Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Удзельнік ганебнай інаўгурацыі Лукашэнкі выйграў рэгулярку экстралігі, але праваліўся ў плэй-оф – такога не здаралася 21 год

Удзельнік ганебнай інаўгурацыі Лукашэнкі выйграў рэгулярку экстралігі, але праваліўся ў плэй-оф – такога не здаралася 21 год

У Жлобіне весела адсвяткавалі факап Яраслава Чупрыса.

Аўтар — Tribuna.com
4 красавіка 2023, 16:08
2
Удзельнік ганебнай інаўгурацыі Лукашэнкі выйграў рэгулярку экстралігі, але праваліўся ў плэй-оф – такога не здаралася 21 год

«Шахцёр» Салігорск саступіў у паўфінальнай серыі жлобінскаму «Металургу» і ўвайшоў/уляпаўся ў гісторыю ЧБ: упершыню за 21 год пераможца рэгулярнага чэмпіянату экстралігі не здолеў выйсці ў фінал плэй-оф. Папярэдні раз падобнае здарылася з «Гомелем» у 2002-м, калі ён не даў рады «Хімвалакну». "Металург" жа стаў першым клубам у гісторыі лігі, які заскочыў у вырашальную серыю турніру з пятага месца "рэгуляркі".

"Гарнякі" пасля гэтай паразы ўмацаваліся ў статусе галоўных няўдачнікаў унутранага першынства апошніх гадоў: для клуба цяперашнія бронзавыя медалі (Салігорск гарантавана атрымае іх дзякуючы больш высокаму рэйтынгу, чым у іншага няўдачніка паўфіналу - у паралельнай серыі "Юнацтва" вядзе ў "Нёмана" 3:1) сталі пятымі за апошнія шэсць сезонаў, яшчэ адзін раз на гэтым адрэзку «Шахцёр» атрымаў срэбра, саступіўшы ў фінале-2019/2020 «Юнацтву» (1:4).

Дзве апошніх бронзы салігарчане ўзялі пад кіраўніцтвам Яраслава Чупрыса - коуч прыняў каманду ў пачатку 2022-га пасля адстаўкі Юрыя Файкова, якому да таго дапамагаў. Хадзілі размовы, што пасада можа дастацца Міхаілу Захараву (той якраз быў звольнены са зборнай), але ў клубе даверыліся гульцу каманды Лукашэнкі, падпісанту за рэжым, удзельніку таемнай «інаўгурацыі» і сябру экс-кіраўніка ФХБ і аднаму з удзельнікаў смяротнага нападу на мінчука Рамана Бандарэнку Дзмітрыя Баскава. Адсутнасць досведу самастойнай працы галоўным трэнерам нікога не збянтэжыла.

Чупрыс першы месяц працаваў з прыстаўкай "в.а.", але пасля васьмі матчаў быў зацверджаны на пасадзе. Не перашкодзіла нават тое, што за выпрабавальны тэрмін каманда перамагла ўсяго двойчы. З Чупрысам «Шахцёр» за адрэзак «рэгуляркі», што заставаўся, нікуды не пасунуўся з чацвёртага радка (за яго і звольнілі Файкова), а ў паўфінальнай серыі плэй-оф Салігорск саступіў усё таму ж «Металургу» - 3:4.

У гэтым жа годзе ўсё вырашылася куды хутчэй: жлобінцам для другога запар выхаду ў фінал хапіла пяці матчаў - "Шахцёр" забраў толькі першую гульню серыі. 41-гадовы Чупрыс наракаў на страту двух лідэраў у чвэрцьфінале з "Дынама-Маладзечнам" - абаронцы Дзмітрыя Знахаранкі і трэцяга бамбардзіра каманды расіяніна Паўла Мядзведзева (22+12 у 48 сустрэчах "рэгуляркі").

Таксама Чупрыс адзначыў, што «Металург» у параўнанні з рэгулярным чэмпіянатам (а там «Металург» таксама ўзяў больш матчаў - тры супраць двух), паўстаў зусім новай камандай: у шыхт вярнуўся ўкраінскі маўчун Аляксей Міхноў (прапусціў большую частку сезону праз траўмы), а з мінскага «Дынама» на дапамогу прыехалі абаронца Дзмітрый Корабаў, а таксама форварды Віталь Пінчук і Вадзім Мароз. На рахунку двух апошніх па пераможнай шайбе ў матчах серыі (адзнака 9:47).

"Шахцёр" таксама ўмацаваўся трыма гульцамі з "Дынама": пад'ехалі абаронца Ілля Сушко, а таксама форварды Мікіта Пышкайла і Арцём Дзямкоў. Апошні па выніку з трыма шайбамі (у тым ліку адзінай для «Шахцёра» у серыі пераможнай) стаў самым выніковым у сваёй камандзе (адзнака 7:36).

А вось самы зорны гулец "Металурга" Сяргей Касціцын за ўсю серыю супраць "Шахцёра" вызначыўся толькі адным асістам. Усяго ў яго ў сёлетнім плей-оф у 11 сустрэчах 5 рэзультатыўных балаў (1+4), у рэгулярным чэмпіянаце экс-гулец НХЛ набраў 27 ачкоў (8+19) у 42 сустрэчах.

Ва ўсіх пяці матчах серыі каманды, згодна з пратаколам, сабралі аншлагі: двойчы па 2150 гледачоў у Жлобіне і тройчы 1800 чалавек у Салігорску.

Пасля пятай перамогі прэс-служба "Металурга" паказала, як святкуе перамогу над салігарчанамі: праўда, выкарыстоўвалася для гэтага кастрычніцкае відэа пасля перамогі над тым жа супернікам у "рэгулярцы".

Іншыя пасты блога

Усе пасты