе над Бугам абвясцiлі адкрыты конкурс па выбары талісмана, а ўвосень прадставілі вельмі неардынарны варыянт. Па стылі брэсцкі заяц нагадваў ямайскага музыку Боба Марлі – насiў дрэды з бародкай і шапачку растаманаў, да чаго яўна адсылала i iмя маскота. А яшчэ ў Брэстамана быў свой акаўнт у сацсетках, якi актыўна абнаўляўся да канца сезона-2018.

Брэстаман з’явіўся якраз тады, калі клуб уступаў у эпоху кіравання «гаманцом Лукашэнкi» Аляксандрам Зайцавым. I наўрад цi то было супадзенне. Па інфармацыі «Трыбуны», былы бiгбос «Дынама» – калекцыянер зайцаў. У яго офісе недалёка ад станцыі метро «Няміга» ў Мінску было шмат фiгурак і лялек менавіта гэтай жывёлы, ад якой пайшло прозвiшча прадпрымальнiка.

Стары Брэстаман заставаўся на матчах да канца 2020 года. Потым Зайцаў канчаткова сышоў у свой другi праект, «Рух» – i наступныя тры сезоны «Дынама» абыходзілася без маскота. Але цяпер перадумала – i заадно прыкметна «нармалiзавала» талiсмана. Параўнайце «Брэстамана 2.0» з арыгiналам (якi справа на фота ўнiзе) – бародка, крыху змененая, засталася, але ўсiх астатнiх «нефармальных» прыкмет абноўлены заяц аказаўся пазбаўлены.

Новага маскота можна ўбачыць і на табло стадыёна. Прэс-служба брастаўчан яшчэ да матча прадэманстравала запiсаныя «падказкi» ад Брэстамана, якiя, маўляў, дапамогуць зяўзятарам «яшчэ круцей» падтрымліваць каманду.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты