Tribuna/Хакей/Блогі/Лукашысты ў Салігорску марнуюць процьму грошай на хакей, а вынік – зноў татальнае фіяска

Лукашысты ў Салігорску марнуюць процьму грошай на хакей, а вынік – зноў татальнае фіяска

Стаўка на расiян не спрацавала.

5 красавіка, 00:20
Лукашысты ў Салігорску марнуюць процьму грошай на хакей, а вынік – зноў татальнае фіяска

«Шахцёр» паўтарыў уласнае «дасягненне» гадавой даўнасці: вылет у паўфінале плэй-оф экстралігі пасля перамогі ў рэгулярным чэмпіянаце. Але леташні вылет «Шахцёра» здарыўся хаця б пасля супрацьстаяння з «Металургам», які завалiў тады «рэгулярку», але ўсё роўна лічыўся адным з фаварытаў. Цяпер жа салігарчане сенсацыйна вылецелi ад «Брэста».

Заходнi клуб рэгулярку правёў сяк-так. На старце атрымалі толькі дзве перамогі ў 12 матчах, у лістападзе памянялі галоўнага трэнера: беларускага спецыяліста Уладзіміра Світу змяніў расіянін Сяргей Пушкоў. Пасля гэтага зноў была няўдалая серыя – адна перамога ў 12 матчах. Але потым пайшло лепш, і ў выніку ў рэгулярцы «Брэст» заняў сёмае месца і выйшаў у плэй-ін, дзе за два матчы разабраўся з «Лідай». У чвэрцьфінале падапечных Пушкова чакаў «Віцебск» з другога месца «рэгуляркi» – «паўночнiкi» вялi ў серыi 3-2, але «Брэст» пасля гэтага выйграў два матчы i паднёс сенсацыю ў серыі.

«Шахцёр» жа досыць упэўнена выйграў рэгулярны чэмпіянат – атрымалі 44 перамогі ў 55 матчах, закінулі больш за ўсіх шайб (209, у бліжэйшага канкурэнта «Нёмана» – 181), разам з «Віцебскам» прапусцілі менш за ўсіх (105). У чвэрцьфінале не пакінулі шанцаў «Хіміку», выйграўшы 4-0. А цяпер знаходзяцца ў адной паразе ад вылету – пры 2-2 «Брэст» перамог у Салiгорску. А 4 красавiка выйграў i дома (4:2) ды выйшаў у фiнал. Па пратаколе на гэта глядзелi 2494 чалавекi пры ўмяшчальнасці арэны ў 2000 роўна.

Касцяк «Шахцёра» складаюць расіяне, якіх у саставе ажно 10 чалавек. Кожны з іх правёў не менш як 30 матчаў за салігарчан у гэтым сезоне, а з 9 палявых сем уваходзяць у камандны топ-10 па набраных ачках. Адзiн з iх, Міхаіл Шалагін, у гэтым сезоне перапiсаў рэкорд Беларусі па выніковасці ў рэгулярным чэмпіянаце, набраўшы 83 (47+36) ачкі. Аднак выйсцi ў фiнал плэй-оф не дапамаглi i яны.

Паражэнне ў паўфінале можа стаць фатальным для галоўнага трэнера «Шахцёра» Яраслава Чупрыса. Падпісант за рэжым i гулец каманды Лукашэнкi знаходзіцца на чале салігарчан са студзеня 2022-га – і вось ужо ў трэцім сезоне запар застаўся толькі з бронзай.

У красавіку мінулага года пасля вылету ў «Шахцёры» запісалi відэа з выбачэннямі перад заўзятарамі, якое было апублікавана ў клубным тэлеграм-канале. У каментарыі тады прыйшоў карыстач «Іван Галаваты», які раскрытыкаваў каманду і заявіў, што ў трэці раз на адны граблі ён не наступіць (чытаўся намёк на Чупрыса, які завяршыў на той момант другі сезон у камандзе), а таксама больш не плануе ўдзельнічаць у справах клуба. Тады «Трыбуна» паразмаўляла з людзьмі са структуры футбольнага і хакейнага «Шахцёра» – i яны верылi, што тое напiсаў не фэйк, а рэальны Iван Галаваты, рэжымны бос «Беларуськалія» i, па чутках, кум Вiктара Лукашэнкi.

Але ж у рэальнасцi Галаваты ад хакейных спраў не адышоў, ды i Чупрыс сваю пасаду ўсё ж захаваў, хаця быў блізкі да звальнення ўжо ў жніўні. Тады «Шахцёр» саступіў «Віцебску» ў фінале Кубка Салея (1:2) – i Галаваты амаль зняў з пасад усiх коўчаў.

«Атрымалі наганяй. Можна сказаць, што практычна былі звольненыя ўсім трэнерскім штабам. Але, мабыць, падумаўшы, Іван Іванавіч [Галаваты] прыйшоў да нас яшчэ раз, сустрэўся з камандай, з трэнерскім штабам – i даў нам яшчэ шанц, – расказаў неўзабаве Чупрыс.

Будзе вельмi дзiўна, калi пры такiм бэкграўндзе Галаваты захавае месцы за штабам «Шахцёра» пасля вылету ад «Брэста».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты