Усе навіны

МАК распрацоўвае спецыяльную сістэму квот на Алімпіяду для расіян і беларусаў

29 студзеня 2023, 14:35

Выконваючы абавязкі прэзідэнта Алімпійскага савета Азіі (OCA) Рандхір Сінгх расказаў, што МАК распрацоўвае спецыяльную сістэму квот, якая адкрые шлях спартсменам з Расіі і Беларусі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў наступным годзе праз адбор у Азіі.

«Яны не будуць умешвацца ў нашую медальную сістэму або азіяцкую квоту на Алімпійскія гульні. МАК распрацуе палітыку алімпійскіх квот разам з АСА і міжнароднымі федэрацыямі. І будуць уручацца асобныя медалі.

Час для атрымання алімпійскіх квот заканчваецца. Паколькі адхіленне працягваецца, мы запрасілі расійскіх і беларускіх спартсменаў для ўдзелу ў нашых спаборніцтвах і Азіяцкіх гульнях.

Мы распрацоўваем філасофію, па якой яны змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах, дзе мы можам устанавіць колькасныя паказчыкі. Не ў адзінаборствах, напрыклад, не ў барацьбе. Калі нашага байца з Азіі накаўтуюць у першым раўндзе, мы прайграем у кваліфікацыі.

Але калі будзе сістэма ачкоў, як у лёгкай атлетыцы, стральбе... У гэтых відах спорту яны змогуць спаборнічаць. Гэта ўсё рашаецца.

Ідэя складаецца ў тым, каб даць магчымасць спартсменам паўдзельнічаць і не прапусціць Алімпійскія гульні ў Парыжы. Спорт – не месца для палітыкі. Спорт – для спартсменаў, ён за любоў, сяброўства і братэрства. Спартыўныя людзі – адна сям’я. Зыходзячы з гэтага, мы іх падтрымліваем», – сказаў Сінгх.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць выступлення на міжнародных спаборніцтвах беларускіх і расійскіх спартсменаў, калі тыя не былі заўважаны ў «актыўнай падтрымцы» вайны ва Украіне.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.