Tribuna/Хакей/Блогі/Шаранговіч пабіў свой рэкорд па колькасці шайб за сезон у НХЛ і стаў зоркай дня ў лізе. Новае дасягненне – на падыходзе

Шаранговіч пабіў свой рэкорд па колькасці шайб за сезон у НХЛ і стаў зоркай дня ў лізе. Новае дасягненне – на падыходзе

Вельмі моцны сезон!

8 сакавіка, 12:08
Шаранговіч пабіў свой рэкорд па колькасці шайб за сезон у НХЛ і стаў зоркай дня ў лізе. Новае дасягненне – на падыходзе

Ягор Шарангавіл правёў свой пакуль самы выніковы матч у НХЛ. У ноч на 8 сакавіка яго «Калгары» на выездзе абгуляў «Тампу» 6:3, а беларускі форвард запісаў на свой рахунак чатыры (2+2) пункты.

Шаранговіч гуляў у цэнтры першага звяна. Яго партнёрамі былі канадзец Джонатан Юберда і амерыканец Мэт Караната.

Сваю выніковую феерыю форвард распачаў у сярэдзіне першага перыяду, калі дакладна адпасаваў з-за варот на Драйдэна Ханта.

У другой траціне Шаранговіч вызначыўся двойчы запар. Спачатку на 27-й хвіліне замкнуў перадачу Юберда, а затым на 29-й магутным шчаўчком збянтэжыў брамніка «Тампы» (адзнака 2:55):

На 47-й хвіліне Шаранговіч выканаў кідок ад сіняй лініі, а Блэйк Коўлман удала падставіў клюшку – другі асіст і чацвёрты выніковы бал у гульні:

У выніку «Калгары» перамог з лікам 6:3, а Шаранговіч правёў на лёдзе 18:11 (з іх 2:19 у большасці, 2:16 у меншасці), набраў 4 (2+2) пункты, нанёс 4 кідкі (яшчэ 1 міма), заблакаваў 1 спробу суперніка, выйграў толькі 1 з 10 укідванняў (10%), зарабіў паказнік карыснасці «+4» і стаў першай зоркай матчу:

Здаецца, для форварда гэта становіцца звыклай справай.

У каментары пасля сустрэчы беларус трымаў сябе сціпла і за свае здзяйсненні дзякаваў партнёрам:

«Добрая перамога. Я набраў 4 пункты. Мае галы [адбыліся] шмат у чым дзякуючы пасам Юберда і Караната. З Юбі выдатна гуляецца. Трэба проста быць адкрытым, і ён знойдзе цябе перадачай. Для Мэта таксама была добрая гульня.

Мой снайпэрскі рэкорд? Так, але засталося яшчэ 20 гульняў. Працягваем у тым жа духу», – сказаў Шаранговіч.

Сапраўды, так шмат у НХЛ (ды і ў КХЛ) нападнік яшчэ не закідваў. 25 шайб – пакуль найлепшы паказнік у кар'еры. Іх удалося выбіць у 62 матчах, а да таго топ-дасягненнем Шаранговіча былі 24 шайбы за 76 гульняў у «Нью-Джэрсі» ў сезоне-2021/22. Калі не здарыцца чагосьці кепскага і непрадбачнага, да канца гэтай рэгуляркі беларус мае ўсе шанцы зрабіць 30+ шайб.

«У мяне была пара шанцаў, каб закінуць трэццю шайбу. Я стараўся. Але наступным разам», -- дадаў яшчэ аўтар двух хет-трыкаў у лізе.

У НХЛ і так адзначылі дасягненні форварда (прызналі зоркай дня). Гаварыў пра яго і галоўны трэнер «Калгары» Раян Хаска:

«Ён выглядаў выдатна сёння, як і партнёры па звяне. Яны зрабілі для нас добрую гульню. У яго заняло крыху часу, каб прывыкнуць гуляць у цэнтры лёду.

У гэтым я яго не вінавачу. Мы прасілі рабіць яго цяжкія рэчы ў гэты час года. Ягор добра спраўляецца. Цяпер ён знаходзіцца ў тым месцы, дзе пачуваецца камфортна на абедзвюх канцах лёду.

І мы заўважылі, як здольнасці ў атацы зноў вярнуліся да яго», – сказаў Хаска.

Увогуле, Шаранговіч стаў трэцім беларускім хакеістам, каму ўдалося набраць чатыры пункты ў адной сустрэчы НХЛ. Ажно тройчы гэта рабіў Міхаіл Грабоўскі (апошні раз 1 кастрычніка 2013-га за «Вашынгтон» у матчы супраць «Чыкага»). Раз гэта ўдалося Андрэю Касціцыну. У красавіку 2010-га ён аформіў 4 пункты за «Манрэаль» супраць «Вашынгтона» (5:6).

У сезоне ў Шаранговіча 62 гульні, 45 (25+20) балаў, карыснасць «-9» і 6 хвіліны штрафу. Да свайго рэкорду ў НХЛ па пунктах яму засталося ўсяго нічога. У «Нью-Джэрсі» ён выбіваў 46 (24+22) ачкоў за 76 гульняў.

«Калгары» з 67 пунктамі ў 62 матчах займае 9-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Да восьмага «Вегаса», які ідзе ў зоне плэй-оф, – 6 пунктаў і гульня ў запасе.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты