Усе навіны

Прадстаўнік БФСС Котаў: «Выкарыстоўваем Антываенную дэкларацыю, каб тлумачыць ва Украіне, што шмат беларускіх зорак спорту супраць вайны, што ўплывае на грамадскую думку ў Беларусі»

14 лістапада 2022, 12:08

Прадстаўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў расказаў, як арганізацыі ўдаецца супрацоўнічаць з украінскім бокам, нягледзячы на тое, што Беларусь лічаць краінай су-агрэсарам у вайне, якую з 24 лютага прадаўжае Расія ва Украіне з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.

– На фоне таго, як у палітыкаў дэмакратычных сілаў Беларусі не атрымліваецца наладзіць стасункі з Украінай, у вас, у спартсменаў, так добра атрымалася. Чаму? Як?

– Гэта была вельмі доўгая і мэтанакіраваная праца, якая пачалася амаль з 25 лютага. Мы пачалі шукаць нейкія ключыкі да нашых калегаў ва Украіне, таму што шмат чаго змянілася. Вельмі цяжка прыязджаць ва Украіну, вельмі цяжка размаўляць з украінскім палітычным і спартовым істэблішментам. [Цяжка] тлумачыць, што насамрэч беларусы не падтрымліваюць гэтую агрэсію, калі адначасова, ў той час, як ты размаўляеш, ляцяць нейкія ракеты, самалёты ці бомбы падаюць на ўкраінскія гарады, якія прыляцелі, на жаль, з тэрыторыі Беларусі.

У нас выхад на такі ўзровень заняў паўгады вельмі руплівай, вельмі мэтанакіраванай і вельмі спакойнай працы без эмоцыяў. Мы разумеем, што да беларускіх грамадзян стаўленне змянілася вельмі сур’ёзна. На жаль, гэта тая самая калентыўная адказнасць, якую вельмі лёгка прымяняць і вельмі лёгка паддавацца эмоцыям.

Таму мы з разуменнем да пазіцыі ўкраінскага боку паступова будавалі свій шлях да таго, каб выйсці на сур’ёзны кантакты ў Кіеўскай мясцовай Радзе і ў Вярхоўнай Радзе Украіны для таго, каб стаўся магчымым сумесны візіт у ЗША, які таксама падкрэсліваў, што Україна разумее, што беларусы ёсць розныя і з беларусамі трэба размаўляць.

На жаль, беларусы сталіся закладнікамі той сітуацыі, што мы не перамаглі пасле 2020 года, і гэта стала адной з перадумоў таго, што ўвогуле стала магчыма другая атака на Украіну, таго, што яна закранула тэрыторыю Беларусі. І зараз тых, хто не змог перамагчы ў 2020 годзе, лічаць па дэфолту грамадзянамі краіны су-агрэсара супраць Украіны. І вельмі цяжка тлумачыць, што гэта не так, што мы на самай справе супраць, што мы разумеем цяжкасць усёй сваёй сітуацыі, але робім вельмі слушную справу для Украіны.

Напрыклад наша арганізацыя з першых дзён задэкларавала і на справе даказвае, што мы дапамагаем не толькі беларускім, але і ўкраінскім спартсменам, якія аказаліся ў вельмі цяжкай сітуацыі. Таксама мы выкарыстоўваем Антываенную дэкларацыю, каб людзям і палітыкам ва Украіне тлумачыць, што шмат беларускіх сілебрытыз са спорту выказаліся супраць вайны ва Украіне, і гэта вельмі сур’ёзна ўплывае на грамадскую думку ў Беларусі.

Напярэдадні візіту ў ЗША беларускія спартоўцы запісалі зварот да беларускіх вайскоўцаў, і большая колькасць праглядаў і большая колькасць пазітыўных водгукаў як раз прыходзяць з Украіны. Важна, што яны бачаць, што беларускае грамадства, не толькі палітыкі, але і вялікая колькасць славутых беларусаў супраць таго, што адбываецца ва Украіне, яна заахвочвае да таго, каб Украіне дапамагаць.

Шчыра кажучы, гэта вельмі цяжка зрабіць у адзін дзень. Мы ішлі да гэтага паўгады і гэта яшчэ, спадзяемся, не вяршыня нашай працы, а таксама можа стаць прыкладам для таго, каб не крыўдзіцца на ўкраінцаў нават у тых выпадках, калі вельмі хочыцца выказацца і пакрыўдзіцца, калі трэба проста не тое што змаўчаць, але без эмоцыяў патлумачыць, чаму большасць беларусаў супраць вайны ва Украіне, і што беларусы насамрэч робяць, мабыць, невялікі ўнёсак, з пункту гледжання Украіны, у яе перамогу, але вельмі сур’ёзны ўнёсак, з пункту гледжання беларусаў.

Магчымасці беларуска дыяспары, якая сама знаходзіцца ў іміграцыіі і ЗША не параўнальныя, але беларусы робяць шмат, і гэта трэба паказваць, гэта трэба тлумачыць, гэта трэба вельмі спакойна без эмоцыяў і абразаў адно аднаму, хто і калі там не дапамог. Такое трэба адкінуць проста ў бок.

Спакойна рабіць сваё, прыязджаць ва Украіну, ладзіць нейкія дабрачынныя акцыі, дапамагаць беларускім валантэрам, ЗСУ, Украіне так, як беларусы могуць і чым могуць. І вось гэта той самы ключык, каб паціху налажваць стасункі з Украінай, якія таксама спатрэбяцца ў будучым, – сказаў Котаў.

⚽️Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com