Tribuna/Футбол/Блогі/7 фактаў пра чалавека, які больш за ўсё здзівіў на старце сезона ў ЧБ: анамальна забівае, хаця атрымаў зніжэнне заробку

7 фактаў пра чалавека, які больш за ўсё здзівіў на старце сезона ў ЧБ: анамальна забівае, хаця атрымаў зніжэнне заробку

А калісьці вельмі дапамог «Крумкачам».

1 красавіка, 07:16
7 фактаў пра чалавека, які больш за ўсё здзівіў на старце сезона ў ЧБ: анамальна забівае, хаця атрымаў зніжэнне заробку

28-гадовы капітан «Славіі» Павел Чыкіда – мабыць, галоўны сюрпрыз на старце чэмпіянату Беларусі. За дзве гульні правы абаронца вызначыўся трыма мячамі, прычым два з іх паклаў са штрафных: у розных матчах, але прыкладна з аднаго і таго ж месца:

Да «Славіі» Чыкіда паспрыяў сенсацыі «Крумкачоў», трапляў у дзіўную сітуацыю з «Віцебскам», перажываў рэпрэсіі, а перад гэтым сезонам яму знізілі заробак, хаця гулец вельмі добра адгукаецца пра Івана Біёнчыка.

Тройчы дапамагаў сваім камандам прабівацца ў эліту і двойчы вылятаў

Большую частку кар'еры Чыкіда правёў у першай лізе, дзе сумарна набегаў 141 матч. Упершыню зарабіць пуцёўку ў эліту дапамог «Крумкачам», куды перабраўся на палову сезона ў арэнду ў жніўні 2015-га. За калектыў адгуляў усе матчы ад званка да званка, у тым ліку і ў легендарнай «бітве за вышку»:

З «Крумкачамі» Чыкіда ў вышку не пайшоў – вярнуўся ў родныя «Смалявічы», з якімі ў сезоне 2017 года заняў другое месца і зарабіў павышэнне ў класе (правеў 28 матчаў, забіў 1 мяч). На гэты раз абаронца пайшоў разам з клубам у Д1, але атрымалася так сабе. І тады, і з «Дняпром» у 2019-м футбаліст адразу вылятаў.

Менавіта ў Магілёве Чыкіда пазнаёміўся з адным з галоўных трэнераў у сваёй кар'еры – Іванам Біёнчыкам. Пасля няўдачы з «Дняпром» у 2019-м абодва перайшлі ў «Гомель», з якім спачатку ўзялі срэбра Д2, а пасля пашумелі ў эліце.

Дапамог «Гомелю» ўзяць пуцёўку ў еўракубкі

Мабыць, самым паспяховым сезонам Чыкіды на сёння можна лічыць 2021-ы. Тады калектыў Біёнчыка сенсацыйна заняў чацвёртае месца ў ЧБ. Цягам года абаронца паўдзельнічаў у 30 матчах ва ўсіх турнірах, у 18 выйшаў у стартавым складзе, вызначыўся дзвюма галявымі перадачамі.

Але па заканчэнні 2021-га ў «Гомелі» пачаліся татальныя перамены: Біёнчык у званні найлепшага трэнера Беларусі сышоў у «Шахцёр», у шэрагу гульцоў скончыліся кантракты – і тыя адправіліся ў іншыя клубы. Не застаўся ў калектыве і Чыкіда. Ён збіраўся прадоўжыць кар'еру ў Беларусі, але трапіў у дзіўную гісторыю.

Пераход у «Віцебск», які немагчыма знайсці ў прафайле

Паводле інфармацыі «Трыбуны», у студзені 2022-га Чыкіда падпісаў кантракт з «Віцебскам», але ў прафайле футбаліста гэты клуб адсутнічае. Справа ў тым, што праз некалькі дзён пасля заключэння пагаднення дырэктар віцяблян Мікалай Вайцюхоўскі паведаміў футбалісту, што клуб у яго паслугах не мае патрэбы. Чыкіда запатрабаваў кампенсацыю за датэрміновае скасаванне, але паколькі дамова не была зарэгістраваная ў АБФФ, «Віцебск» плаціць адмаўляўся.

