Усе навіны

Гулец «Нёмана» Гвет: «На праглядзе разумеў, што трэба паказаць усе свае найлепшыя якасці»

20 сакавіка, 14:21

Форвард з Камеруна Леанард Гвет, які выступае за «Нёман», распавёў, як перайшоў у Беларусі.

– Раскажы чаму ў Літве ты прабыў так нядоўга? Што перашкодзіла замацавацца?

– Гэта не было звязана з маёй гульнёй або траўмамі. Там здарылася недастатковае разуменне паміж маім літоўскім клубам і «Апежэсем». Наколькі я ведаю, гэта датычылася нейкіх фінансавых пытанняў аб кампенсацыі за мой пераход. Таму прыйшлося шукаць новы клуб.

– У Беларусі ты апынуўся зімой разам з яшчэ двума гульцамі. Вы прынялі ўдзел у турніры ў Магілёве. Двое з'ехалі адразу пасля турніра. Ты сам што адчуў, калі даведаўся, што застаешся?

– Мне сказалі, што я застануся ў клубе на далейшы прагляд і я тады зразумеў, што трэба працаваць яшчэ больш старанна, каб даказаць трэнерскаму штабу, што я варты падпісаць кантракт. Калі сапраўды, то не было вялікага адчування эйфарыі. Канешне, я быў рады, але стрыманы, бо да падпісання кантракта было яшчэ вельмі далёка.

Я разумеў, што трэба паказаць усе свае лепшыя якасці і, магчыма, менавіта таму мне далі дастаткова шмат часу. Я згуляў некалькі матчаў, забіў галы. Я ўсведамляў, што калі б клуб не быў зацікаўлены ў падпісанні са мной кантракту, дык так доўга мяне б трымаць у Гродне не сталі. Да таго ж, як вы ведаеце, доўга вырашаліся пытанні з маімі дакументамі, – сказаў Гвет.