Tribuna/Хакей/Блогі/Пудрыць мазгі дзецям з Украіны, прайграў людзям з ДЦП, прывёз бульбы з «важнага» гароду – такія вось будні ў Баскава

Пудрыць мазгі дзецям з Украіны, прайграў людзям з ДЦП, прывёз бульбы з «важнага» гароду – такія вось будні ў Баскава

А забойства Бандарэнкі быццам і не было.

Аўтар — bytribuna com
7 лістапада, 16:33
Пудрыць мазгі дзецям з Украіны, прайграў людзям з ДЦП, прывёз бульбы з «важнага» гароду – такія вось будні ў Баскава

Увечары 11 лістапада 2020-га на «Плошчу Пераменаў» (так называлі двор на вуліцы Чарвякова ў Мінску) прыехала група зразальнікаў бел-чырвона-белых стужак, якія вывешвалі мясцовыя жыхары, каб засведчыць сваю пазіцыю супраць рэжыму Лукашэнкі. Як аказалася пазней, у групу ўваходзілі вядомыя прадстаўнікі рэжыму, у тым ліку тады кіраўнік федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў і шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Дзмітрый Шакута.

Сустракаць няпрошаных гасцей выйшаў з суседняга дому 31-гадовы экс-спецназавец, мастак Раман Бандарэнка. Ён «залётным» не спадабаўся – Бандарэнку павалілі і пачалі біць, у чым удзельнічаў Шакута, а Баскаў спакойна бяздзейнічаў. Потым мастака панеслі ў бус сілавікоў Лукашэнкі – і зноў білі, а яшчэ для чагосьці ўдарылі галавой аб асфальт. Вынік – траўмы, несумяшчальныя з жыццём, з якімі Раману яшчэ і некалькі гадзін ніхто не аказваў дапамогу.

Бандарэнка памёр у шпіталі 12 лістапада, але за гэта рэжым нікога не пакараў за выключэннем тых, хто пацвердзіў, што загінулы быў цвярозым. Аднак практычна поўнае расследаванне правялі былыя «сілавікі» – усе імёны вінаватых вядомыя.

У прарэжымных удзельнікаў тых падзей практычна нічога ў жыцці не памянялася – ва ўсіх, акрамя Баскава. Той у 2021-м атрымаў пяцігадовае адхіленне ад ІІХФ за палітычны ціск на прадстаўнікоў белхакея, а неўзабаве па загадзе Лукашэнка стаў сябрам верхняй палаты рэжымнага «парламента». З таго часу Баскаў займаецца яшчэ больш незвычайнымі «справамі», чым да таго, а на сайце «парламента» усё гэта дакументуюць. Вось што здаралася ў жыцці рэжымніка ў апошні час.

У пачатку чэрвеня Баскаў сустрэўся з дзецьмі, якія трапілі ў Беларусь праз Расію з акупаванай гэтай краінай часткі тэрыторыі Данецкай вобласці Украіны. Займаецца іх дастаўкай яшчэ адзін прарэжымнік, параплывец Аляксей Талай.

Былы хакейны брамнік (наўрад ці за свой кошт) зладзіў дзецям спачатку сеанс катання на каньках, а потым і хакейную практыку. Вядома, не проста так – дзяцей папрасілі патрымаць рэжымны чырвона-зялёны сцяг пад словы Баскава пра тое, як важна «прывіваць правільныя каштоўнасці». Не сумняваемся, дзеці пагадзіліся без праблем – іх даўно «вучаць», што расійскі і беларускі рэжымы добрыя, а ўсё дрэннае ўкраінскае. Менавіта такія дзеянні, выхаванне на ўкраінскіх тэрыторыях непрымання ўкраінскай самасвядомасці, былі на міжнародным узроўні прызнаныя генацыдам (так, генацыд – гэта не толькі фізічнае знішчэнне, але і ментальнае).

8 чэрвеня Баскаў паўдзельнічаў у футбольным матчы – зборная «парламента» Лукашэнкі гуляла супраць «каманды Беларусі па футболе сярод асобаў з захворваннем на цэрэбральны параліч». У выніку каманда Баскава прайграла камандзе людзей з ДЦП 12:18, а сам экс-хакеіст выказаў надзею, што ягоная зборная «стала годным спарынг-партнёрам для гэтых хлопцаў».

