Усе навіны

Спартак Мірановіч: «За перамогу на АГ-1988 выплацілі 3000 долараў, купіў відэамагнітафон, мікрахвалёўку»

3 жніўня, 14:50

Вядомы беларускі гандбольны трэнер і падпісант за рэжым Спартак Мірановіч распавёў, як патраціў прэміяльныя за перамогу на АГ-1988.

– Заўсёды даволі «цікавай» для абывацеля была тэма замежнага шопінгу нашымі зорнымі атлетамі. Як гэтая справа ішла ў топавых гандбалістаў?

– Так, заўсёды ў нас была магчымасць штосьці дэфіцытнае купіць за мяжой. Калі казаць пра нацыянальную зборную сеульскага ўзору, то там гэтым працэсам запраўляў Анатоль Еўтушэнка. Ён выбіраў больш-менш вольны час, калі гульцы маглі схадзіць на так званы шопінг у мясцовы супермаркет.

– Калі ўспомніць першую пераможную Алімпіяду, на што Вы патрацілі свае прэміяльныя?

– Грошы-та не былі казачнымі – нам выплацілі тры тысячы даляраў ЗША кожнаму, як, зрэшты, і пасля Гульняў у Барселоне. Памятаю, што на іх я купіў японскі відэамагнітафон, мікрахвалевую печку і сёе-тое па дробязі. Усё ж сям'і трэба было нешта прывезці за здабытую перамогу.

– На той час у Савецкім Саюзе ў вялікім дэфіцыце былі легкавыя аўтамабілі. Як Вы вырашалі гэтае пытанне?

– Па прынцыпе, што нічога немагчымага няма. Хоць на першыя свае «Жыгулі» я быў запісаны ў звычайную чаргу на куплю. Праўда, калі твая каманда выйгравала, а тым больш на еўрапейскай і сусветнай арэне, то пытанні з набыццём «Жыгулёў» вырашаліся проста. А вось з пакупкай «Волгі» справы ішлі інакш. Трэба было «прабіваць» такую машыну праз высокія кабінеты кіраўніцтва Беларускай ваеннай акругі, – распавёў Мірановіч.