Усе навіны

Дэпутат РФ Журава пра план МАК правяраць спартсменаў на падтрымку вайны ва Украіне: «Рабят проста вымушаюць адмаўляцца ад Расіі»

25 студзеня 2023, 22:41

Дэпутат Дзярждумы Расіі, экс-канькабежка Святлана Журава пракаментавала заяву Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), з якой вынікае, што МАК дапускае магчымасць выступу на міжнародных спаборніцтвах беларускіх і расейскіх спартсменаў, толькі калі тыя не былі заўважаныя ў «актыўнай падтрымцы» вайны ва Украіне, а для высвятлення гэтага плануе прызначаць спецыяльныя праверкі.

«Вельмі дзіўная сітуацыя атрымліваецца, бо былі ўжо нейкія дзеючыя спартоўцы, якія так ці інакш бралі ўдзел (відавочна, маецца на ўвазе ўдзел у мерапрыемствах у падтрымку дзеянняў рэжыму Пуціна і расійскай акупацыйнай арміі – заўв. Tribuna.com). Усіх жа запрасіць на такія мерапрыемствы немагчыма, таму, атрымліваецца, тыя рабяты, якія апынуліся там, па меркаванні МАК дапушчаныя не будуць. А якія не апынуліся там, яны паедуць. Спецыяльна робіцца раскол, каб нават усярэдзіне каманд у спартсменаў было не разуменне.

Рабят проста вымушаюць адмаўляцца ад краіны [Расii] такім чынам. Не ведаю, яны пісьмовую заяву будуць з іх патрабаваць? Я даўно думала, што так зробяць. Калі прысягнеш нам, скажаш, што трэба, то будзеш выступаць, у іншым выпадку не будзеш на міжнародных спаборніцтвах. Дзіўна, што яны толькі зараз гэта прапанавалі. Але, можа быць, такіх спартсменаў у нас не будзе. Я веру ў нашых рабят», – сказала Журава.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.