Усе навіны

Дзмітрый Навоша: «Як бы жудасна не выглядала сітуацыя, гэта можа ўзарвацца вельмі хутка, палыхнуць зноў бел-чырвона-белымі сцягамі»

24 траўня, 15:47
1

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша падзяліўся меркаваннем пра палітычную сітуацыю ў Беларусі.

– 20-ы год для мяне быў, не буду крывіць душой, перыядам велізарнай колькасці адкрыццяў у станоўчым сэнсе слова. Што так шмат людзей гатовы браць на сябе рызыкі дзеля спробы, усё ж выскачыць з гэтай дыктатарскай таталітарнай каляіны, змяніць траекторыю.

І так, такая вялізная колькасць спартсменаў, якія настолькі яскрава, магутна і змястоўна выказаліся. І што вельмі важна, працягваюць выказвацца да гэтага часу, для мяне гэта было вельмі пазітыўнай гісторыяй. Не тое, каб я мала чакаў ад людзей. Але мы звыклі лічыць, што ўсё ў Беларусі закатана пад асфальт, што ўся гэтая барацьба з людзьмі, з уласнай думкай, з пазіцыяй, з жаданнем вярнуць у краіну нейкія базавыя чалавечыя правы, хаця б у выглядзе выбараў, знішчыла ўсё жывое. Не, не ўсё жывое. І гэта тое, што дае нам надзею на тое, што гэта скончыцца. Гэта значыць, мы разумеем цяпер, што як бы жудасна не выглядала сітуацыя звонку, гэта можа выбухнуць вельмі хутка, гэта можа палыхнуць зноў бел-чырвона-белымі сцягамі, рэальным народным рухам па ўсёй краіне хутка і, спадзяюся, ужо фатальна для гэтага рэжыму.

– Вы сапраўды пасля гэтых гадоў татальнай зачысткі верыце ў тое, што магчымы новы ўздым?

– Вядома, вядома. Небяспечна мець ілюзіі, вельмі небяспечна думаць, што вось-вось, праз тры месяцы, можа праз год гэта ўсё абрынецца. Гэта можа не абрынуцца. І ёсць вялікае дрэва сцэнарыяў, усярэдзіне якога працягвае адбывацца толькі ўсё горшае, як яно адбывалася раней. І так ці інакш адбываецца далейшая дэградацыя, мы апынуліся за рымскім валам, мы апынуліся за плотам, плот ужо фізічна пабудаваны, гэта ўжо нават не метафар. Мы адлучаны ад Еўропы. Сцэнар еўрапейскай паўночнай Карэі, ён вельмі рэалістычны.

Але мы не павінны забывацца на тыя сцэнары, якія дапускаюць пры змене балансу сіл, пры змене хваткі дыктатуры, і расійскай і беларускай, што акно магчымасцяў і можа адчыніцца.

Беларуская дыктатура, гэта зараз не толькі нашая праблема, гэта цяпер агульная еўрапейская праблема, гэта праблема Украіны, праблема НАТА, праблема ўсёй Заходняй Еўропы, Літвы і Польшчы, у тым ліку, якім беларуская прапаганда ўвесь час пагражае нейкімі там абстрэламі, а цяпер яшчэ ядзернымі ўдарамі.

Паўтара гады вялікай вайны Расіі супраць Украіны паказваюць нам, што дыктатуры не ўсемагутныя, яны проста вельмі рэдка атрымлівалі па зубах, а як толькі яны атрымліваюць па зубах, іх планы пачынаюць разбурацца. І сцэнар, пры якім беларуская дыктатура пачне атрымліваць па зубах таксама існуе, – сказаў Навоша.