Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Паўнавартаснага вяртання да міжнародных стартаў усё роўна не будзе. Нейкія федэрацыі ўсё роўна не будуць дапускаць атлетаў да спаборніцтваў»

24 сакавіка 2023, 13:17

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін пракаментаваў для «Трыбуны» магчымы допуск беларускіх атлетаў на міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку і на Алімпійскія гульні ў Парыжы ў 2024 годзе.

– Томас Бах ад імя МАК выступіў у падтрымку допуску беларускіх і расійскіх спартоўцаў да спаборніцтваў пад нейтральным сцягам. Так што, паводле маёй інфармацыі, на наступным тыдні будзе яшчэ раз пазначана вось гэтае рашэнне. Паўтаруся, МАК будзе рэкамендаваць дапускаць атлетаў, і, упэўнены, многія федэрацыі гэтыя рэкамендацыі выканаюць.

– Чаканае рашэнне МАК – лепшы варыянт для спартсменаў, якія прадстаўляюць рэжымы Лукашэнкі і Пуціна?

– Трэба разумець, што так ці інакш сітуацыя не будзе адназначнай. Калі МАК зноў акрэсліць сваю пазіцыю і пакіне ў сіле рэкамендацыі, нейкія федэрацыі ўсё роўна не будуць дапускаць атлетаў да спаборніцтваў. Недзе будуць праблемы з выступамі на кваліфікацыйных спаборніцтвах. Гэта значыць, паўнавартаснага вяртання да міжнародных стартаў у атлетаў усё роўна не будзе. Чыста са спартовага пункта гледжання жыццё атлетаў не моцна палягчаецца.

– Ці можа цяперашняя сітуацыя прывесці да таго, што яшчэ да Алімпіяды ўсё вернецца да даваеннага стану рэчаў, і тыя ж атлеты з Беларусі і Расіі будуць дапушчаныя да спаборніцтваў ужо не ў нейтральным статусе, а пад дзяржаўнымі сцягамі?

– Не, думаю, гэта выключана. Аж да Гульняў максімум, на які могуць разлічваць атлеты, - выступленне пад нейтральным флагам. Па сутнасці, атлеты будуць прадстаўляць не краіны, а самі сябе.

Пры гэтым я б не сказаў, што рашэнне МАК можна назваць канчатковым і беззваротным. Многае будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне, у Беларусі. І МАК на любым выканкаме можа прыняць зусім іншае, нават больш жорсткае, рашэнне. Да Алімпіяды яшчэ паўтара гады, усё можа памяняцца. Можа, усіх накрые новая пандэмія, і Гульняў увогуле не будзе.

– Па сутнасці, МАК рэкамендуе, а не загадвае, і канчатковае рашэнне аб допуску атлетаў – а федэрацыі ўжо самі вырашаюць, як быць?

– Так. Свае рашэнні будуць прымаць міжнародныя федэрацыі. Ёсць сярод іх такія, хто захоўвае радыкальнае стаўленне да беларусаў і расіян. Напрыклад, Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі лёгкай атлетыкі. І яны, думаю, будуць да канца выступаць за адхіленне атлетаў з краін-агрэсараў (23 сакавіка Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый пакінула ў сіле адхіленне расіян і беларусаў – Tribuna.com). Плюс міністэрствы спорту краін Балтыі, Польшчы, Вялікабрытаніі [выступаюць супраць вяртання расіян і беларусаў]. Што можа быць у выніку? На ўзроўні краін спартоўцам з Беларусі і Расіі проста не будуць даваць візы, не будуць пускаць на сваю тэрыторыю. Напрыклад, у Бельгіі будзе праходзіць чэмпіянат Еўропы па нейкім відзе спорту. Ён будзе кваліфікацыйным да Алімпійскіх гульняў. І ўрад Бельгіі скажа, што вырашыў у мэтах бяспекі не ўпускаць на тэрыторыю краіны грамадзян Беларусі і Расіі. Анулююць візу ці не дадуць. І як бы рэкамендацыі МАК прыняты, але ёсць і нацыянальныя інтарэсы, якія найгалоўнейшыя. У выніку спартсмены прапусцяць спаборніцтвы – МАК нічога не зробіць у такім выпадку, – сказаў Апейкін.