Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Шаранговіч дагнаў Андрэя Касціцына па хет-трыках на радасць бацьку і імкнецца ў лідары па іншых паказчыках

Шаранговіч дагнаў Андрэя Касціцына па хет-трыках на радасць бацьку і імкнецца ў лідары па іншых паказчыках

Вельмі небяспечны ў меншасці.

Аўтар — KentYara98
12 студзеня, 16:52
Шаранговіч дагнаў Андрэя Касціцына па хет-трыках на радасць бацьку і імкнецца ў лідары па іншых паказчыках

У ноч з чацвера на пятніцу ў матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Калгары» Ягора Шаранговіча на выездзе сустракаўся з «Арызонай». «Агеньчыкі» атрымалі ўпэўненую перамогу 6:2, а беларускі форвард правёў шыкоўную гульню і вызначыўся хет-трыкам.

Першую сваю шайбу закінуў у меншасці, зрабіўшы лік 2:0 на сёмай хвіліне першага перыяда.

Гэтая шайба дазволіла беларусу вайсці ў групу лідараў сезона па пунктах, набраных у меншасці, – іх стала 6 (3+3). Цяпер форвард дзеліць першае месца ў лізе з Сімонам Хольмстрэмам з «Айлендэрс» (5+1) і аднаклубнікам Блэйкам Коўлманам (4+2).

Наступная шайба заляцела ў вароты суперніка на першай хвіліне трэцяга перыяду з перадач Ліндхальма і Юбердо.

На 47-й хвіліне гэтыя ж хакеісты выдалі ўзорную камбінацыю ў большасці, а завяршыў яе кідком у дотык Шаранговіч.

Для беларускага хакеiста гэта ўжо другі хет-трык у НХЛ. Першы здарыўся ў красавіку 2022 года яшчэ ў складзе «Нью-Джэрсі». Тады ад форварда «пацярпела» «Фларыда».

Па колькасці хет-трыкаў Шаранговіч дагнаў аднаго з суайчыннiкаў, які выступаў у НХЛ. 27 снежня 2008 года форвард «Манрэаля» Андрэй Касціцын закінуў тры шайбы ў вароты «Пітсбурга» і забяспечыў сваёй камандзе перамогу 3:2.

Праз паўтара гады Касціцын-старэйшы аформіў хет-трык ў плэй-оф лігі. 17 красавіка 2010 года зрабіў гэта ў матчы з «Вашынгтонам».

А хто яшчэ з беларускiх хакеiстаў мае хет-трыкі ў наймацнейшай лізе свету? Адзін – у Сяргея Касціцына, што быў аформлены ў джэрсі «Нэшвіла». 1 студзеня 2012-га ён тройчы даслаў шайбу ў вароты «Калгары».

1 кастрычніка 2013 года Міхаіл Грабоўскі, гуляючы за «Вашынгтон», першым сярод усіх гульцоў НХЛ зрабіў хет-трык у тым сезоне – праблемы ўзніклі ў «Чыкага».

Усяго за кар'еру Шаранговіч закінуў 70 шайб у 274 гульнях. Па галах у рэгулярных чэмпіянатах ён абышоў Сяргея Касціцына (67 у 353) і Уладзіміра Цыплакова (69 у 331). Лідаруе ж па гэтым паказчыку Міхаіл Грабоўскі (125 у 534). На другім месцы Андрэй Касціцын (103 у 398).

У матчы супраць «Арызоны» Шаранговіч правёў на лёдзе 18:23 (3:22 – у большасці, 40 секунд – у меншасці), шэсць разоў кінуў па варотах, зрабіў адзін сілавы прыём, заблакаваў адзін кідок, выйграў два ўкідванні з двух і быў прызнаны першай зоркай матчу.

Свой хет-трык хакеіст прысвяціў бацьку, які, паводле слоў форварда, глядзеў гульню дома ў Мінску.

Увогуле, пра бацькоў спартсмена – Аляксандра і Таццяну Шаранговічаў – вядома не так многа. У 2021-м яны зʼявіліся ў абʼектыве дзяржТБ, каб згадаць першыя крокі сына ў хакеі і распавесці, як у жыцці Ягора зʼявіўся 17-ы нумар.

«Нешта пачало атрымлівацца ў яго. А побач Палац спорту. Вырашылі, чым чорт не жартуе, аддаць яго ў хакейную секцыю. Першыя крагі купілі ў парку Горкага, больш нідзе не прадавалі. Я займаўся рамонтам гэтай ягонай амуніцыі. Гульняў жа не было ніякіх, але ў майцы нейкай трэба было трэнавацца. Чыста выпадкова нам прадалі маечку пад нумарам 17, з таго часу пайшоў гэты нумар», – успамінаў бацька.

Іншыя пасты блога

Усе пасты