Усе навіны

Котаў пра рэкамендацыю вярнуць расійскіх і беларускіх спартсменаў: «Гэта тактыка «ні вайны, ні міру». Крытэрыі, прапанаваныя МАК недастаткова адназначныя»

29 сакавіка 2023, 18:43

Былы генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў пракаментаваў рэкамендацыю МАК міжнародным спартыўным федэрацыям вярнуць расійскіх і беларускіх спартсменаў.

«Я б параўнаў гэтае рашэнне з заключэннем так званага «Брэсцкага міру», калі за аснову была ўзятая тактыка «ні вайны, ні міру». Крытэрыі, прапанаваныя МАК, на маю думку, недастаткова адназначныя.

Ну, напрыклад, па якіх параметрах будуць вызначаць стаўленне да вайны? Дапусцім, фота з Пуціным ці Лукашэнкам пасля 24 лютага 2022 года з усмешкай – гэта падтрымка ці не? А маўчанне ў адказ на канкрэтнае пытанне «вы супраць вайны»? А адказ тыпу «я за мір ва ўсім свеце»? Як тлумачыць такія ўхілістыя пазіцыі?

Не ўсё да канца зразумела і з каманднымі відамі спорту. Ёсць яснасць толькі па гандболе, баскетболе, хакеі, футболе і інш.

А вось біятлон, у якім выступаюць і камандай, і ў індывідуальных дысцыплінах? Тое ж самае тычыцца веславання на байдарках і каноэ, мастацкай гімнастыкі і шэрагу іншых дысцыплін. Тут, мне здаецца, патрэбны дадатковыя тлумачэнні», – сказаў Котаў.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.