Усе навіны

Барбашынскі пра матрацні бізнэс: «Санкцыі закранулі, 90% прадукцыі было на экспарт. Страцілі шмат супрацоўнікаў, б'емся, каб захаваць прадпрыемства»

4 траўня, 14:09

Алімпійскі чэмпіён Гульняў-1992 па гандболе Андрэй Барбашынскі распавёў, як яго бізнэс пацярпеў з-за міжнародных санкцый, якія ўжываюць да рэжыму Лукашэнкі з 2020 года — Як вядома, у вас ёсць свой бізнэс па вытворчасці матрацаў. Фірму санкцыі закранулі?

– Шмат каго закранулі, і нас у тым ліку… Калі ты прадпрыемства выбудоўваеш і 90 адсоткаў прадукцыі на экспарт адпраўляеш, а потым раптоўна зачыняецца брамка да твайго дома… З такім паваротам падзей складана перабудоўвацца. Так, у нас складанасці. Але, як я раней казаў, каб бізнэсам займацца, трэба быць па-добраму вар'ятам. І я спадзяюся, што гэтае вар'яцтва нас выцягне.

Як усё ж спрабуеце перабудоўвацца?

– Трэба памяняць рынак. Нас нідзе ніхто не чакае. Бо насамрэч 10 адсоткаў, якія прысутнічалі на расійскім і беларускім рынку, – гэта вельмі мала, каб утрымліваць такое прадпрыемства. У нас кваліфікаваныя працаўнікі, і шкада іх страціць… Але спадзяемся… Дзяромся да апошняга, каб захаваць працоўныя месцы і прадпрыемства.

– Як становішча ў калектыве цяпер?

– Мы страцілі вялікую колькасць супрацоўнікаў. Нікога не асуджаю. Карміць сем'і трэба. Але, калі адновім вытворчасць у ранейшым рэжыме, хаця б як год таму, многія вернуцца, — сказаў Барбашынскі.