8 жніўня Баскаў паехаў у лагер «Зубраня», дзе выступіў перад кучай дзяцей у вайсковай форме – канешне, яны таксама патрымалі рэжымны сцяг у канцы. У вялізных прамовах экс-хакеіста знайшлося месца сцвярджэнню, што «нашыя дзеці вартыя таго, каб пачувацца абароненымі ў грамадстве і з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень». Як гэта зрабіць з рэжымам, які кожны дзень спрабуе адпомсціць яшчэ каму-небудзь за выказванне нязгоды з ім з якой заўгодна нагоды, засталося нерастлумачаным.

12 жніўня Баскаў апынуўся ў Магілёве на турніры па каратэ Гульняў краін СНД, якія праводзіліся ў своеасаблівых узроставых рамках – для спартоўцаў ад 18 поўных гадоў па 1999 год нараджэння. Экс-хакеіст патлумачыў свой выбар тым, што гэты від баявых мастацтваў ён любіць і спрабаваў займацца, а таксама заявіў, што наконт спаборніцтваў нібыта «ўсе адклікаюцца пра вялікую колькасць гледачоў, расказваюць пра ажыятаж» – што насамрэч было чарговай рэжымнай хлуснёй.

16 жніўня Баскаў адправіўся «правяраць цэнаўтварэнне» на прадмет «недапушчэння росту кошту тавараў і паслуг» у адну з крамаў сеткі гіпермаркетаў Green. Раней экс-хакеіст праяўляў павышаную ўвагу да ключавога ўласніка гэтай сеткі – і, здаецца, няхіла на гэтым зарабіў.

У верасні Баскаў выходзіў на міжнародны ўзровень. На пачатку месяца паехаў у Смаленск, каб далучыцца да працы «моладзевай палаты» пры «парламенце» «Саюзу Беларусі і Расіі». А ў канцы верасня па відэасувязі паўдзельнічаў у зносінах «парламенцёраў» з членамі парламента Вʼетнама (які афіцыйна называецца «сацыялістычнай рэспублікай»). Наогул у «працоўную групу па супрацы» з вʼетнамцамі ўваходзіць ажно 15 чалавек з рэжымнага «парламента», але на сустрэчу дайшлі толькі пяцёра – зрэшты, ад Вʼетнама было ўсяго чацвёра.

1 кастрычніка Баскаў далёка не першы раз наведаўся ў клуб «сілавікоў» Лукашэнкі «Рысь», дзе ў дзяцей і падлеткаў абедзвюх полаў запіхваюць ідэі лукашызму і ўменні прымяняць сілу і зброю. Баскаў пазіраваў з Мікалаем Карпянковым, экс-кіраўніком рэжымнага «ГУБАЗіК», асабліва садысцкага падраздзялення «сілавікоў». Карпянкоў асабіста ўзначальваў атакі на мірныя мітынгі ў 2020-м.

11 кастрычніка Баскаў праводзіў «тэлефонную лінію» чамусьці па пытаннях шлюбу і сямʼі. На апарат з трубкай нібыта паступіла «нямала званкоў занепакоеных бацькоў». А Баскаў следам заявіў, што «калектыўны Захад навязвае нам і нашым дзецям непапулярныя ў нашай культуры погляды», чаму трэба супрацьпаставіць «адэкватнае ўспрыманне сямʼі ў традыцыйным яе разуменні». Але знайшоў экс-хакеіст праблему і ўнутры рэжыму – маўляў, сацыяльная рэклама «звяртае ўвагу на хатні гвалт, дэструктыўныя паводзіны бацькоў, згубныя звычкі, гэта значыць з юнага ўзросту закладваецца страх перад пабудовай здаровай сямʼі». На гэта Баскаў заклікаў адказаць «падтрымкай пазітыўнага ўспрымання» – быццам ад гэтага шырока распаўсюджаныя ў Беларусі названыя праблемы знікнуць.

20 кастрычніка Баскаў выехаў кудысьці ў прыватны сектар Мінска. Аказалася, што гэта быў працяг гісторыі з аднаго з «прыёмаў грамадзян», якія Баскаў як «член парламента» праводзіць пяць-шэсць разоў на год і атрымлівае самыя розныя пытанні – аднойчы азадачылі адразу развіццём спорту ў Воршы і выдзяленнем у Мінску ўчастка пад храм. Дык вось, на адзін з прыёмаў прыйшла 86-гадовая Тамара Зенчанка, у якой было «жыллёвае пытанне», з якім Баскаў вырашыў азнаёміцца асабіста. А пенсіянерка ўзяла і сказала экс-хакеісту, што ў спісе ейных мар ёсць і пакаштаваць бульбы з гароду Аляксандра Лукашэнкі. Баскаў пасля гэтага нібыта адразу распавёў пра просьбу жанчыны іхнаму куміру – і неўзабаве прывёз ажно два мяхі гэтай бульбы па знаёмым адрасе. Мяркуючы па фота, хаця б паставіць у дом Зенчанкі прыстойныя дзверы аказаліся больш складанымі.

30 кастрычніка выйшла адразу дзве навіны пра Баскава. У адной паведамлялася пра ягоны ўдзел у спартовых «парламенцкіх гульнях» у Маскве – апроч прадстаўнікоў расійскага і беларускага рэжымаў туды прыехалі чальцы парламентаў Кыргызстану, Індыі, Гаіці, Ганконгу і сямі афрыканскіх краін (Малаві, Паўднёвы Судан, Эфіопія, Камерун, Кенія, ПАР), з якімі Баскаў збіраўся «наладзіць дыялог па праблемных пытаннях». Ну а ўжо ўвечары 30 кастрычніка Баскаў адкрываў першы жаночы ЧБ па хакеі – чарговае пацверджанне, што з ФХБ, нягледзячы на свой міжнародны бан, ён таксама застаецца цесна звязаным. На адкрыцці экс-хакеіст фактычна ў чарговы раз пудрыў мазгі дзецям апавяданнямі пра «падтрымку дзяржавы і правільна выбудаваную сістэму падрыхтоўкі».

Ну а 1 лістапада Баскаў зʼездзіў на кінастудыю «Беларусьфільм» і абмеркаваў «магчымыя варыянты супрацы». Мабыць, гэта самы нечаканы візіт экс-хакеіста.

Хаця, магчыма, ён дамаўляўся на кіно пра хакейную каманду Лукашэнкі. Яе Баскаў працягвае трэнаваць паралельна ўсім іншым «клопатам». 21 кастрычніка на старце сезону чарговага «рэспубліканскага аматарскага турніру» (жыўцом каментаваць які, дарэчы, вярнулі Уладзіміра Навіцкага) каманда Лукашэнкі выйграла 7:2 у каманды з Брэсцкай вобласці. Сам Лукашэнка чамусьці нават не закінуў, але аформіў два асісты, адзін з якіх – на Андрэя Касціцына.

Таксама працягвае Баскаў трэнаваць каманды «Бастыён» і «Бастыён-2» – там гуляюць сыны і ўнук Лукашэнкі (Мікалай і Аляксандр-унук цяпер у першай камандзе, а непрызнаны кіраўнік алімпійскага камітэту Лукашэнкі Віктар у другой). Абедзве каманды цяпер гуляюць у адным Д3 аматарскага чэмпіянату Мінска – «Бастыён» тамака лідаруе, не губляючы пунктаў, а «Бастыён-2» з адной перамогай (і яшчэ Шакутам у складзе) 16-ы з 20.

І яшчэ адзін цікавы факт. 6 лістапада ўлады Швецыі абʼявілі, што прызначылі спецыяльнага пасланца па адносінах паміж Швецыяй і дэмакратычнай Беларуссю. Пасаду заняла Крысціна Юханэсан – пасол скандынаўскай краіны ў Беларусі з 2017-га па 2022-ы. Наогул, Юханэсан шмат падтрымлівала беларускі народ і палітвязняў (ды і ейная амбасада непасрэдна выратавала двух чалавек ад такога статусу). Але ў 2021-м шведскія журналісты абвінавацілі жанчыну ў лабіяванні выканання кантракта на пастаўку абсталявання, якое ў выніку завезлі ў Беларусь, паміж шведскай «дачкой» кампаніі Siemens і прадпрыемствамі «Мінскэнерга» і «Белэнерга». А на першапачатковым падпісанні дамовы (яшчэ да выбараў-2020) прысутнічала як Юханэсан, так і прадстаўнік структуры Siemens у Беларусі – якім быў не хто іншы, як брат жонкі Баскава. Іроніі ў гэтую сітуацыю дадае тое, што шведка вельмі любіць хакей – у Беларусі хадзіла на матчы мінскага «Дынама» і заяўляла, што «краіны, нацыі, якія гуляюць у хакей, ужо маюць нешта агульнае».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты