Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Людзям, якія прызвычаіліся жыць «па паняццях», складана ўявіць, што есць якія-небудзь нормы і законы»

8 студзеня 2023, 09:44

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін пракаментаваў заяву галоўнага трэнера зборнай Расіі па гандболе Веліміра Петкавіча.

«Відавочна, што пачала працаваць лабісцкая група на чале з буйным расійскім прадпрымальнікам Сяргеем Шышкаровым, старшынёй Федэрацыі гандбол РФ, якую ўвялі ў склад Алімпійскага камітэта РФ для разблакоўкі спартыўных санкцый. Таму гандбольныя трэнеры Петкавіч і Шаўцоў, якія нядаўна зрабілі гучныя заявы — шрубкі ў гэтым працэсе. Ніякага асабістага меркавання яны тут не выказваюць, а працуюць «пушэрамі» прапагандысцкага наратыву «спартсмены ні пры чым». Млявая спроба прыкінуцца шлангам. Нагадаю, што санкцыі былі ўведзеныя не таму, што рускія — гэта рускія, а беларусы — гэта беларусы. Расія і Беларусь як дзяржавы парушылі алімпійскае перамір’е, развязаўшы злачынную вайну ва Ўкраіне. Беларусь таксама з 2020 года жорстка парушае Алімпійскую хартыю ў сферы выканання правоў спартсменаў. Беларусь і Расія парушылі міжнароднае спартыўнае права, менавіта гэта стала прычынай адхілення спартсменаў, а не якая-небудзь дыскрымінацыя або прадузятае стаўленне. Я разумею, што людзям, якія прызвычаіліся жыць «па паняццях», складана ўявіць, што есць якія-небудзь нормы і законы, таму яны так дзівяцца.

Петкавіч і Шаўцоў апелююць не ў той бок. Яны звяртаюцца да міжнароднай спартыўнай супольнасці, скардзячыся на лёс спартсменаў, хоць павінны апеляваць да Лукашэнкі і Пуціна. Бо менавіта гэтыя людзі вінныя ў сітуацыі з міжнароднымі санкцыямі.

Патрабаванне спартыўнай супольнасці аб вывадзе войскаў з Украіны, спыненні ваеннай агрэсіі і захаванне правоў чалавека ў спорце будуць галоўнай стратэгіяй па вяртанні спартсменаў з Беларусі і Расіі на міжнародную арэну. На крывой жа казе далёка з’ехаць не атрымаецца», — напісаў Апейкін.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.