Усе навіны

Галоўны трэнер зборнай Шаўцоў: «Чаму нашы не могуць прабіцца? Гулец павінен па максімуме рабіць сам. Нашы хлопцы не прывыклі да гэтага»

1 траўня 2023, 12:38

Галоўны трэнер зборнай Юры Шаўцоў выказаўся пра кваліфікацыю гандбольнага чэмпіянату і пра тое, чаму беларускія гандалісты не могуць прабіцца ў Еўропу.

30 красавіка завяршылася кваліфікацыя гандбольнага чэмпіянату Еўропы-2024. Нечакана ў турнір прабіліся зборныя-дэбютанты Фарэрскіх Астравоў, Грэцыі і Грузіі.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

– Мы павінны былі гуляць з Фарэрскімі Выспамі, рыхтаваліся да іх (матчы беларусаў і фарэрцаў у кваліфікацыі ЧС-2023 адмянілі – Tribuna.com). Ведаю, што гэта даволі цікавая каманда. Не спецыяліст можа быць здзіўлены, я – ніколькі. Яны заслужылі. Мы гулялі з камандай Італіі. Яна таксама зрабіла крок наперад. І мяне гэта таксама не дзівіць.

Жадаю сказаць вось што. Возьмем такіх нашых гульцоў, як Салдаценка, Падшывалаў. Яны ж прайшлі бундэслігу, але чамусьці не затрымаліся там. Ёсць пэўныя праблемы ў Кулеша. Ёсць пэўныя праблемы ў Вайлупава. У «Веспрэме» ён выступае толькі ў чэмпіянаце.

У той жа час у бундэслізе зараз гуляюць, дапусцім, шэсць ці сем швейцарцаў. Сапраўды гуляюць. Нядаўна быў на «фінале чатырох» Кубка Нямеччыны. У саставах каманд убачыў пецярых галандцаў. Вось беларусаў не бачыў.

Атрымліваецца, нашы трэнеры даводзяць гульцоў да пэўнага ўзроўню. Мы іх выпускаем у Еўропу. Раней жа беларусамі ніхто не цікавіўся. А ў апошні час, калі мы змянілі сістэму падрыхтоўкі, пачалі паступаць прапановы. Але чамусьці нашыя гульцы прабіцца далей не могуць. Там, дзе яны без трэнераў і павінны нешта самастойна рабіць. Вось гэта адзін з пунктаў, які мяне насцярожвае.

У канчатковым выніку гэта можа выліцца ў тое, што пытанне будзе стаяць так: о, беларусаў ужо Фарэры абыгрываюць. Або Швейцарыя. Але ж яны гуляюць.

Па прычынах, якія ўсе ведаюць, мы зараз не выступаем як зборная [на міжнароднай арэне]. Але паўтаруся: нашы хлопцы не могуць прабіцца далей. Адзін Каралёк гуляе на гэтым узроўні. Калі б усе нашы вядучыя гандбалісты, якія выступаюць за мяжой, гулялі на ўзроўні Каралька ў зборнай, яны прабіліся б далей. І мы дзейнічалі б лепей.

А тыя выканаўцы, якія побач з Вайлупавым у «Веспрэме», напрыклад, Лаўзе Шміт, гуляюць за медалі. Нашы пакуль сядзяць на лаўцы. Такая сытуацыя.

Так што вынікі фарэрцаў, швейцарцаў, галандцаў для мяне не неспадзеўка. Бачу, як ігракі прабіваюцца ў Еўропе, у наймацнейшай лізе. Мяне насцярожвае: чаму нашы не могуць прабіцца?

– З чым вы гэта звязваеце?

– Думаю, гэта звязана канкрэтна з нашымі гульцамі. Беларускія трэнеры іх падрыхтавалі, выпусцілі. На іх звярнулі ўвагу. А далей гулец павінен прабівацца сам.

Я доўгі час працаваў у бундэслізе і ведаю патрабаванні, якія сам прад'яўляў да гандбалістаў і якія прад'яўляюць іншыя. Там высокая канцэнтрацыя. Там ніхто нікога не прымушае. Гулец павінен па максімуме рабіць сам. Магчыма, нашы хлопцы не прывыклі да гэтага «рабіць сам».

І, канешне, кожны павінен ставіць перад сабой мэту патрапіць кудысьці, дамагчыся чагосьці. Вось як гэта робіць Каралёк. І ён, і іншыя нарадзіліся ў Беларусі, трэніраваліся прыкладна аднолькава. Адзін прабіўся, а іншыя не могуць. Гэта значыць, прабіцца можна. Калі праб'юцца астатнія, тады можна будзе казаць пра медалі. Цяпер [медалі ў тых], хто гуляе ў асноўных саставах у камандах чэмпіёнскай лігі. У нас, на жаль, пакуль толькі адзін такі гулец, – сказаў Шаўцоў.