Tribuna/Хакей/Блогі/Экстралігу чакае ўнікальны фінал: там згуляюць 6-я і 7-я каманды рэгуляркі. А «Брэст» увогуле эпічна вынес «Шахцёр»

Экстралігу чакае ўнікальны фінал: там згуляюць 6-я і 7-я каманды рэгуляркі. А «Брэст» увогуле эпічна вынес «Шахцёр»

Бывае так, што шайбу можна не закінуць, а яе залічаць.

5 красавіка, 05:21
Экстралігу чакае ўнікальны фінал: там згуляюць 6-я і 7-я каманды рэгуляркі. А «Брэст» увогуле эпічна вынес «Шахцёр»

Сенсацыя ў хакейнай экстралізе: «Брэст», які ў рэгулярцы заняў 7-е месца і ў плэй-оф прабіваўся праз плэй-ін, дзе прайшоў «Ліду» (2-0 у серыі), а ў 1/4 выбіў ўладальніка Кубка Салея «Віцебск» (4 -3), за шэсць матчаў разабраўся з пераможцам гладкага чэмпіянату «Шахцёрам».

У заключнай гульні серыі не надламала брастаўчан нават ранняя прапушчаная шайба – ужо на 46-й секундзе . Абаронца Дзяніс Рыгоркевіч кісцевым кідком вывеў «гарнякоў» наперад. Гэты гол застаўся адзіным у першым перыядзе:

У другой трэці закідвалі ўжо толькі брастаўчане. Прычым першая шайба здарылася нечакана: «гарнякі» спачатку мелі перавагу 5 на 3, але ўмудрыліся не толькі не забіць, але і прапусцілі ў фармаце 5 на 4. Вызначыўся Аляксей Селівонік. А праз пяць хвілін брастаўчане паказалі, як трэба рэалізоўваць большасць – дакладны кідок на рахунку Максім Мельнікава (адзнака 2:15):

На пачатку трэцяга перыяду «Шахцёру» ўдалося адгуляцца, калі Міхей Новік увайшоў у зону і прашыў брамніка. Аднак, апошняе слова засталося за брастаўчанамі: на 57-й хвіліне Віктар Боўбель з пятачка пераправіў шайбу ў вароты, а Сяргей Маляўка ў канцоўцы зняў усе пытанні аб пераможцы – у пустыя вароты форвард не змог кінуць, бо на ім фаліў супернік, але па правілах у такой сітуацыі залічваецца гол (адзнака 6:22):

Брэст выйграў матч і серыю з аднолькавым лікам 4:2 і аформіў гістарычны выхад у фінал – першы за ўсю гісторыю існавання каманды. Здарыўся ён пры 2494 чалавеках на трыбунах, што з'яўляецца рэкордам наведвальнасці. Проста ацаніце атмасферу на трыбунах:

Ну і, вядома, як мінімум срэбра «Брэст» сабе ўжо гарантаваў. Раней медалёў заходнікі не заваёўвалі.

У фінале брастаўчанам гуляць з пераможцам апошніх двух чэмпіянатаў «Металургам», які таксама пасля не самай выразнай рэгуляркі (занялі 6-е месца) у плэй-оф абгуляў «Юнацтва» і «Гомель» з аднолькавым лікам у серыях 4-1.

«Шахцёр» жа зноў задавальняецца толькі бронзай – чацвёртай запар і шостай за апошнія сем гадоў. Тры апошнія здарыліся пры цяперашнім галоўным трэнеры Яраславе Чупрысе. Падпісант за рэжым ужо як мінімум двойчы быў блізкі да адстаўкі: пасля леташняй няўдачы ў паўфінале (прайгралі «Юнацтву» 1-4 у серыі) і паразы ад «Віцебску» (1:2) у Кубку Салея-2023. Ці захавае ён свой пост зараз – вялікае пытанне.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты