Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/На тыдні Шаранговіч і Протас сталі першымі зоркамі ў матчах НХЛ. Аднак шанцы іх клубаў патрапіць у плэй-оф зусім невысокія

На тыдні Шаранговіч і Протас сталі першымі зоркамі ў матчах НХЛ. Аднак шанцы іх клубаў патрапіць у плэй-оф зусім невысокія

Эх!

Аўтар — Pam-pam
4 сакавіка, 18:39
На тыдні Шаранговіч і Протас сталі першымі зоркамі ў матчах НХЛ. Аднак шанцы іх клубаў патрапіць у плэй-оф зусім невысокія

3 сакавіка ў Калгары на арэне «Скаўшабэнк Садлдоўм» прайшоў матч рэгулярнага чэмпіянату НХЛ паміж «Флэймз» і «Пітсбургам». Валявую перамогу 4:3 атрымалі гаспадары.

Галоўным героем сустрэчы стаў беларускі нападнік «Калгары» Ягор Шаранговіч, які аформіў дубль. Пераможную шайбу ён закінуў за 50 секунд да канца трэцяга перыяду пры роўным ліку.

Той кідок дапамог нападніку паўтарыць сваё найлепшае дасягненне па пераможных шайбах у адным сезоне – 4.

Шаранговіч лічыць, што ключом да поспеху ў апошніх матчах (а «Калгары» не прайграе ўжо ў пяці сустрэчах запар) з'яўляецца тое, што ўсе партнёры гуляюць адзін за аднаго.

«Мы не робім шмат памылак на сіняй лініі. Старанна гуляем як каманда. Адбіраем шайбу, перамагаем у адзінаборствах. Факусуемся на гульні. Калі працягнем у тым жа духу, зможам перамагаць часцей».

Яркія дзеянні форварда адзначыў галоўны трэнер каманды Раян Хаскі, які падкрэсліў, што Шаранговіч ужо адаптаваўся пасля абмену і цяпер пачуваецца каштоўным сябрам каманды.

«Мы адчуваем, што можам на яго спадзявацца, гэта дакладна. Цяпер ён пачынае пачувацца сябрам гэтай каманды і сябрам гэтай супольнасці, можна так сказаць», – адзначыў спецыяліст.

У матчы супраць «Пітсбурга» Шаранговіч правёў на лёдзе 17 хвілін 49 секунд (з іх 1:59 – у большасці, 2:16 – у меншасці), выканаў 4 кідкі ў створ, зрабіў 1 сілавы прыём, выйграў 4 ўкідванні з 10 і завяршыў матч з паказнікам карыснасці «+2». Форвард «Флэймз» быў прызнаны першай зоркай вечара.

Усяго ў гэтым сезоне НХЛ на рахунку Шаранговіча 23 шайбы і 18 асістаў у 60 матчах. Карыснасць – «-13» і ўсяго 4 хвіліны штрафу.

«Калгары» з 65 пунктамі ў 60 матчах займае 9-е месца ў Заходняй канферэнцыі і захоўвае шанцы на плэй-оф. «Нэшвіл», які ідзе 8-м, мае 72 пункты, правёўшы на дзве гульні болей.

Спартыўнае выданне The Athletic ацаніла верагоднасць таго, што «Калгары» патрапіць у плэй-оф, у 22 працэнты.

Іншы беларускі энхаэлавец Аляксей Протас таксама быў прызнаны першай зоркай на мінулым тыдні. 27 лютага ў хатнім матчы супраць «Атавы», які гаспадары выйгралі 6:3, форвард вызначыўся трыма пунктамі. На 7-й хвіліне адкрыў лік, а затым двойчы асіставаў партнёрам.

Шайба ў браму «Атавы» стала для Протаса 12-й у кар'еры. Па гэтым паказніку сярод беларусаў віцяблянін дагнаў Канстанціна Кальцова, з якім цяпер дзеліць 8-9-е месца. Акрамя таго гулец другі раз у кар'еры здолеў набраць 3 (1+2) пункты за матч (упершыню гэта адбылося 18 лістапада 2023 года ў матчы супраць «Каламбуса»).

Пасля сустрэчы галоўны трэнер «Вашынгтона» Спэнсер Карберы заявіў, што гэта быў найлепшы матч Протаса ў сезоне:

«У яго было тры ці чатыры моманты, калі ён выкарыстоўваў свае габарыты, сваё катанне, каб абараніць шайбу, згуляць пад ціскам. Гэта па-сапраўднаму ўнікальны навык, які яму трэба развіваць.

Я сапраўды ганаруся ім сёння: гол, дзве выдатныя перадачы. У цэлым, лічу, яго звяно было сёння найлепшым ад старту да фінішу».

Партнёр Протаса Бел Малестын таксама не шкадаваў добрых словаў:

«Неверагодна! Пры яго габарытах у яго ёсць навыкі абароны шайбы. Накрываць шайбу на такой хуткасці... Ён жа таксама вялікі хлопец.

У яго ёсць катанне, і ў цэлым гэта гулец, які вельмі ўражвае. Шчаслівы, што правёў з ім некалькі змен», – сказаў хакеіст.

Ужо ў наступным матчы супраць «Дэтройта» Протас атрымаў рэкордны айстайм у форме «Вашынгтона» – правёў на лёдзе 20 хвілін 17 секунд. Праўда, выніковымі дзеяннямі вызначыцца не змог, зрабіўшы толькі адзін блок. Матч, які «Вашынгтон» разгромна прайграў 3:8, Протас скончыў з паказнікам карыснасці «-1».

Усяго ў гэтым сезоне ў Протаса, які ў студзені прадліў кантракт з «Вашынгтонам» на пяць гадоў, 5 шайб і 21 асіст (найлепшыя паказнікі за сезон у кар'еры ў НХЛ) пры карыснасці «-3» і 6 хвілінах штрафу за 59 гульняў.

«Вашынгтон» з 65 пунктамі ў 60 матчах займае 10-е месца ва Усходняй канферэнцыі. Да «Філадэльфіі», якая ідзе 8-й, 6 пунктаў пры двух матчах у запасе. Пры гэтым, The Athletic ацэньвае верагоднасць траплення каманды Протаса ў плэй-оф нават ніжэй, чым у «Калгары», – усяго 18%.

Іншыя пасты блога

Усе пасты