Tribuna/Хакей/Блогі/Бязглуздыя «тэматычныя матчы» для «Дынама» прыдумляе «ўдарнiца» «БРСМ» – казала, тры ночы плакала пасля памылкi з атакай на «штабiста» Лукашэнкi

Бязглуздыя «тэматычныя матчы» для «Дынама» прыдумляе «ўдарнiца» «БРСМ» – казала, тры ночы плакала пасля памылкi з атакай на «штабiста» Лукашэнкi

Пакрыўдзiлася на слова «прастытутка», танчыла прыват для паплечнiка.

24 лютага, 23:59
Бязглуздыя «тэматычныя матчы» для «Дынама» прыдумляе «ўдарнiца» «БРСМ» – казала, тры ночы плакала пасля памылкi з атакай на «штабiста» Лукашэнкi

У сёлетнім сезоне ўсе дамашнія матчы мінскага «Дынама» ў КХЛ – «тэматычныя». Напрыклад, апошні пераможны супраць «Нефцехіміка» (2:1) быў прысвечаны супрацоўнікам сферы гандлю. У сезоне сярод іншых былі таксама прысвечаныя рэжымнаму «МНС» i супрацоўнікам сферы авіяцыі, а таксама «рок-матч», «рэтра-матч» і нават «аграматч». Часам там былi такiя недарэчныя «рашэннi», што за галаву хапацца.

У пачатку 2024-га «дынамаўцы» пераплюнулі сябе – зладзілі матч у гонар «парламента» Лукашэнкі. Дэ-факта – яго «верхняй палаты», куды пасаджаны былы гендыр клуба, дысквалiфiкаваны IIХФ на пяць гадоў Дзмiтрый Баскаў. Ён з зацятай прыхiльнiцай Лукашэнкi Наталляй Качанавай зрабiў укiд (як звыкла для сiстэмы) шайбы, прычым нават не ў цэнтры пляцоўкi.

А 23 лютага на матчы са СКА ўвогуле прывучалi дзяцей да зброi.

Хто ж усё гэта прыдумляе? У «Дынама» для такога ёсць цэлы «iвент-менеджар». Гэтую пазiцыю займае 25-гадовая Вікторыя Любамірава.

У студзенi яна расказвала пра сваю дзейнасць на дзяржТБ, называючы сцэнарыi тэматычных матчаў «прыкольнымi гiсторыямi», – вынiкала, што загадзя ў клубе не працуюць.

– Кожны сцэнарый – ён у нас эксклюзіўны. Гэта значыць, працы заўсёды ў дзень матча вельмі шмат. Таму ў кабінеце я з’яўляюся адной з самых першых. Потым я адразу ж саджуся за сцэнарый, калі сцэнарый не гатовы з вечара, то я яго там ужо дабіваю, дачышчаю з раніцы. Потым скідаю на ўзгадненне кіраўніку. Калі ўсё добра, то мы далей замаўляем графіку. Пасля мы пішам сцэнарый вядучаму. Ён пішацца асобна, больш падрабязна, дзесьці з нейкімі прыметнікамі, эпітэтамі, – казала Любамірава.

У сваiм Instagram яна таксама распавядала, што змяніла працу ў 2023-м, што называла самай яркай падзеяй года. «Спантанна адважылася і зрабіла крок у невядомасць. Новы круг зносін, новыя знаёмствы, новае працоўнае поле, новы стрэс і новы досвед! З упэўненасцю скажу, што калегам у кабінеце са мной стала весялей, а я займела выдатных людзей побач. Магу пахваліць сябе, што зрабіла крутыя і маштабныя праекты са сваёй камандай», – пiсала Любамірава.

Таксама яна дадавала, што хацела апублiкаваць у канцы 2023-га «фотакартку з новай працы, але такой няма». Затое выкладзена ў Любамiравай фота з матча зорак КХЛ – i яно яўна выклiкала б пытаннi у яе былых кiраўнiкоў.

Проста ля галавы Любамiравай на здымку выйшла бел-чырвона-белая стужка (з формы СКА) – ненавiсная лукашыстскай моладзевай арганiзацыi «БРСМ», актывiсткай якой шмат гадоў была дзяўчына. Выпускнiца БДУКМ у студэнцкія гады шмат ўдзельнічала ў рэжымных мерапрыемствах. Неаднаразова прыходзiла на ваенныя парады, для чаго нават апранала салдацкую форму, у 2019-м на адкрыцці «студэнцкай вясны» ў Расii несла чырвона-зялёны сцяг, што назвала «адным з найлепшых момантаў у жыцці». А яшчэ ў тым годзе танчыла на рэжымным «балi» i «вельмi ганарылася» тым, што «атрымала ўхвальны ківок і ўсмешку ад самога» Лукашэнкi.

Дзяўчына ў складзе атрадаў «БРСМ» неаднаразова брала ўдзел у працах падчас рэканструкцыi стадыёна «Дынама». Пасля атрымала прэмію, якую выдаюць «ударнікам» «БРСМ».

Але вядомасць Любаміравай прынёс удзел у мiнскiм пікеце па зборы подпісаў за Лукашэнку ў чэрвенi 2020-га. Тады група членаў «БРСМ» спрабавала справакаваць незалежных журналiстаў, якiя асвятлялi мерапрыемства.

Любамірава ў цэнтры ў шэрым пінжаку

А вось начальнік перадвыбарчага штаба Лукашэнкі, кiраўнiк рэжымных прафсаюзаў Міхаіл Орда тады спынiўся, каб нешта адказаць на пытаннi журналiстаў. Але члены «БРСМ» не ведалi ў твар важнага для ciстэмы чынушу – ды напалi на яго з пытаннем, колькі яму «заплацілі за эфір». Пасля гэтага Орда паспяшаўся адысцi (адзнака 0:44).

Членаў той групы з «БРСМ» хутка апазналі і распаўсюдзілі спасылкі на iх сацыяльныя сеткі, i некаторыя людзi напiсалi лукашыстам тое, што думаюць пра iх паводзiны. Потым члены «БРСМ» скардзiлiся на гэта ў дзяржСМI – аказалася, што лёгка толькi атакаваць незалежныя медыя, а вось мець рэакцыю на гэта складана. Асабiста Любамiрава расказвала пра нiбыта агромную колькасць негатыўных паведамленняў – i гэта ў грамадстве, дзе, калi верыць «БРСМ» ды iншым Лукашыстам, 80% быццам бы за Лукашэнку.

«Мне за хвіліну, можа, прыходзіла па 50 паведамленняў – вельмі моцна абразлівага характару. Страшна было. Ездзіла на таксі першыя два тыдні пасля здарэння [з журналiстамi i Ордам], апранала маску і акуляры. Першыя тры дні я не спала зусім, мяне трэсла, я выплакала ўсе свае слёзы ў першыя тры ночы», – распавядала Любамірава на дзяржТБ у канцы лiпеня 2020-га.

Ніяк не паўплывалі на погляды дзяўчыны і беспрэцэдэнтны гвалт на вуліцах Беларусі, з якім сутыкнуліся тысячы мірных пратэстоўцаў пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020-га. У канцы жніўня таго года дзяўчына на дзяржТБ зноў расказвала толькi пра тое, што яе нiбыта «затравiлi», а яшчэ скардзілася, што нiхто не пiша, як члены «БРСМ» быццам бы дапамагалi на Акрэсціна – тым, каго збiлi да паўсмерцi «сiлавiкi» таго ж рэжыму, якому ў рэальнасцi дапамагала Любамiрава.

Любамірава, якая летам 2020-га яшчэ i скончыла ўнiверсiтэт, пасля яго стала «галоўным спецыялістам» у «цэнтры інфармацыйных і сацыяльных тэхналогій» пры «цэнтральным камiтэце» «БРСМ». Дарэчы, у яе Instagram ёсць папка сторыс з назвай «праца» – i нiчога ад цяперашняй занятасцi ў «Дынама» там няма, затое шмат відэа і фота з рэжымных мерапрыемстваў, звязаных з мінулай пасадай.

А праз паведамленнi ў сацсетках Любамiрава стала яшчэ i «пацярпелай» – вядома пра выпадкi лукашыстскiх «судоў» над тымi, хто «пакрыўдзiў» прыхiльнiкаў рэжыму. На адным з «паседжанняў» Любамiрава нават заявiла, што канкрэтна яе «абразiла» слова «прастытутка». Але пры гэтым свайго калегу па той атацы на Орду ды «дарагога сябра i настаўнiка» па лiнii «БРСМ» Уладзіслава Дубіцкага з днём нараджэння Любамірава аднойчы віншавала прыватным танцам у вельмi фрывольным адзеннi.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты