Усе навіны

Дзмітрый Навоша: «МАК будзе яшчэ атрымліваць за сваю спробу перагледзець стаўленне да расійскага і беларускага спорту»

13 лютага 2023, 10:29

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша пракаментаваў дыскусію пра магчымасць допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

– Наколькі я разумею, у апошні раз МАК праз вайну і наогул па палітычных прычынах адхіляў краіны ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях у 1948 годзе. Тады гэта былі Нямеччына і Японія. Можа быць таму МАКу здаецца зараз дзіўным праз 75 гадоў адхіляць ад Алімпійскіх гульняў Расію і Беларусь. Як вам падаецца?

– Па-першае, мне гэта не здаецца дзіўным. Вайна, якая зараз вядзецца супраць Украіны, і тыя метады вядзення вайны, якія мы бачым, то бок гэта вайна не толькі супраць войска, вайна з грамадзянскім насельніцтвам, спроба зрабіць немагчымай жыццё ў цэлай краіне, гэта ўвогуле носіць генацыдальны характар. Такіх войнаў Еўропа не бачыла даўно, мабыць з тых самых часоў Другой Сусветнай вайны.

Па-другое, я памятаю, што быў яшчэ адносна нядаўні прыклад. Гэта зборная Югаславіі на Алімпіядзе-1992 у Барселоне, а таксама на футбольных турнірах таго ж часу. Напрыклад, Югаславія прапусціла чэмпіянат Еўропы. Там увогуле тады была такая прыгожая гісторыя, калі зборную Даніі нечакана была выклікана на турнір замест зборнай Югаславіі і выйграла гэты турнір. Ёсць цалкам слушныя падставы, прапісаныя ў дакументах спартыўных федэрацый, Міжнароднага алімпійскага камітэта, якія дазваляюць не змяняць, дзейнае цяпер рашэнне аб выключэнні расійскіх і беларускіх спартсменаў. Прынамсі з боку МАК і гэтае ж рашэнне дзейнічае ў большасці спартыўных федэрацый.

І невыпадкова мы бачым такую моцную апазіцыю гэтай ініцыятыве Міжнароднага Алімпійскага камітэта не толькі з боку Украіны і з боку Зяленскага, нейкіх афіцыйных асоб Украіны, але таксама дзясяткаў прадстаўнікоў розных краін, розных спартыўных федэрацый. Літаральна два дні таму выйшаў ліст пяці скандынаўскіх Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў: Нарвегіі, Швецыі і гэтак далей, дзе яны наўпрост асуджаюць гэтую ініцыятыву. Не кажучы ўжо пра больш раннюю рэакцыю НАКаў Літвы, Польшчы, Латвіі, Вялікабрытаніі, прадстаўнікоў спорту іншых краін, Чэхіі, напрыклад.

Дамінік Гашэк, вялікі чэшскі хакеіст, з'яўляецца вельмі вялікім адвакатам, што пакуль ідзе вайна, расійскіх і беларускіх спартсменаў не павінна быць на вось гэтых спаборніцтвах. То бок апазіцыя будзе вялікай. І МАК будзе яшчэ атрымліваць за сваю спробу перагледзець стаўленне да расійскага і беларускага спорту, – сказаў Навоша.