Tribuna/Хоккей/Блоги/Хоккейная площадка/Гульцы алiгарха правакавалi эмацыйнага беларускага кiпера – той адказаў 42 сэйвамi i перамогай

Гульцы алiгарха правакавалi эмацыйнага беларускага кiпера – той адказаў 42 сэйвамi i перамогай

Хайлайт суайчыннiка на iншай браме – зламаная клюшка.

Автор — Pam-pam
2 марта, 05:47
Гульцы алiгарха правакавалi эмацыйнага беларускага кiпера – той адказаў 42 сэйвамi i перамогай

1 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу адбыўся матч першага раўнда Кубка Гагарына-2024 – пры нiбыта 23905 заўзятарах, хаця арэна з раптоўным павелiчэннем змяшчае 22500. Але мясцовы СКА пры такiм натоўпе саступіў «Тарпеда» з лікам 2:5. Гэта сенсацыя – таму што да таго госцi прайгралi 12 з 14 матчаў, апошнiя сем запар. Гаспадары пад кiраўнiцтвам адыёзнага алiгарха Рамана Ратэнберга лiчылiся адназначнымi фаварытамi, але саступiлi.

Вельмi вялiкi ўнёсак у перамогу зрабiў беларускi галкiпер Iван Кульбакоў. На яго рахунку 42 сэйвы – топ для хакейнага брамнiка па змоўчаннi, а ў плэй-оф асаблiва. Хаця гульцы СКА ўвесь матч намагалiся вывесцi Кульбакова з раўнавагi – штосьцi яму казалi i нават пхалi. Арцём Сяргееў асаблiва намагаўся ў канцы другога перыяда (адзнака 9:17).

Але Кульбакоў вытрымаў. А на другой браме значна менш працы было ў яшчэ аднаго беларускага кiпера – Паўла Майсевiча. Яго выпусцiлi пасля таго, як госцi павялi 2:0 на восьмай хвiлiне.

Прапусцiў ён толькi аднойчы (яшчэ дзве шайбы ўляцелi ў пустую браму). «Тарпеда» ўзорна рэалiзавала большасць – за 2,6 секунды.

У сярэдзіне трэцяга перыяду здарылася рэдкае – клюшка Майсевіча зламалася напалам ў момант паса.

Шэраг заўзятараў палiчыў, што Майсевiча павiнны былi выдаляць, таму што ён не адразу адкiнуў абломак клюшкi. Але штраф на дзве хвiлiны за гульню з абломкам тычыцца толькi палявых гульцоў – кiперам можна працягваць дзейнiчаць тым, што засталося ў руках. Абурэнне ў каментарыях яшчэ раз даказвае, што ў брамнiкаў клюшкi ў гульнявых момантах ламаюцца вельмi рэдка. Новую, дарэчы, Майсевiчу прывёз яшчэ адзiн беларускі гулец СКА Сцяпан Фалькоўскі – умее дастаўляць не толькi торты ў твар.

Пасля матча Ратэнберг, гульцы якога правакавалi Кульбакова, абвiнавацiў у правакацыях «Тарпеда» – перакуленая рэальнасць даўно звыклая для расiйскiх прарэжымных багацеяў. А галоўны трэнер «Тарпеда» Ігар Ларыёнаў дзяліўся, што доўга выбiраў брамнiка памiж двума, якiх лiчыць роўнымi, i хваляваўся за тое, што Кульбакоў можа сарвацца, назваўшы таго з iмем па бацьку.

«Было прынятае рашэнне на карысць Івана Іванавіча. Ён вельмі эмацыйны чалавек, мы за гэта перажываем. Звычайна брамнікі павінны быць больш спакойнымі. Калі эмоцыі дапамагаюць гуляць, мы толькі рады. Хлопцы падтрымалі той эмацыянальны настрой, які нам даў Іван Іванавіч», – сказаў Ларыёнаў.

Другая гульня гэтай серыі пройдзе 3 сакавіка зноў на «СКА Арэне».