Усе навіны

Прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расіі Пазднякоў: «Расіяне павінны ўдзельнічаць у спаборніцтвах на тых жа ўмовах, што і спартсмены з іншых краін»

1 лютага 2023, 11:57

Прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расіі (АКР) Станіслаў Пазднякоў выступіў супраць якіх-небудзь абмежаванняў для расійскіх спартсменаў пры допуску да міжнародных спаборніцтваў.

«Расейцы павінныя ўдзельнічаць на тых жа ўмовах, што і спартоўцы з іншых краін. Мы не вітаем дадатковых умоваў і крытэраў, якія асабліва ўтрымліваюць нейкі палітычны складнік, абсалютна непрымальны для алімпійскага руху.

Усе, хто зараз заклікае нас байкатаваць Алімпіяду, незалежна ад матываў, павінны ясна ўсведамляць, што такі дэмарш з'яўляецца прамым шляхам ізаляваць увесь айчынны спорт як мінімум на два алімпійскія цыклы.

Гэта значыць флага, гімна, нашых спартсменаў не будзе на большасці канкурэнтных міжнародных спаборніцтваў восем гадоў. Гэта менавіта тое, да чаго імкнуцца нашыя апаненты. У той жа час, гісторыя не ведае выпадкаў, калі б байкот станоўча паўплываў на развіццё спорту ў адной краіне.

Цяпер міжнародныя спартыўныя федэрацыі кансультуюцца з МАК, на аснове гэтага будуць распрацаваны ўмовы і падыходы, апублікаваныя МАК пазней. На гэты момант палітычны складнік непрымальны для міжнароднага алімпійскага руху.

МАК працягвае кансультацыі з міжнароднымі федэрацыямі па алімпійскай кваліфікацыі. Кожны від спорту мае ўнікальную сітуацыю, таму знайсці ўніверсальны падыход дастаткова складана. МАК выдзеліў на гэта мінімум месяц», – сказаў Пазднякоў.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.