Спрэчку паміж гульцом і клубам узяліся вырашыць у АБФФ. На гэта федэрацыі спатрэбілася чатыры месяцы, але ў выніку там вырашылі, што «Віцебск» мусіць аддаць Чыкідзе два заробкі.

Фігурант «чорнага спісу» лукашыстаў, «дарованы» рэжымнай камісіяй

2022 год абаронца правёў у «Мактаарале», дзе замацавацца не здолеў (правёў 15 матчаў ва ўсіх турнірах, сярэдні час на полі – крыху больш за 38 хвілін). Пасля вярнуўся ў Беларусь.

Якраз у той час «Трыбуна» паведаміла пра «чорны спіс», куды патрапіла пад 50 гульцоў, з якімі так званае міністэрства спорту забараняла падпісваць кантракты ўсім камандам ЧБ. Чыкіда аказаўся сярод рэпрэсаваных.

Перад пачаткам сезона абаронца спрабаваў падпісацца з «Белшынай» – там паспеў для рэжымнікаў заявіць, што «Беларусь ніколі не была і не будзе крыніцай зла і гвалту» (гэта пры статусе суагрэсараў у вайне ва Украіне і здзеках над беларусамі з боку лукашэнкаўскіх носьбітаў формы). Але гэта не дапамагло – гулец застаўся без кантракту. Палову года правёў без клуба, а ў ліпені 2023-га ўсё ж падпісаўся са «Славіяй».

Як стала вядома пазней, Чыкіда апынуўся ў спісе сямі футбалістаў, якім рэжымная камісія дазволіла вярнуцца да «прафесійнай дзейнасці».

Лічыць Біёнчыка выдатным чалавекам і трэнерам

У прэсе неаднаразова з'яўляліся выказванні пра галоўнага трэнера «Славіі» Івана Біёнчыка як пра досыць адыёзнага чалавека. Найболей тут пашчыраваў расійскі форвард Андрэй Панюкоў. Аднак у Чыкіды іншае меркаванне. Да Мазыра яны працавалі са спецыялістам у «Дняпро» (2019) і «Гомелі» (2020-2021), а ў кастрычніку 2023-га Біёнчык даверыў Чыкідзе капітанскую павязку, калі той пасля прыходу згуляў за «арлоў» усяго шэсць матчаў.

Нядаўна ў абаронцы спыталі пра стасункі з трэнерам у кантэксце канфліктнасці спецыяліста. Чыкіда адгукнуўся пра работу з Біёнчыкам станоўча:

– З Іванам Сяргеевічам я працую, мусіць, ужо пяты год. І магу сказаць пра яго толькі станоўчае. Ён і як чалавек цудоўны, і як трэнер. Тое, што іншыя людзі кажуць, – я на гэта не звяртаю ўвагі.

Далёка не самы высокааплатны ў «Славіі»

Нягледзячы на статус капітана і нечаканую выніковасць у заробак Чыкіды не дацягвае да максімуму «не для зборнікаў». Яму плацяць 4 тысячы рублёў на месяц, а ў мінулым сезоне, адразу пасля «даравання» лукашыстамі, плацілі на тысячу болей. Сёння па 5 тысяч у Мазыры атрымліваюць Аляксандр Бацішчаў, Раман Грыбоўскі і Андрэй Салавей (максімум для «незборнікаў» – 5250). Максімальны заробак у малдаўскага легіянера Крысціяна Дроса (каля 17 тысяч рублёў плюс бонусы).

Ужо праводзіць самы выніковы сезон

Тры забітыя мячы за сезон – найлепшы пакаднік у кар'еры абаронцы. Раней самым выніковым для яго быў 2017-ы, калі Чыкіда двойчы вызначыўся за «Смалявічы»: адзін раз у чэмпіянаце і адзін раз у Кубку. Акрамя таго, для гульца гэты сезон ужо і самы выніковы па гол+пас – за два туры ён выбіў 3+1. Раней больш за два пункты па гэтым паказніку абаронца за сезон не набіраў.

Яшчэ адзін цікавы момант, што звязаны з выніковасцю. Усе свае мячы ў прафесійнай карʼеры да 2024-га Чыкіда забіваў за «Смалявічы»: тры – у першай лігі, яшчэ два – у Кубку Беларусі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты