Усе навіны

Кіраўнік НАК Польшчы: «Пакуль не скончыцца варварская вайна ва Украіне, ніводзін спартсмен з РФ і Беларусі не павінен удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах»

31 студзеня 2023, 10:08

Кіраўнік Польскага алімпійскага камітэта Анджэй Красніцкі пракаментаваў магчымае вяртанне спартсменаў з Расіі і Беларусі ў міжнародныя спаборніцтвы.

«Пакуль не скончыцца гэтая варварская вайна ва Украіне, ніводзін расійскі і беларускі спартсмен не павінен удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, уключаючы Алімпійскія гульні», – лічыць Красніцкі.

Раней стала вядома, што на Генасамблеі НАК Украіны 3 лютага будзе абмяркоўвацца магчымы байкот Алімпіяды-2024 у выпадку дазволу расійскім і беларусам вярнуцца да спаборніцтваў.

Міністр спорту Польшчы Каміль Бартнічук заявіў, што яго і іншыя краіны могуць вылучыць МАК ультыматум у выпадку дапушчэння расіян і беларусаў да Алімпіяды-2024.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.