Tribuna/Футбол/Блогі/Цяжкасцi «Макслайна» з «пацешнай» лiгай: не змаглi заявiць расіяніна, якога нават там лiчылi правалам, беларус адмовiўся сам

Цяжкасцi «Макслайна» з «пацешнай» лiгай: не змаглi заявiць расіяніна, якога нават там лiчылi правалам, беларус адмовiўся сам

Пунтус здзiвiўся.

13 красавіка, 06:03
Цяжкасцi «Макслайна» з «пацешнай» лiгай: не змаглi заявiць расіяніна, якога нават там лiчылi правалам, беларус адмовiўся сам

У першай лізе стартаваў сезон – выйшаў на дыстанцыю і «Макслайн», які раней пагражаў зняцца з-за занадта высокіх, на думку клуба, патрабаванняў па кошце арэнды стадыёна ад «Віцебска». Але каманда Юрыя Пунтуса ўсё ж будзе гуляць на ранейшым месцы – 14 красавіка рыхтуецца прыняць дублёраў мінскага «Дынама».

Але ўсё ж у міжсезонне знайшліся цяжкасці, якія «Макслайну» пераадолець не ўдалося. І звязаныя яны раптоўна з расійскай аматарскай медыялігай – турнірам, у якім непасрэдна футбол не такi важны, як шоу і весялосць для ў асноўным дзіцячай аўдыторыі. Клуб прэтэндаваў адразу на двух «пацешнікаў» – аднак пацярпеў няўдачу, прычым па зусім розных прычынах.

Расійскі футбаліст Уладзімір Філіпаў меў з «Макслайнам» узаемнае жаданне падпісаць кантракт. 22-гадовы вінгер, здаецца, рэальна iмкнуўся вярнуцца ў профi. Калiсьцi ён гуляў у расійскім міноры, другой камандзе славацкай «Жыліны», армянскім Д1 – але 2023-i правёў у аматарскай медыялiзе ў складзе каманды 2Drots. Яна мае немалую папулярнасць у расiйскiх (i заадно ў русiфiкаваных беларускiх) дзяцей, але для Фiлiпава яна ў добры бок не пайшла – кiраўнiкi каманды публiчна «аславiлi» «Фiла», як яго называлi ў «пацешнiкаў», у пачатку 2024-га паставiўшы на 8-е месца ў рэйтынгу сваiх найгоршых падпісанняў.

Да таго моманту Фiлiпаў ужо пакiнуў 2Drots, але ў «пацешнай» лiзе застаўся – яго падпiсала каманда «Тытан». З ёй гулец трэнiраваўся, але потым нечакана для яе паехаў у «Макслайн», прашоў прагляд – i 20 сакавiка беларускi клуб абвясцiў пра навiчка ў сацсетках.

Аднак у хуткiм часе прыйшла iнфармацыя, што гулец пакiнуў «Макслайн», таму што яго не ўдалося заявiць. Сам Фiлiпаў патлумачыў гэта так: маўляў, у клубе думалі, што могуць заявіць гульца да 12 красавіка, але аказалася, што дэдлайн быў 28 сакавіка з-за «асаблівага статусу».

У чым тут справа – здагадацца няцяжка: 28 сакавiка быў апошні дзень трансфернага акна, а яшчэ два тыднi пасля яго закрыцця можна заяўляць выключна свабодных агентаў. Вiдавочна, у «Макслайне» думалi, што Фiлiпаў i знаходзiцца ў такiм статусе – але, гледзячы па вынiку, памылялiся. Хутчэй за ўсё, «пацешнiка» падвялi гульнi ў Кубку Расіі – туды ў сезоне-2023/24 дапусцiлi 2Drots ды яшчэ некалькi каманд з «медыялiгi» ў надзеi папулярызаваць Кубак у вачах згаданых дзяцей. Фiлiпаў паўдзельнiчаў у двух матчах турнiру – згуляў адну хвіліну з «Сахалінам» (2:0) і 62 супраць «Дынама» з Кірава (2:0).

Пасля правалу з «Макслайнам» Філiпаў збіраўся вярнуцца да звыклых «пацешнiкаў», але гаспадар «Тытана» Аляксандр Зуеў захацеў «правучыць» гульца. «Правы» на Фiлiпава ўнутры «лiгi» застаюцца за камандай – i там не жадаюць нi адпускаць у iншую, нi даваць гуляць у iх.

«Падпісалi яго, плацілi заробак, а ён паехаў у «Макслайн». Прычым мне ўвогуле нічога не сказаў. Тут яго не заяўляе «Макслайн» – і ён пачынае шукаць сабе каманду ў нас за спінай. Мы для гэтага плацілі яму? Не, так гэта не працуе», – патлумачыў сваю пазiцыю Зуеў.

Фiлiпаў прызнаў, што адмовiўся вярнуць «Тытану» грошы за паўтара месяца ў камандзе – прыкладна тысячу долараў. Але гулец не лiчыць сябе вiнаватым, таму што, маўляў, у дамове з камандай не было такога патрабавання на выпадак пераходу ў прафесiйны клуб. Цяпер гулец трэніруецца з яшчэ адной камандай з «медыялiгi» пад назвай «Чыста Піцер».

Другую няўдачу «Макслайна» патлумачыць значна прасцей. У міжсезонне Пунтус клікаў на прагляд 22-гадовага абаронцу Івана Вараб’ёва – выхаванца «Мінска», якi спрабаваў прабiцца ў іспанскi футбола праз «Фуэнхіролу» з Д6, але вярнуўся ў Беларусь. Ды Варабʼёў ад прапановы трэнера проста адразу адмовіўся сам – сказаў, што Д2 Беларусi яму ўжо зусiм не такая цiкавая, як расiйскiя «пацешнiкi». У iх турнiры гулец рыхтуецца ўдзельнiчаць за DMedia – праект рэжымнага «мінспорту».

Пунтус у каментарыi пра гэтую сiтуацыю проста здзiвiўся тым фактам, што Варабʼёў не гуляе за прафесiйную каманду. Выказаўся трэнер адразу пасля спарынга свайго «Макслайна» з DMedia, у якiм вiцебская каманда разнесла супернiкаў 6:1.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты